Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

СЬПІКЕР ДЗЯРЖДУМЫ ГЕНАДЗЬ СЕЛЯЗЬНЁЎ НЯ ХОЧА ПЕРАХОДЗІЦЬ У АПАЗЫЦЫЮ


Віталь Тарас, Прага

Пленум ЦК КПРФ, які вырашаў лёс Селязьнёва, скончыўся ўчора позна ўвечары. Таму большасьць ранішніх расейскіх газэтаў толькі канстатуюць факт: Селязьнёў, насуперак рэкамэндацыям таварышаў па партыі, застаецца сьпікерам.

Сёньня Селязьнёў на сваёй прэсавай канфэрэнцыі заявіў:

(Селязьнёў: ) “Быў дасягнуты кампраміс, што я сам буду будаваць свой лёс. Тым болей, што ў старшыні Дзяржаўнай Думы ёсьць вялікія дзяржаўныя нагрузкі”.

Лідэр партыі Генадзі Зюганаў пракамэнтаваў учынак свайго паплечніка кароткай фразай: “Дзяржаўныя людзі выбіраюць тую пазыцыю, якую лічаць у дадзены момант найбольш мэтазгоднай”.

Між тым, напярэдадні Селязьнёў казаў, што выканае рашэньне пленуму ЦК, якім бы яно ні было – і гэта не перашкодзіла яму праігнараваць рэкамэндацыі пленуму.

У сваім інтэрвію ОРТ сьпікер у якасьці аднаго з галоўных аргумэнтаў на карысьць прынятага ім рашэньня вылучыў тое, што Аляксандар Лукашэнка як кіраўнік саюзнай дзяржавы быў катэгарычна супраць ягонай адстаўкі. Нагадаем, што Селязьнёў узначальвае парлямэнцкі сход Беларусі й Расеі.

Валянцін Купцоў, які лічыцца другой асобай у кампартыі пасьля Зюганава, заявіў, што КПРФ пакуль не зьбіраецца рабіць нейкіх дысцыплінарных захадаў супраць Селязьнёва.

Аднак маскоўская гарадзкая арганізацыя КПРФ, па некаторых зьвестках, можа ўсё-ткі паставіць пытаньне аб выключэньні яго з партыі.

Між тым, сёньня Селязьнёў пагадзіўся падпісаць распараджэньне аб прызначэньні кіраўніком апарату Думы кандыдата ад дэпутацкай групы “Рэгіёны Расеі”. Раней гэтую пасаду займаў прадстаўнік кампартыі. Такім чынам, фракцыя КПРФ за апошні час ня толькі добраахвотна пазбавілася кантролю над некалькімі думскімі камітэтамі, але і страціла ключавыя пасады ў расейскім парлямэнце.
XS
SM
MD
LG