Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАЧЫНАЕЦЦА ВІЗЫТ НА БЛІЗКІ ЎСХОД ДЗЯРЖСАКРАТАРА ЗША КОЛІНА ПАЎЭЛА


Юры Дракахруст, Прага

Паводле зьвестак ізраільскага камандаваньня, падчас ваеннай апэрацыі, якая пачалася 29 сакавіка, было арыштавана больш як 4000 палестынцаў, у тым ліку 120 асобаў, якія наўпрост датычныя да тэрору. Ізраіль сьцьвярджае, што амаль цалкам усталяваў кантроль у буйных палестынскіх гарадох Джэнін, Наблус і Рамала.

Аднак інфармацыйныя агенцтвы перадаюць, што ў Наблусе працягваюцца жорсткія баі. За два тыдні баёў пад Джэнінам загінулі 23 ізраільскія жаўнеры і ня менш як 100 палестынцаў. Учора падчас візыту да войскаў, што дысьлякаваныя каля Джэніну, прэм’ер-міністар Ізраілю Арыель Шарон заявіў:

(Шарон: ) “Наша права і абавязак – бараніць жыцьцё нашых грамадзянаў, і ніхто ня мае права ціснуць на нас і перашкаджаць працы нашых выбітных жаўнераў і афіцэраў, якія мусяць працягнуць і завершыць змаганьне”.

Шарон адзначыў, што падчас ваеных апэрацыяў ізраільскага войска часам церпяць цывільныя асобы, аднак дадаў, што мэта тэрарыстаў – якраз мірнае насельніцтва. Учора ж чарговы тэрарыстычны акт адбыўся ў ізраільскім горадзе Хайфа. Тэрарыст-самазабойца зьнішчыў сябе і восем ізраільцаў.

Напярэдадні візыту на Блізкі Ўсход дзяржсакратара ЗША Паўэла Ізраіль вывеў свае войскі з 24-х палестынскіх паселішчаў. Гэта дало падставу прэсаваму сакратару прэзыдэнта ЗША заявіць, што цяпер неабходны сустрэчны крок палестынскага боку – ён мяркуе, што палестынская аўтаномія і арабскія дзяржавы мусяць асудзіць тэрарызм, спыніць фінансаваньне тэрору і падбухторваньне да гвалту ў дзяржаўных мэдыях.

Учора ў Мадрыдзе адбылася нарада дзяржсакратара ЗША Паўэла з прадстаўнікамі ААН, Эўразьвязу і Расеі. Удзельнікі нарады заклікалі Ізраіль тэрмінова спыніць ваенную апэрацыю на палестынскіх тэрыторыях і адначасна асудзілі палестынскі тэрор.

Колін Паўэл мяркуе, што канфлікт на Блізкім Усходзе ня мае ваеннага вырашэньня.

(Паўэл: ) “Незалежна ад таго, наколькі эфэктыўнымі будуць дзеяньні ізраільскага войска па вынішчэньні каранёў тэрарызму, застануцца людзі, гатовыя да тэрору, гатовыя на самазабойчыя тэракты, у чым мы пераканаліся ў апошнія дні, ужо пасьля пачатку ваеннай апэрацыі Ізраілю. Гвалт спараджае гвалт – і гэтак будзе да таго часу, пакуль не адновіцца перамоўны працэс, пабудаваны на даверы адзін да аднаго”.

Напярэдадні свайго візыту Паўэл заявіў, што мае намер сустрэцца з палестынскім лідэрам Арафатам, які знаходзіцца ў аблозе ў сваёй рэзыдэнцыі ў Рамала. Прэм’ер-міністар Ізраілю Шарон лічыць, што намер дзяржсакратара ЗША сустрэцца з Арафатам зьяўляецца трагічнай памылкай. Аднак Паўэл выказаў меркаваньне, што Арафат застаецца лідэрам палестынскага народу, і Ізраілю раней ці пазьней давядзецца весьці зь ім перамовы.
XS
SM
MD
LG