Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАБЛЕМА IМIГРАЦЫI ПАДЗЯЛІЛА НЯМЕЧЧЫНУ НАПЯРЭДАДНI ВЫБАРАЎ


Ул. інф.

Рэзкая заява, гранiчна невыгодная для Шмiтавага паплечнiка сацыял-дэмакрата Герхарда Шродэра, зьявiлася ў час, калi сталі вядомыя новыя, выбуховыя з палiтычнага гледзішча лiчбы адносна колькасьцi нелегальных мiгрантаў у Нямеччыне.

Нягледзячы на прыняты на мiнулым тыднi парлямэнтам законапраект аб iмiграцыi, iмiграцыйная праблема можа раскалоць Шродэраву ўрадавую каалiцыю сацыял-дэмакратаў i зялёных напярэдаднi верасьнёўскiх агульных выбараў.

Нямеччына, паводле спадара Шмiта, расчынiла дзьверы прэтэндэнтам на палiтычнае прытулак, каб кампэнсаваць злачынствы нацызму. “Цяпер мы маем разнароднае, дэ-факта шматкультурнае грамадзтва, i мы ня можам яму даць рады”, – прызнаўся 83-гадовы палiтык у сваёй новай кнiзе “Рука на сэрцы”.

“Мы, немцы, няздольныя асымiляваць усе сем мiльёнаў чужаземцаў. Немцы ня хочуць нiкога, большасьцi зь iх уласьцiвая глыбокая ксэнафобiя”, – напiсаў Гельмут Шмiт.

Як сьведчаць абнародаваныя ўчора зьвесткi, лічба 7,3 мiльёна iншаземцаў (яе выкарысталі як аснову для новага закону аб iмiграцыi, а таксама для Шмiтавых камэнтароў) – памылковая. Справаздача, падрыхтаваная амбудзмэнам у пытаньнях iншаземцаў, паказвае, што цяпер нелегальна жыве й працуе ў Нямеччыне ад 500 тысяч да 1,5 мільёнаў замежнiкаў.

Улады дамагліся зусiм нязначных посьпехаў у стрымлiваньнi нелегальнай iмiграцыi: за год усяго 40 тысяч мiгрантаў злоўленыя на нямецкiх межах, 11 тысяч нелегальных работнiкаў выяўленыя ў часе рэйдаў на прадпрыемствах. Пры беспрацоўi 4,3 мiльёна чалавек i актыўнасьцi прафсаюзаў нелегальная iмiграцыя становiцца клопатам усiх выбарнiкаў – як правай, так i левай арыентацыi.

Эдмунд Штойбэр, кансэрватыўны супернiк канцлера, прызнае, што страх перад чужаземцам – адно з тых нямногiх адчуваньняў, якiя мабiлiзуюць немцаў. Спадар Шмiт, вэтэран сацыял-дэмакратыi, сьцьвярджае падобнае ў сваёй кнiзе: “Зусiм няшмат iншаземцаў хочуць iнтэгравацца; i яны не знаходзяць падтрымкi, каб iнтэгравацца”.

Новы закон аб iмiграцыi, якi на мiнулым тыднi пакуль прайшоў празь верхнюю палату парлямэнту, робiць акцэнт хутчэй на iнтэграцыю замежнiкаў, што легальна пражываюць у Нямеччыне, чым на залучэньне ў краiну новых мiгрантаў. Дзецi, прыяжджаючы да бацькоў, якiя ўжо жывуць у Нямеччыне, будуць абавязаныя праходзiць тэсты на веданьне нямецкай мовы. Толькi работнiкi высокай кваліфікацыі, найперш спэцыялiсты ў кампутарнай сфэры, будуць мець лёгкi доступ на рынак працы.

Праўда, самi немцы не задаволеныя высокай цаной працы на нямецкiм рынку, выкарыстоўваюць нелегальных перасяленцаў як прыбiральшчыкаў, афiцыянтаў, будаўнiкоў i памочнiкаў у хатняй працы. Закон не зьвяртае ўвагі на гэтую праблему i праз гэта робiць Герхарда Шродэра мiшэньню палiтычных атак.

Мала таго, юрыдычная абарона прэтэндэнтаў на палiтычны прытулак, бадай, палепшае з прыняцьцем новага закону, якi дазволiць iмiгрантам расьцягваць побыт у Нямеччыне праз умелае адстойваньне сваiх правоў у судох.

Блiзка 10% ахвочых атрымаць прыстанiшча ў Нямеччыне, або 14 430 чалавек, адстойвалi сваю справу ў судох больш як пяць гадоў, 17% – ад трох да пяцi гадоў i 15% – ад двух да трох гадоў. З гэтай прычыны цяжка выслаць зь Нямеччыны чужаземца, якi пражыў там легальна больш за пяць гадоў, пры гэтым ён ужо мае сям’ю. Доўгатэрмiновыя прэтэндэнты на прыстанiшча становяцца ў вынiку сталымi iмiгрантамi.

Для жыхароў Беларусi Нямеччына разам з ЗША, Канадай, Ізраiлем, Польшчай і Аўстралiяй застаецца краiнай традыцыйнай эмiграцыi. За апошнiя 10–12 гадоў назiраецца ўстойлiвы рост долi беларускiх эмiгрантаў у Нямеччыну. Калi ў 1989 годзе ў гэтую дзяржаву зь Беларусi выехала толькi 0,3% усiх эмiгрантаў, то ў 2000-м – ужо каля 8%. Праўда, 8% – гэта менш як тысяча чалавек.

Апошнiмi гадамi легальна пераяжджаюць зь Беларусi ў Нямеччыну перш за ўсё беларускiя габрэi – выкарыстоўваючы гарантыi, якiя нямецкая дзяржава дае нашчадкам ахвяраў галакосту. Што ж да магчымасьцяў працаўладкаваньня ў Нямеччыне, то, як паказвае статыстыка новай беларускай эмiграцыi ў гэтую краiну, найбольшыя шанцы быць запатрабаванымi маюць праграмiсты й матэматыкi.
XS
SM
MD
LG