Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДЫРЭКТАРАТ “СЛАЎНАФТЫ” РАЗГЛЯДАЕ ПЫТАНЬНЕ ПРА АДСТАЎКУ ПРЭЗЫДЭНТА КАМПАНІІ МІХАІЛА ГУЦЭРЫЕВА


Міхал Стэльмак, Менск

Як паведамілі нашаму радыё ў маскоўскім офісе "Слаўнафты", на парадку дня рады дырэктараў — кадравае пытаньне, адстаўка прэзыдэнта беларуска-расейскай кампаніі Міхаіла Гуцэрыева. Паводле дасьведчаных крыніцаў, ініцыяваў адстаўку ўрад Расеі. Гэтая ініцыятыва атрымала гучны розгалас ня толькі ў Расеі, а й у Беларусі. У прыватнасьці, вельмі ажыўлена абмяркоўваецца зараз гэтае пытаньне ў Мазыры — у працоўным калектыве мясцовага нафтаперапрацоўчага заводу. Рэч у тым, што "Слаўнафта" — адзін з галоўных акцыянэраў беларускага прадпрыемства. Вось што паведаміў намесьнік старшыні Незалежнага прафсаюзу Мазырскага НПЗ Васіль Альхоўскі:

(Альхоўскі: ) "Навіна для нас, вядома, нечаканая. Гуцэрыеў нам дапамагаў. Ён вось нядаўна прыяжджаў да нас наконт устаноўкі новага абсталяваньня. Зараз ідзе рэканструкцыя заводу, дык усё ён каардынаваў. Укладзеныя мільёны даляраў капіталаўкладаньняў. І мы зьвязвалі ўсе надзеі зь ім. Зараз гадаем, каму спатрэбілася ягоная адстаўка. Самае распаўсюджанае меркаваньне, што гэта наступства выбараў у Інгушэціі. Там брат яго балятаваўся ў прэзыдэнты, дык яго адхілілі ад удзелу ў выбарах".

Ён паведаміў, што, дзякуючы Міхаілу Гуцэрыеву, сёлета наладзіліся рытмічныя пастаўкі нафты на беларускае прадпрыемства. І таму, як падкрэсьліў Васіль Альхоўскі, працоўны калектыў мазырскага НПЗ занепакоены, каб адстаўка не справакавала на заводзе эканамічны крызіс.

Рашэньне расейскага ўраду стала нечаканым і для беларускіх уладаў. У прыватнасьці, прэзыдэнт канцэрну "Белнафтахім" Іван Бамбіза назваў такую ініцыятыву "зьневажальнай" для Беларусі. Рэч у тым, што Аляксандар Лукашэнка плянаваў у хуткім часе сустрэцца з Гуцэрыевым наконт пытаньня інвэстыцыяў у нафтахімічны комплекс. Вось як пракамэнтаваў гэты скандал нашаму радыё экспэрт міжнароднага інстытуту палітычных дасьледаваньняў Андрэй Фёдараў:

(Фёдараў: ) "Гэта падкрэсьлівае, што ў Расеі на першым пляне яе ўласныя інтарэсы, як іх, яны, безумоўна, разумеюць. Яны паводзяць сябе так, як лічаць гэта мэтазгодным. Нягледзячы ні на якія абставіны, ні на якія асабістыя стасункі пэўных асобаў. Адстаўка Гуцэрыева, магчыма, зьвязаная з унутрырасейскімі падзеямі, найперш, зь імкненнем ягонага брата стаць прэзыдэнтам Інгушэціі, супраць чаго, здаецца, выступаў Крэмль ці расейскія ўлады.

Беларусі важна, калі адбудзецца такая адстаўка, хто прыйдзе на ягонае месца. Ну а маючы 10% акцыяў ды два галасы ў радзе дырэктараў, вядома, цяжка ўплываць на прыняцьце рашэньня. Беларусы, на жаль, увесь час блытаюць сяброўскія адносіны і рынкавыя адносіны".
XS
SM
MD
LG