Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

МЗС БЕЛАРУСІ ГАТОВЫ ДАМАГАЦЦА, КАБ МІСІЯ АБСЭ ПАКІНУЛА МЕНСК


Валер Каліноўскі, Менск

Міхаіл Хвастоў зноў заявіў, што, на ягоную думку, цяпер няма патрэбы ў групе АБСЭ ў Менску — "у яе цяперашнім выглядзе і зь існуючым мандатам":

(Хвастоў: ) “У групы няма пэрспэктываў пры цяперашнім яе мандаце, і ўрад Беларусі ня будзе падтрымліваць яе прысутнасць у нашай краіне”.

Пытаньне пра перагляд мандату КНГ АБСЭ было пастаўленае беларускім урадам перад кіраўніцтвам АБСЭ яшчэ летась у снежні, але Сталы камітэт АБСЭ ня лічыць, што для зьмены мандату ёсьць сапраўды істотныя падставы.

У адказ афіцыйны Менск адмаўляецца даць згоду на прыезд новага кіраўніка групы і выказвае пагрозы наконт высылкі дыпляматаў АБСЭ:

(Хвастоў: ) “Сапраўды, калі мандат гэтай групы ня будзе перагледжаны, мы паставім пытаньне пра спыненьне дзейнасьці гэтай групы. А гэта ўжо тэхнічны бок справы”.

Міністар настойвае, каб пытаньне пра перагляд мандату місіі АБСЭ разглядалася публічна і каб афіцыйны Менск мог давесьці свае аргумэнты: маўляў, група АБСЭ палітызавалася і не выконвала ўмовы свайго знаходжаньня ў Беларусі. Але пры гэтым спадар Хвастоў зазначае, што ўрад Беларусі ня ставіць перад сабой адназначнай задачы пазбавіцца ад гэтай групы:

(Хвастоў: ) “Я не хачу палітызаваць гэтае пытаньне, і я зусім ня ястраб, каб такім чынам яго ставіць, але ўжо і АБСЭ, і самой групе зразумела, што ў такім палітычным рэжыме, як яна працавала раней, група ня можа працаваць далей, і не павінна”.

На ягоную думку група павінна стаць палявой місіяй АБСЭ, каб сачыць за сытуацыяй у Беларусі і рыхтаваць для кіраўніцтва справаздачы.

Старшыня Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ Адрыян Севярын днямі ў Пецярбургу выказаў жаданьне сустрэцца з афіцыйнымі прадстаўнікамі Беларусі, каб абмеркаваць спрэчныя пытаньні. Але Міхаіл Хвастоў лічыць, што спадар Севярын павінен размаўляць перш за ўсё з кіраўнікамі палатаў так званага нацыянальнага сходу Беларусі.
XS
SM
MD
LG