Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАМЕСЬНІК ГЕНЭРАЛЬНАГА САКРАТАРА ААН ЗАКЛІКАЕ НЕ ЗАБЫВАЦЦА ПРА ЧАРНОБЫЛЬ


Юры Сьвірко, Прага

Намесьнік генэральнага сакратара ААН у гуманітарных справах Кенза Ашыма, знаходзячыся ў Маскве й зьбіраючыся наведаць на гэтым тыдні Кіеў і Менск, заклікаў міжнародную супольнасьць не забывацца на пацярпелы ад наступстваў Чарнобылю рэгіён, нягледзячы на тое, што сама Чарнобыльская АЭС ня нясе вялікай радыяцыйнай пагрозы.

У расейскай сталіцы Кенза Ашыма прэзэнтаваў даклад ААН, які заклікае да ажыцьцяўленьня новае 10-гадовае праграмы дапамогі, накіраванай на падвышэньне жыцьцёвага ўзроўню прыблізна 5 мільёнаў 700 тысяч жыхароў тых раёнаў Расеі, Украіны й Беларусі, што былі заражаныя пасьля выбуху на ЧАЭС амаль 16 гадоў таму.

“Ня правільна меркаваць, што пасьля закрыцьця атамнае электрастанцыі й дапамогі донараў для стварэньня новага шчыта вакол разбуранага рэактара міжнародная супольнасьць можа цяпер закрыць справу што да пацярпелых людзей у гэтым рэгіёне”, – цытуе словы Кензы Ашымы на маскоўскай прэсавай канфэрэнцыі агенцтва “Associated Press”.

Яно таксама нагадвае, што з 26 красавіка 1986 году – дня чарнобыльскае катастрофы – Расея, Украіна й Беларусь атрымалі 750 мільёнаў даляраў надзвычайнай міжнароднай дапамогі, а Чарнобыльская АЭС была закрытая ў сьнежні 2000 году пасьля некалькіх гадоў міжнароднага ціску ды абяцаньняў большай дапамогі.

Даклад ААН прапануе перанесьці галоўную ўвагу чарнобыльскае дамапогі з гуманітарных і тэхнічных захадаў на ўстойлівае сацыяльна-эканамічнае разьвіцьцё жыхароў рэгіёну ды больш як 200 тысяч чалавек, якія бралі ўдзел у ліквідацыі наступстваў катастрофы. Даклад выступае за ўзаемазьвязаныя эканамічныя, экалягічныя й мэдычныя ініцыятывы, а таксама захады ў справе прыцягненьня прыватных інвэстыцыяў ды большай адукацыі.

ААНаўскія чыноўнікі падкрэсьліваюць, што сур’ёзныя новыя пытаньні са здароўем таксама ня мусяць заставацца без увагі.

“Найбольш праблемны й найбольш трагічны скачок захворваньняў на рак шчытападобнае залозы ў дзяцей”, – заявіў намесьнік генэральнага сакратара ААН Кенза Ашыма.

Ужо зарэгістравана больш як 2 тысячы выпадкаў раку шчытападобнае залозы, і экспэрты ААН кажуць, што гэтая лічба можа скокнуць да 10 тысяч за два наступныя гады, паведамляе “Associated Press” і дадае, што павялічваюць рызыку ад узьдзеяньня радыеактыўнага ёду хранічны недахоп прыроднага ёду ў глебе рэгіёну ды празьмернае скарачэньне наяўнасьці ёдаванае солі.

ААН заклікае ўлады краінаў-донараў выдаткаваць 70 мільёнаў даляраў, або 10% ад сумы, якая была ахвяраваная на стварэньне бэтоннага саркафагу вакол аварыйнага рэактару.

На гэтым тыдні Кенза Ашыма наведае пацярпелыя зоны ва Ўкраіне й Беларусі, а потым падасьць рэкамэндацыі міжнародным донарам у Жэнэве.

