Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

БОЛЬШАСЬЦЬ УКРАІНСКІХ ВЫБАРШЧЫКАЎ ПАДТРЫМАЛА БЛЁК “НАША ЎКРАІНА”


Юры Дракахруст, Прага

У некаторых камэнтарах можна было пачуць, што выбары раскалолі Ўкраіну геаграфічна – захад прагаласаваў за блёк Юшчанкі, усход краіны – за камуністаў. Аднак гэта не зусім так.

Сапраўды, на захадзе Ўкраіны блёк Юшчанкі перамог проста трыюмфальна, на ўсходзе такі ж посьпех атрымалі камуністы. Але вось лічбы: па выніках галасаваньня паводле партыйных сьпісаў камуністы апынуліся на першым месцы ў 10 з 27 вобласьцяў і адміністрацыйных адзінак Украіны. Толькі ў адным рэгіёне першым стаў прапрэзыдэнцкі блёк “За едыну Ўкраіну”, а блёк “Наша Ўкраіна” перамог у 15 рэгіёнах з 27-мі.

Да Заходняй Украіны традыцыйна адносяць 4–7 вобласьцяў. Перамога ў 15-ці – больш чым у палове рэгіёнаў, гэта агульнанацыянальная перамога. Варта параўнаць цяперашнія вынікі зь мінулымі парлямэнцкімі выбарамі: тады за кампартыю прагаласавала чвэрць выбаршчыкаў, за Рух – менш 10%. Цяпер жа за камуністаў аддалі свае галасы каля 20% выбаршчыкаў, за “Нашу Ўкраіну” – прыкладна 23%. Гэтая перамога – агульнанацыянальная.

Міжнародныя назіральнікі канстатавалі даволі шмат парушэньняў, але на іх думку, яны не былі настолькі істотныя, каб сказіць волевыяўленьне выбаршчыкаў. Такую ж ацэнку ўжо далі і ЗША, і Эўразьвяз. Пры гэтым адзначаны прагрэс ў выкананьні дэмакратычных нормаў, калі параўноўваць зь мінулымі парлямэнцкімі выбарамі 1998 году. Так што пра міжнароднае непрызнаньне вынікаў выбараў не ідзе гаворкі.

Варта сказаць, што за перадвыбарчай кампаніяй ва Ўкраіне пільна сачылі і на Захадзе, і на Ўсходзе. Кангрэс ЗША прыняў адмысловую рэзалюцыю з заклікам да ўкраінскіх уладаў забясьпечыць справядлівасьць і дэмакратычнасьць выбараў. Гэты дакумэнт быў даволі рэзка ўспрыняты шэрагам палітычных сілаў ва Ўкраіне, у тым ліку і прэзыдэнтам Кучмам.

Але тыя ж сілы нібыта не заўважылі заявы кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Расеі Валошына, які адкрыта заявіў, што Масква зацікаўленая ў перамозе кампартыі, прапрэзыдэнцкага блёку і сацыял-дэмакратаў і не зацікаўленая ў перамозе “Нашай Украіны”. Аднак вынікі выбараў паказалі, што ключы ад Вярхоўнай Рады знаходзяцца не ў Крамлі.

Я падчас сваёй камандзіроўкі ў Кіеў мог пабачыць адрозьненьні ўкраінскай сытуацыі ад беларускай: выбарчыя камісіі фармаваліся выключна з прадстаўнікоў партыйных блёкаў, што ўдзельнічалі ў выбарах; за галасаваньнем сачылі дзясяткі тысяч назіральнікаў ад розных партыяў; тры каманды сацыёлягаў праводзілі ў дзень выбараў апытаньні на выхадзе з выбарчых участкаў, якія ў Беларусі на апошніх выбарах увогуле забаранілі.

Дарэчы, сёньня кіраўнічка беларускага цэнтарвыбаркаму спадарыня Ярмошына скрытыкавала ўсе гэтыя дэмакратычныя крокі ўкраінскіх калегаў. На ейную думку, гэта “страшэнна ўскладніла выбары”. Але дэмакратыя ўвогуле рэч складаная. Безь яе, вядома, прасьцей, але ўкраінцам яна чамусьці спатрэбілася.

Ужо зараз можна сказаць, што стварэньне чыста прапрэзыдэнцкай большасьці, як, дарэчы, і апазыцыйнай большасьці немагчымае. Магчымая часовыя альянсы, балянсаваньне трох вялікіх групаў: прапрэзыдэнцкай, камуністычнай і “Нашай Украіны”.

Варта сказаць, што падзел на прарасейскія і антырасейскія сілы існуе толькі ва ўяўленьні імпэрскіх расейскіх адмыслоўцаў. Украінскія палітолягі мяркуюць, што прапрэзыдэнцкі блёк хутчэй пойдзе на альянс зь Юшчанкам, чым з камуністамі.

Украіна адрозьніваецца ад Беларусі тым, што там няма такога фундамэнтальнага супрацьстаяньня, вайны на зьнішчэньне. Варта адзначыць, што на працягу ўсёй кампаніі Юшчанка не сказаў ніводнага дрэннага слова ўласна пра прэзыдэнта Кучму. Ня выключана, што праз два гады менавіта Віктара Юшчанку Леанід Кучма дабраславіць быць яго пераемнікам.
XS
SM
MD
LG