Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛУКАШЭНКА АСУДЗІЎ ПЛЯНЫ ВАЕННЫХ УДАРАЎ ПА ІРАКУ


Юры Дракахруст, Прага

Палітычныя і эканамічныя аспэкты візыту ірацкага міністра мы папрасілі пракамэнтаваць супрацоўніка Ірацкай службы нашага радыё Самі Шорэша.

(Карэспандэнт: ) “Якія мэты мае візыт ірацкага міністра фінансаў у Менск?”

(Шорэш: ) “Гэты візыт – частка спробаў Іраку зьнішчыць сыстэму санкцыяў, накладзеных ААН. Восем гадоў таму Багдад пачаў усталёўваць сувязі з рознымі краінамі, каб абысьці рэжым санкцыяў. Ірак навязвае сувязі з краінамі, якія зацікаўленыя ў ірацкім рынку, нават калі такі гандаль будзе незаконным.

Супрацоўніцтва зь Беларусьсю выгаднае Багдаду, бо Беларусь зьяўляецца крыніцай танных тавараў. Па-другое, Беларусь мае пэўныя тавары ваенага прызначэньня, і Ірак можа скарыстацца яе ваенным абсталяваньнем і зброяй. Для Іраку дадатковая выгада тут палягае ў тым, што Беларусь не знаходзіцца ў цэнтры ўвагі міжнароднай супольнасьці”.

(Карэспандэнт: ) “Падчас свайго візыту ў Беларусь спадар Аль-Азаўі сказаў: “Мы маглі б знайсьці іншыя сфэры, акрамя эканомікі, у якіх маглі бы разьвіваць і ўмацоўваць нашае супрацоўніцтва”. Што ён меў на ўвазе? Ці не ваеннае супрацоўніцтва?”

(Шорэш: ) “Так, дакладна. Ваеннае, а таксама палітычнае супрацоўніцтва. Але галоўнае, менавіта ваеннае, бо Ірак мае няшмат рынкаў, дзе ён мог бы набыць зброю і абсталяваньне. Паколькі Ірак выступае супраць патруляваньня яго тэрыторыі амэрыканскай і брытанскай авіяцыяй, яму патрэбная зброя, найперш сродкі супрацьпаветранай абароны.

Цывільныя праекты супрацоўніцтва зь Беларусьсю зьяўляюцца заслонаю, за якой адбываецца гэтае ваеннае супрацоўніцтва. Але й эканамічнае супрацоўніцтва для Іраку таксама карыснае”.

(Карэспандэнт: ) “Беларускі афіцыйны экспарт у Ірак летась склаў усяго толькі 26 мільёнаў даляраў. Ці ж гэта істотна для такой вялікай краіны, як Ірак?”

(Шорэш: ) “Паміж Іракам і ЗША, Вялікабрытаніяй ды іншымі краінамі ёсьць жорсткі канфлікт. Гэтыя краіны настойваюць на захаваньні санкцыяў, пакуль Ірак не падпарадкуецца ўсім рэзалюцыям ААН. Багдад не зьбіраецца гэтага рабіць, і таму імкнецца зрабіць “дзюркі” ў рэжыме санкцыяў. І у сьвятле ўзгаданага канфлікту зь міжнароднай супольнасьцю гэта мае вялікае палітычнае значэньне. Умацаваньне нават часта эканамічнага супрацоўніцтва прыносіць вялікую палітычную карысьць для Іраку”.

(Карэспандэнт: ) “Падчас візыту ірацкага міністра намесьнік кіраўніка адміністрацыі беларускага прэзыдэнта Леанід Козік заявіў, што супрацоўніцтва Беларусі з Іракам адбываецца выключна ў межах праграмы ААН “Нафта ў абмен на харчаваньне і лекі”. Ці сапраўды гэтак?”

(Шорэш: ) “Усе краіны, што маюць нелегальнае супрацоўніцтва з Іракам, гавораць гэта – маўляў, усе іхныя кантракты адпавядаюць рэзалюцыям ААН. Але насамрэч гэта няпраўда”, – мяркуе супрацоўнік Ірацкай службы нашага радыё Самі Шорэш.
XS
SM
MD
LG