Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ЗАХОДНЕЭЎРАПЕЙСКІЯ ДАБРАЧЫННЫЯ АРГАНІЗАЦЫІ НАГАДВАЮЦЬ ГРАМАДЗКАСЬЦІ ПРА ЧАРНОБЫЛЬСКУЮ КАТАСТРОФУ


Алена Панкратава, Менск

Паводле нямецкай “Darmstaedter Echo”, сёньня ад прадстаўнікоў мясцовай дабрачыннай арганізацыі “Дапамога Чарнобылю”(зямля Гесэн) можна пачуць: “Цяпер мы не ахвяруем грошы, бо маем досьвед, наколькі ў некаторых людзей у Беларусі вялікая спакуса злоўжыць гэтымі сродкамі. Таму цяпер мы ахвяруем мэдыкамэнты альбо мэдычнае абсталяваньне”.

У часе красавіцкіх дабрачынных акцыяў сябры “Дапамогі Чарнобылю” спадзяюцца сабраць 10 тысяч эўра, каб купіць адмысловае лябараторнае абсталяваньне для кантролю крыві. Яно будзе накіраванае ў адзін са шпіталяў Магілёву. Як піша выданьне, у выніку наступстваў Чарнобылю усяго толькі 15% беларускіх дзяцей здаровыя. Мэдычная дапамога па-за межамі беларускай сталіцы сваім узроўнем нагадвае пачатак мінулага стагодзьдзя.

Арганізатары акцыі, якае стартуе на балтыйскім узьбярэжжы Нямеччыны ў гэтую сераду і пра якую распавядае “Ostseezeitung”, рэалістычна ацэньваюць свае магчымасьці ў дапамозе ахвярам радыёактыўна забруджанай Беларусі. “Сэнс акцыі “Сад” — дапамагчы моладзі зь Нямеччыны, Італіі, Польшчы і, галоўным чынам, Беларусі паверыць, што многае ў гэтым жыцьці залежыць ад яе”.

Удзельнікі “Саду” — васемнаццацігадовыя — дваццацігадовыя юнакі з тых сем’яў, дзе калісьці адпачывалі дзеці зь Беларусі, ды самі колішнія “чарнобыльскія дзеці”. У Ольдэнбург беларусы ўзялі з сабой саджанцы белых каштанаў, палякі — маладыя дрэўцы соснаў, італьянцы —пініі. Што да немцаў, то для будучага саду яны абралі найбольш прыгожую пароду дубоў, якія растуць на поўначы краіны. Мяркуецца, што падобныя сады ў хуткім часе будуць закладзеныя ў Польшчы, Італіі, Беларусі.

“Як ні парадаксальна гэта гучыць, — піша журналіст аўстрыйскай “Oberoesterreichische Nachrichten”, — але самай вялікай надзеяй для краіны, дзе шмат нявырашаных палітычных і эканамічных праблемаў, можа стаць... чарнобыльская катастрофа. У выніку вялікая частка насельніцтва апынулася на забруджанай тэрыторыі, аднак пры гэтым нямала людзей зразумелі, што свой лёс яны павінны ўзяць ва ўласныя рукі. Сацыяльна актыўныя беларусы ўсталявалі кантакты з заходнімі гуманітарнымі арганізацыямі, дзеці выяжджаюць на адпачынак за мяжу, у тым ліку ў Аўcтрыю. Так маладое пакаленьне пазнае, што ёсьць жыцьцё, дзе няма месца дыктатуры”, — піша аўстрыйскае выданьне.
XS
SM
MD
LG