Паводле намесьніцы расейскага міністра надзвычайных сытуацыяў Надзеі Герасімавай, якую цытуе сёньняшні нумар газэты “Известия”, у дакладзе ААН акрэсьленыя 3 асноўныя напрамкі рэабілітацыі. “Адносна Ўкраіны робіцца акцэнт на ахову здароўя, у Беларусі – на ачышчэньне прыродных рэсурсаў. Што тычыцца Расеі, дык гэта – эканамічнае разьвіцьцё пацярпелых рэгіёнаў”, – сказала спадарыня Герасімава. Чаму менавіта ў Беларусі галоўным ня ёсьць клопат пра людзей, то бок пра іхнае здароўе ці эканамічны стан, як гэта будзе ў дзьвюх суседніх краінах, расейская чыноўніца не патлумачыла.

Раней газэта “Известия” пісала пра 500 жыхароў Францыі, якія распачалі судовы працэс супраць сваёй дзяржавы, што 15 гадоў трымала ў таямніцы інфармацыю пра наступствы Чарнобылю на францускай тэрыторыі. Зварот хворых на рак у суд дазволіў забраць дакумэнты са шматлікіх міністэрстваў, і знойдзеныя сакрэтныя зьвесткі ўрадавых справаздач выклікалі сапраўдны скандал.

Адразу пасьля выбуху на ЧАЭС у каровіным малацэ на францускай высьпе Корсыка колькасьць радыенуклідаў перавысіла норму ў 200 разоў! А ўзровень радыеактыўнасьці глебы ў паўднёва-ўсходніх і міжземнаморскіх раёнах Францыі падвысіўся ў тысячы разоў. Як пішуць “Известия”, насуперак ранейшым заявам чыноўнікаў, урад Францыі зь першых дзён чарнобыльскае катастрофы ведаў пра маштабы заражэньня ды сьвядома хаваў гэтыя зьвесткі ад грамадзян.

У адной з рукапісных справаздач пра сакрэтнае паседжаньне кабінэту міністраў ёсьць нават такая фраза: “Мы валодаем лічбамі, якія ня могуць быць абнародаваныя”. Як высьветлілася, чыноўнікі непакоіліся пра лёс францускіх атамных электрастанцыяў, якія дагэтуль выпрацоўваюць да 80% электраэнэргіі ў краіне. А кіраўніком ураду тады быў цяперашні прэзыдэнт Францыі Жак Шырак.

“Цяпер нехта за гэта ўсё адкажа”, – зазначылі “Известия”. Варта нагадаць, што 21 красавіка, напярэдадні чарговых угодкаў чарнобыльскае катастрофы, у Францыі адбудуцца прэзыдэнцкія выбары.

А 12 траўня, пасьля выбараў, у францускі суд будуць перададзеныя дадатковыя скаргі 300 хворых на рак шчытападобнае залозы. Сьледчая Мары-Адыль Бэртэла-Жэфруа распачала расьсьледаваньне паводле абвінавачаньня ў “ненаўмысным замаху на здароўе”.

Парыскі карэспандэнт “Известий” піша: “Калі сьледзтва дакажа сьвядомае ўтойваньне інфармацыі, дзяржава вымушаная будзе выплаціць кампэнсацыі ўсім, хто захварэў у выніку чарнобыльскае катастрофы. Тэарэтычна гэта дазволіць прад’явіць прэтэнзіі й да тых, хто фармальна адказваў за бясьпеку станцыі. Цяпер гэта спадкаемцы адпаведных службаў былога СССР – дзяржаўныя ўстановы Ўкраіны й Расеі”.

Такім чынам, пакуль французы спадзяюцца на кампэнсацыі ад Расеі ды Ўкраіны, а самі гэтыя дзьве краіны разьлічваюць на міжнародную дапамогу для сваіх чарнобыльцаў, для Беларусі прыярытэтам сталася “ачышчэньне прыродных багацьцяў”.
XS
SM
MD
LG