Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦІ НА КАРЫСЬЦЬ БЕЛАРУСІ ПРЫВАТЫЗАЦЫЯ З УДЗЕЛАМ РАСЕЙСКАГА КАПІТАЛУ?


Міхал Стэльмак, Менск

Распачаты працэс акцыяваньня буйных прадпрыемстваў Беларусі справакаваў у працоўных калектывах ажыўленыя дыскусіі наконт мэтазгоднасьці такой кампаніі:

(Аляксандар: ) "Мяне завуць Аляксандар".

(Карэспандэнт: ) "Калі будуць праводзіць прыватызацыю вашага заводу, вы будзеце за ці супраць?”

(Аляксандар: ) "Супраць. Ніякіх прыватызацыяў не павінна быць”.

(Карэспандэнт: ) "А чаму?"

(Аляксандар: ) "Яны і так нахапаліся ўжо. Колькі ўжо можна хапаць?!"

(Леанід: ) "Мяне завуць Леанід. Я асабіста супраць".

(Карэспандэнт: ) "Вы рабочы?"

(Леанід: ) "Рабочы. Працую на трактарным заводзе".

(Карэспандэнт: ) "Патлумачце сваю пазыцыю: чаму вы супраць?"

(Леанід: ) "Калі ласка. Мы — беларусы, і ў нас усё мусіць быць беларускім. Нам Расея не патрэбная. Навошта яна нам?”

(Кузьняцоў: ) "Я — Кузьняцоў Анатоль Мікалаевіч. Я хацеў бы нармалёвага гаспадара на заводзе. Бачыце, завод стаіць, нават ляжыць. Чаму ён стаіць? Няма грошай. Нармалёвы гаспадар паклапоціцца пра інвэстыцыі. Чаму мы баімся, я не разумею. Свайго ж нічога няма. Дык вось калі нармалёвы гаспадар прыйдзе з Расеі аб'ядноўвацца — я за. А вось калі будзе такая ж "прыхватызацыя" як у Расеі — захапілі там энэргію, газ, лес — то, вядома, кожны супраць".

Беларускія ўлады, паводле словаў Аляксандра Лукашэнкі, спадзяюцца, што абвешчаная кампанія акцыяваньня ўжо сёлета прынясе ў бюджэт краіны мільярд даляраў інвэстыцыяў. Наколькі абгрунтаваныя гэткія спадзяваньні? Меркаваньне намесьніка старшыні грамадзкага аб'яднаньня "Альтэрнатыва-ХХІ" Сяргея Балыкіна:

(Балыкін: ) "У Беларусь прыстойны капітал сёньня ня пойдзе. Сюды пойдзе толькі рызыкоўны капітал. Магчыма, крымінальны. Перш за ўсё расейскі. Бо расейцы ведаюць, як рабіць бізнэс у Расеі, і ў Беларусі. Бо тут няма нармалёвай рынкавай эканомікі”.

Бабруйская "Белшына" — адно з прадпрыемстваў беларускай нафтахіміі, якое на гэтым тыдні Аляксандар Лукашэнка якраз і прапаноўваў расейскім інвэстарам. Лідэрка незалежнага прафсаюзу "Белшыны" падзялілася вось якімі ўражаннямі пра мэханізм акцыяваньня гэтага прадпрыемства:

(Захожая: ) "Людзі ніякага сьвядомага рашэньня прыняць ня могуць. Бо яны не разумеюць, што такое акцыяваньне і якая роля адводзіцца працоўнаму калектыву ў гэтых працэсах. Людзі нічога гэтага не разумеюць, ня ведаюць, людзі разгубленыя. Але пры адкрытым галасаваньні людзі і ня вельмі асьмельваюцца сваю думку выказаць. Калі генэральны дырэктар асабіста падлічвае паднятыя рукі, ня кожны мае сьмеласць падняць гэтую руку супраць".

Арыентацыя беларускіх уладаў на прыцягненьне ў краіну найперш расейскіх інвэстыцыяў справакавала ў грамадзтве актыўную палеміку. Вось што мяркуе на гэты конт былы старшыня Фэдэрацыі прафсаюзаў і экс-кандыдат у прэзыдэнты ад грамадзянскай кааліцыі Уладзімер Ганчарык:

(Ганчарык: ) "Традыцыйны рынак у нас — расейскі. Дык вось расейскі капітал ужо стаў на ногі. Ён ужо моцны. У яго адна мэта — атрымаць найбольшую для сябе выгаду І вось нам трэба раўняцца на гэта. Будзе канкурэнцыя. Трэба выпускаць прадукцыю, трэба прадаваць прадукцыю, гандляваць ёю. Таму, калі там ёсьць добрыя капіталы, выдатныя сучасныя тэхналёгіі, то з гэтым трэба лічыцца. Гэта нам трэба, каб не застацца ў тым заняпадзе, скажам у прамысловасьці, дзе мы зараз знаходзімся”.

Прэзыдэнт Асацыяцыі садзеяньня эканамічнаму разьвіцьцю Васіль Шлындзікаў лічыць, што гэтае пытаньне павінна вырашацца вельмі ўважліва:

(Шлындзікаў: ) "Некаторыя вытворчасьці, магчыма, і трэба перадаць алігархам. Там, дзе трэба мадэрнізаваць прадпрыемства. Дзе мэнэджмэнт прадпрыемства не асіліць гэтыя задачы. Усё гэта мусіць аналізавацца ў інтарэсах народу. Тады і ня будзе супярэчнасьцяў паміж нацыянальным капіталам, які будзе нараджацца, і замежным капіталам. Беларуская дзяржава мусіць паклапаціцца, каб атрымалі ў рукі ўласнасьць тыя людзі, якія могуць ёй кіраваць".

Між іншым, досьвед з прыцягненьнем расейскіх інвэстыцыяў мае Польшча. Вось што распавёў пра гэты досьвед прэзыдэнт кансалтынгавай фірмы "Case -Advisors " Анджэй Цыльвік:

(Цыльвік: ) "Прынцыпы інвэставаньня заходнімі і расейскімі інвэстарамі аднолькавыя. Расейскія інвэстыцыі ёсьць у Польшчы. Адно з найбуйнешых капіталаўкладаньняў — будаўніцтва газаправоду праз Польшчу ў бок Нямеччыны. Праект дасягае мільёну даляраў. Расейскія фірмы на тэрыторыі Польшчы ўкладаюць грошы там, дзе атрымлівае разьвіцьцё іх уласная прамысловасьць".

Такім чынам, чые інвэстыцыі,расейскія ці заходнія, больш карысныя для Беларусі — пытаньне, якое застаецца адкрытым. А як лічаць міжнародныя арганізацыі? Вось якім меркаваньнем падзяліўся кіраўнік прадстаўніцтва Міжнароднай фінансавай карпарацыі ў Беларусі Карл Дагенгарт:

(Дагенгарт) "Я думаю, што патрэбныя і тыя, і тыя. Але ў заходніх інвэстыцыяў ёсьць адна вельмі сур'ёзная перавага. Найперш, тыя заходнія інвэстары, што прыходзяць у Беларусь, яны прывозяць з сабою больш высокія тэхналёгіі, іншыя веды і досьвед у сфэры мэнэджмэнту. Я б сказаў, больш сучасныя. Таму што ў Расеі не было часу, каб авалодаць сучаснымі асновамі фінансавай палітыкі, маркетынгам. Але самае галоўнае, інвэстар з Захаду ня толькі прывозіць капітал, ня толькі веды ў мэнэджмэнце, але ён адчыняе для вырабленых у Беларусі тавараў рынкі на Захадзе".
XS
SM
MD
LG