Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПЁТАР ПРАКАПАВІЧ ВІТАЕ МАГЧЫМАЕ АДНАЎЛЕНЬНЕ МІЖНАРОДНАГА ІНВЭСТЫЦЫЙНАГА БАНКУ


Віталь Цыганкоў, Прага

Ідэю аднавіць Міжнародны інвэстыцыйны банк вылучыў на канфэрэнцыі Мікалай Сарафанаў, кіраўнік Маскоўскага міжнароднага банку інвэстыцыяў. Ён заявіў удзельнікам, што гэты банк мог бы пачаць свае апэрацыі ўжо ў наступным годзе, калі Расея выканае абяцаньне заплаціць усе свае даўгі.

Сарафанаў паведаміў, што Расея ў прынцыпе пагадзілася выплаціць каля мільярду эўра, якія яна завінавацілася банку. Сарафанаў лічыць, што калі тэхнічныя дэталі будуць распрацаваныя, то банк можа выйсьці на міжнародныя рынкі з капіталам каля 500 мільёнаў эўра.

Міжнародны інвэстыцыйны банк быў фінансавым аддзяленьнем Савету эканамічнай узаемадапамогі – эканамічнай арганізацыі краінаў савецкага блёку. Банк ня дзейнічаў, пасьля таго як СЭУ быў распушчаны на пачатку 1990-х. Як сказаў Сарафанаў, банк меў клінічную сьмерць і страціў свае капіталы.

Сарафанаў сьцьвярджае, што наноў адроджаны Міжнародны інвэстыцыйны банк будзе вольны ад палітычных інтарэсаў і будзе функцыянаваць як сучасны міжнацыянальны банк інвэстыцыяў. Заснавальнікамі банку павінны застацца краіны-колішнія сябры СЭУ, уключаючы новыя незалежныя дзяржавы былога СССР.

Удзельнікі канфэрэнцыі з Цэтральнай і Заходняй Эўропы выказалі ветлівы энтузіязм што да пэрспэктываў банку, аднак у прыватным парадку сумняюцца, ці патрэбны гэты праект і ці здолее Расея выплаціць свае даўгі. Для банкіраў Цэнтральнай Эўропы асноўныя зацікаўленасьці цяпер не на Ўсходзе, а на Захадзе.

Аднак як мінімум адзін удзельнік канфэрэнцыі, старшыня праўленьня Нацыянальнага Банку Беларусі Пётар Пракаповіч, адкрыта вітаў ідэю банку: “Сёньня патрэба ў інвэстыцыйных рэсурсах для краінаў СНД і ўвогуле Ўсходняй Эўропы вельмі значная. Існыя фінансавыя інструмэнты гэтую патрэбу не задавальняюць. Таму зьяўленьне новай фінансавай установы, новага інвэстыцыйнага банку мы толькі вітаем. Гэта станоўчае рашэньне. Чым болей новых інвэстыцыяў, тым лепей для нашых краінаў”.

Энтузіязм Пракаповіча падзяліў кіраўнік міжнароднага аддзяленьня ўкраінскага Нацыянальнага Банку Сяргей Шароў. Шароў сказаў, што ніхто, зразумела, не жадае вяртаньня часоў СЭУ і палітычнай інтэграцыі паміж гэтымі краінамі. Аднак ён падкрэсьліў, што дзяржавы СНД, і ў тым ліку Ўкраіна, маюць вострую патрэбу ў інвэстыцыях.

“Калі гэты банк будзе прапаноўваць на добрых умовах крэдыты і інвэстыцыі, тады – чаму не? – кажа Шароў. – Калі гэты банк можа падтрымаць нашу прамысловасьць і гандаль, мы зацікаўленыя быць у кіроўных структурах банку, і мы хочам супрацоўніцтва зь ім”, – кажа кіраўнік міжнароднага аддзяленьня ўкраінскага Нацыянальнага Банку.
XS
SM
MD
LG