Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

АЛЯКСАНДАР ЛУКАШЭНКА ВЫЛЯЦЕЎ У МАСКВУ


Валер Каліноўскі, Менск

Заўтра найвышэйшы дзяржаўны савет заслухае інфармацыю Генадзя Селязьнёва пра падрыхтоўку "канстытуцыйнага акту" так званае саюзнае дзяржавы. Намесьнік кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Леанід Козік зазначыў, што будуць разглядацца канцэптуальныя пытаньні: ці будзе ў саюзнай дзяржавы прэзыдэнт, ці будзе саюзны ўрад мець наднацыянальныя паўнамоцтвы. Спадар Козік лічыць, што пасьля 12 красавіка пачнецца новы этап інтэграцыі. Але дэпутат палаты прадстаўнікоў Уладзімер Парфяновіч ня мае ніякага аптымізму на гэты конт:

(Парфяновіч: ) “Я лічу, што гэта ні да чаго добрага не прывядзе — акт ці пакт, як у 1939 годзе. Гэта складана, вельмі складана з палітычнага пункту гледжаньня. Калі сёньня ў нашым народзе існуе меркаваньне, што расейскія алігархі прыйдуць і купяць усё, то пра якую саюзную дзяржаву можна гаварыць”.

Што ж да падрыхтаванага да падпісаньня 12 красавіка пакету эканамічных пагадненьняў з Расеяй, то спадар Парфяновіч мяркуе, што Беларусь не гатовая да іх, для гэтага як мінімум патрэбны мільярд даляраў у рэзэрвах Нацбанку:

(Парфяновіч: ) “Нічога добрага там ня будзе і канкрэтнага таксама. Я думаю, што гэта дзяжурная сустрэча”.

Аглядальнік маскоўскай эканамічнай газэты "Ведомости" Уладзіслаў Максімаў мяркуе, што трэба разьмяжоўваць фармальныя размовы наконт міжурадавых расейска-беларускіх пагадненьняў і перамовы аб прыватызацыі беларускіх прадпрыемстваў расейскімі кампаніямі, да чаго ў Маскве значна большая цікавасьць, чым да так званага канстытуцыйнага акту:

(Максімаў: ) “Тут таксама, па-мойму, цікавей, што дадуць дадатковыя сустрэчы Лукашэнкі з прадстаўнікамі розных кампаніяў, зацікаўленых у прыватызацыі. Хаця трэба прызнаць, што тут яшчэ нічога ня вырашана і гандаль працягваецца. Наколькі я разумею, ён у самым разгары”.

Уладзіслаў Максімаў лічыць, што расейскія алігархі, якія маюць выключна прагматычныя мэты, ідуць на пэўную рызыку, ведучы перамовы з Аляксандрам Лукашэнкам. Але цікавасьць да беларускіх прадпрыемстваў у іх усё роўна застаецца вялікай.

Намесьнік старшыні АГП Яраслаў Раманчук лічыць, што падрыхтоўка пакету эканамічных пагадненьняў з Расеяй — гэта яшчэ адна дэклярацыя ўраду Лукашэнкі, спроба купіць ляяльнасьць Крамля і Пуціна:

(Раманчук: ) “У рэчаіснасьці, калі ўсе інстытуты ўлады і рычагі кантролю знаходзяцца ў Менску, у Лукашэнкі, то якія пагадненьні не падпісваў бы спадар Пуцін са спадаром Лукашэнкам, усё гэта застанецца на паперы. Гэта будзе наступнай сёмай альбо восьмай дамовай. Гэтыя дэкрэты альбо ўказы, якія падпіша Лукашэнка, яны ня маюць нічога агульнага з нашай унутранай палітыкай, таму што ані ўрад, ані ўсе нашыя ўстановы не падрыхтаваныя да таго, каб прыняць расейскую эканамічную палітыку”.

Яраслаў Раманчук мяркуе, што ніякага новага вітка інтэграцыі чакаць няварта. Што ж да так званага канстытуцыйнаг акту, то сёлета ён не будзе падпісаны, лічыць спадар Раманчук:

(Раманчук: ) “Я знаёмы з тым канстытуцыйным актам, праект якога падрыхтавалі ў Менску. У большасьці сваіх палажэньняў ён не зьяўляецца прымальным для Пуціна, і я думаю, што ня будзе яго падпісаньня. Проста будзе абмеркаваньне самых агульных палажэньняў. У тым выглядзе, у якім ён падрыхтаваны, ён проста не падлягае рэфармаваньню”.

Яраслаў Раманчук зазначыў, што Аляксандар Лукашэнка займаецца імітацыяй інтэграцыі на фоне вельмі небясьпечных тэндэнцыяў у беларускай эканоміцы.
XS
SM
MD
LG