Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ЛІТОЎСКІЯ ПАРЛЯМЭНТАРЫ ЛЯБІРУЮЦЬ ДЭМАКРАТЫЧНЫЯ ЗЬМЕНЫ Ў БЕЛАРУСІ


Валер Каліноўскі, Менск

Сёньня і заўтра ў Санкт-Пецярбургу праходзяць паседжаньні Сталага і Палітычнага камітэтаў Парляманцкай Асамблеі Рады Эўропы. Дэпутат Сойму Літвы Ёнас Чэколіс, які ўдзельнічае ў гэтых паседжаньнях, паведаміў Радыё Свабода, што, на ягоную думку, рашэньне пра пасярэдніцтва Літвы і Польшчы ў перамовах зь Беларусьсю аб дэмакратызацыі Рада Эўропы павінна прыняць на найвышэйшым узроўні — на паседжаньні Камітэту міністраў. Але пры гэтым меркаваньне парлямэнтараў лічыцца надзвычай важным, і яно будзе ўзятае пад увагу. Таму неабходна абмеркаваць гэтую ініцыятыву ў найважнейшых камітэтах ПАРЭ. Гаворыць Ёнас Чэколіс:

(Чэколіс: ) “На гэты момант пытаньне ў парадак дня, наколькі я ведаю, ня ўключана як афіцыйнае пытаньне паседжаньня. Але гэта зручны выпадак, каб абмеркаваць з калегамі такую прапанову. Чым я і мяркую тут заняцца. І тады можна будзе зрабіць больш канкрэтныя высновы, як далей гэтая справа будзе развівацца”.

Ёнас Чэколіс зазначыў, што парлямэнтары краін Рады Эўропы заўсёды цікавяцца развіцьцём сытуацыі ў Беларусі як частцы кантынэнту, якая пакуль што ня йдзе традыцыйным эўрапейскім шляхам:

(Чэколіс: ) “Асабліва гэта важна для Рады Эўропы, якая мае на мэце аб'яднаць усе краіны кантынэнту. А цяпер засталіся толькі 4 краіны, якія не зьяўляюцца сябрамі нашай арганізацыі: Босьнія, Югаславія, Манака і Беларусь. Што датычыць апошняй, то ключ да разьвязаньня гэтага пытаньня, натуральна, ляжыць у Менску”.

Літоўскія дэпутаты зьвяртаюць увагу на беларускае пытаньне і ў іншым камітэце ПАРЭ — юрыдычных пытаньняў і правоў чалавека. Дэпутат Сойму Літвы Вацлаў Станкевіч толькі што вярнуўся з Парыжу, дзе на паседжаньні гэтага камітэту прапаноўваў запрасіць у красавіку ў Страсбург жонак зніклых беларускіх палітыкаў і грамадскіх дзеячаў. На ягоную думку, у красавіку ў Страсбургу магчымае пазытыўнае рашэньне наконт просьбы гэтых жанчын пра стварэньне незалежнай парлямэнцкай камісіі для расьследаваньня справаў знікненьняў іх мужоў, па прыкладу выпадку з украінскім журналістам Г. Гангадзэ:

(Станкевіч: ) “Камітэт у Парыжы не прыняў яшчэ пастановы, каб была створаная такая камісія, але быў быў такі пазытыўны крок, каб запрасіць жонак зьніклых. Я не выключаю, што прапанова аб стварэньні такой незалежнай камісіі ў справе расьсьледаваньня зьніклых у Беларусі будзе рэалізаваная ў красавіку ў Страсбургу. Я думаю, што так і будзе... Прэлімінарная такая праца зробленая. Я вытлумачыў усё там у Парыжы, спадар Лябедзька таксама валодае ўсёй інфармацыяй”.

Вацлаў Станкевіч патлумачыў актыўнасьць літоўскіх палітыкаў у беларускіх пытаньнях стаўленьнем да гэтай праблемы літоўскага грамадзтва:

(Станкевіч: ) “Грамадзтва Літвы гэтую прапанову ўспрымае вельмі пазытыўна і вельмі добра, я яшчэ не сустрэў ніводнага літоўца, які казаў бы, што ня трэба супрацоўнічаць зь Беларусьсю. Усе ў Літве разумеюць, што Беларусь патрэбная Літве і Літва патрэбная Беларусі. Толькі Беларусь патрэбная нам як дэмакратычная краіна. Вось у чым справа. Таму і была такая ініцыятыва”.
XS
SM
MD
LG