Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША ДУМАЮЦЬ СКАРАЦІЦЬ ЧАС ПЕРАБЫВАНЬНЯ ЗАМЕЖНІКАЎ НА ТЭРЫТОРЫІ КРАІНЫ ДА МЕСЯЦА


Кастусь Бандарук, Прага

Аб магчымых зьменах паведаміў кіраўнік Іміграцыйнай службы Джэймс Зіглер у часе слуханьняў у падкамітэце ў справах Іміграцыі Палаты прадстаўнікоў. У прыватнасьці, Іміграцыйная служба ЗША плянуе забараніць навучаньне ў амэрыканскіх школах тых чужынцаў, якія яшчэ не атрымалі студэнцкай візы.

Дагэтуль кожны прыбыш у ЗША паводле турыстычнай, бізнэсовай або іншай візы мог распачаць вучобу адразу пасьля заяўкі на студэнцкую візу, афармленьне якой доўжыцца некалькі месяцаў. Яны вучыліся, ня маючы яшчэ студэнцкіх візаў. У адпаведнасьці з новымі правіламі, чужынец ня зможа паступіць у любую школу, калі ня зьменіць сваю візу на студэнцкую. Не атрымаўшы яшчэ студэнцкіх візаў, паступілі былі ў амэрыканскую Школу пілётаў некаторыя тэрарысты.

Джэймс Зіглер як адзін з чатырох кіраўнікоў Іміграцыйнай службы выступіў з тлумачэньнямі перад падкамітэтам Палаты прадстаўнікоў. Свае паказаньні даваў таксама загадчык Школы пілётаў у Флорыдзе Руды Дэкэрс. Ён адзначыў, што ня быў зьдзіўлены тым, што толькі 11 сакавіка прыйшлі паведамленьні аб прызнаньні візаў двум студэнтам. “Гэта заўсёды бярэ шмат часу”, – сказаў ён.

Дарэчы, кіраўніцтва Іміграцыйнай службы давала паказаньні не таму, што працэс афармленьня студэнцкіх візаў доўжыўся ажно шэсьць месяцаў. Прычынай стала недапушчальная, на думку ўладаў, памылка. На мінулым тыдні, 11 сакавіка, было роўна шэсьць месяцаў пасьля тэрактаў 11 верасьня, і Іміграцыйная служба паслала ў Школу пілётаў у Флорыдзе пасьведчаньні аб прызнаньні студэнцкіх візаў двум мёртвым студэнтам. Гэта былі тэрарысты Мухамад Ата і Марван эль-Шэгды, якія загінулі ў самагубнай атацы. У сувязі з гэтым прэзыдэнт ЗША Джордж Буш прызначыў адмысловую камісію для расьсьледаваньня справы, а ў Кангрэсе пачаліся ажыўленыя дэбаты.

Падкамітэт у справах іміграцыі цікавіўся ў кіраўніцтва Іміграцыйнай службы, ці такія ж паведамленьні аб прызнаньні студэнцкіх візаў былі памылкова пасланыя астатнім загінулым тэрарыстам. “Калі служба ня здолела ідэнтыфікаваць тэрарыстаў ужо пасьля тэракту, дык як жа мы можам стрымаць тэрарыстаў надалей? Гэта сур’ёзная хіба”, – сказаў сябра Палаты прадстаўнікоў Джордж Гэкас.

Джэймс Зіглер прызнаў, што менавіта ягоная служба, а не прыватная кампанія АСS з Даласу, якая займаецца дастаўкай іміграцыйных друкаў, адказная за тое, што ў пару не перахапіла формы І-20S аб прызнаньні неактуальных студэнцкіх візаў. Аднак жа Зіглер стаў таксама на абарону Іміграцыйнай службы, якая, на ягоную думку, карыстаецца састарэлай тэхнікай.

Паводле Зіглера, працэс прызнаньня студэнцкіх візаў быў марудны, бо перад 11 верасьня пытаньне бясьпекі не стаяла гэтак, як цяпер. Таму школы й студэнты не надавалі ўвагі хуткаму атрыманьню візаў. Цяпер Іміграцыйная служба будзе пасылаць запыты ў канкрэтныя школы: ці тыя, хто атрымаў студэнцкую візу, сапраўды ходзяць на заняткі. Адзін з тэрарыстаў 11 верасьня прыбыў у ЗША па студэнцкай візе, але ў школе так і не зьявіўся.

Іміграцыйная служба ЗША плянуе больш значны крок: абмежаваць перабываньне ўсіх чужынцаў на тэрыторыі ЗША да 30 дзён (раней было да шасьці месяцаў). Гэта тычыцца сямі мільёнаў чужынцаў, якія штогод паводле розных візаў прыбываюць у ЗША.
XS
SM
MD
LG