Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НЯМЕЦКАЯ ПРЭСА ПРА СВАБОДУ СЛОВА Ў БЕЛАРУСІ


Алена Панкратава, Менск

Як піша карэспандэнт "Frankfurter Rundschau" Томас Розэр, праўдападобна, што ў барацьбе супраць незалежнай прэсы Лукашэнка ўжо не абмяжоўваецца закрыцьцём не патрэбных яму выданьняў. Спасылаючыся на выказваньні дэмакратычных беларускіх журналістаў, аўтар артыкулу мяркуе, што на прыкладзе працэсу над двума журналістамі гарадзенскай "Пагоні" беларускія ўлады, хутчэй за ўсё, выпрацоўваюць новую тактыку барацьбы супраць нямногіх дэмакратычных СМІ, якія яшчэ існуюць у краіне.

Томас Розэр спасылаецца на тыя самыя радкі з нататкаў Паўла Мажэйкі, якія, згодна з адпаведным артыкулам крымінальнага кодэксу Беларусі, характырызуюцца як абраза і паклёп на кіраўніка дзяржавы і могуць прывесьці да пазбаўленьня волі тэрмінам да пяці год. Як піша" Frankfurter Rundschau", размова ідзе пра леташнія пажаданьні Мажэйкі, якім бы ён хацеў бачыць новага прэзыдэнта. А менавіта — шчырым і адкрытым палітыкам,чыя моц базуецца на ўласным сумленьні, а не на гэтак званым эскадроне сьмерці.Гарадзенскі журналіст выказаў у тым ліку меркаваньне, што наўрад ці трэба падтрымліваць на выбарах таго, хто ў барацьбе са сваімі апанэнтамі забівае іх.

Падобныя нататкі, якія ў найгоршым выпадку можна разглядаць як схаваную рэкамэндацыю галасаваць не за Лукашэнку, а за Ганчарыка, аднак, так і не дайшлі да чытачоў "Пагоні", — піша Томас Розэр. На той момант газэта была зачыненая, а артыкул зьявіўся пазьней дзесьці ў Інтэрнэце.

Як піша нямецкі журналіст, Лукашэнка хоча прымусіць замоўкнуць любыя крытычныя галасы. Працэс над Мажэйкам і Маркевічам ёсьць "барбарскім перасьледам" свабоды друку ў краіне. Характэрна, што самі гарадзенскія журналісты ў сваіх лістах, накіраваных на адрас кіраўнікоў Расеі, Польшчы, ЗША ня скардзяцца на свой лёс. Яны пішуць, што будуць і надалей адстойваць права на свабоду меркаваньняў і інфармацыі ў Беларусі, — паведамляе "Frankfurter Rundschau".

Аднак ці ёсьць расейскае кіраўніцтва той інстанцыяй, да якой трэба ў гэтым выпадку апэляваць? — задаюць пытаньне нямецкія аглядальнікі. Паводле газэты "Die Zeit", лёс маладых дэмакратыяў і ў Расеі, і ў Беларусі выглядае надзвычай драматычным. У той час, калі Лукашэнка злоўжывае сваёй прэзыдэцкай уладай, як хоча, Пуцін імкнецца зрабіць з мас-мэдыяў сапраўдны сродак падтрымкі. Маскоўскі кіраўнік апошнім часам не аднойчы парушаў закон аб свабодзе СМІ, спрабуючы “надзець наморднік" на тое ж упартае ТВ-6. У выніку стары канал будзе працаваць пад новай назвай, што ж да журналістаў, то яны стануць палітычна залежнымі, — піша нямецкая "Die Zeit".
XS
SM
MD
LG