Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НА БЛІЗКІМ УСХОДЗЕ АБМЯРКОЎВАЮЦЬ ВЫНІКІ ВІЗЫТУ Ў ІЗРАІЛЬ ВІЦЭ-ПРЭЗЫДЭНТА ЗША ДЫКА ЧЭЙНІ


Віталь Цыганкоў, Прага

Сёньня раніцай у Ерусаліме па выніках двухдзённага візыту амэрыканскага віцэ-прэзыдэнта адбылася сумесная прэсавая канфэрэнцыя Дыка Чэйні й прэм’ер-міністра Ізраілю Арыэля Шарона. Чэйні зноў падкрэсьліў, што ЗША па-ранейшаму вельмі актыўна займаюцца блізкаўсходнім ўрэгуляваньнем. Чэйні сказаў, што гатовы “па часе” сустрэцца зь Ясірам Арафатам.

(Чэйні: ) “Я сказаў прэм’ер-міністру Шарону, што я гатовы сустрэцца са старшынём Арафатам у бліжэйшы пэрыяд у месцы, якое будзе вызначана. Плян Тэнэта патрабуе, каб Арафат прыклаў 100-адсоткавыя намаганьні, каб спыніць гвалт і тэрор, і я разьлічваю, што гэтыя дзеяньні пачнуцца неадкладна”.

Чэйні падкрэсьліў, што наступны тыдзень будзе надзвычай важным для Арафата, які павінен дабіцца спыненьня гвалту і тэрору з боку палестынцаў. Пазьней на гэтай жа прэсавай канфэрэнцыі Арыэль Шарон заявіў, што гатовы зьняць блякаду зь Ясіра Арафата і выпусьціць яго ў Бэйрут для ўдзелу ў саміце Лігі Арабскіх дзяржаваў. Аднак Шарон адзначыў, што гэта стане магчымым толькі калі Арафат выканае сваю частку пляну Тэнэта. Больш за тое, ізраільскі прэм’ер папярэдзіў, што калі напады на ізраільцян будуць працягвацца, Арафат так і не пакіне сваёй рэзыдэнцыі ў Рамале.

Палестынскія прадстаўнікі сьцьвярджаюць, што амэрыканскі віцэ-прэзыдэнт паказаў сваю перадузятасьць, не сустрэўшыся з Арафатам. “Я не разумею, чаму амэрыканская адміністрацыя так моцна імкнецца быць аднабаковай і слухаць толькі адзін бок за кошт іншага боку”, – кажа Саед Эракат, міністар палестынскага кабінэту. Праўда, Дзярждэпартамэнт ЗША запэўніў палестынцаў, што ў Чэйні проста быў “вельмі жорсткі графік”. Аднак гэта выглядала даволі зьдзекліва, бо Чэйні знайшоў час сустрэцца ня толькі з прэм’ер-міністрам Ізраілю Шаронам, але і зь некаторымі іншымі міністрамі ізраільскага кабінэту.

Магчыма, зараз амэрыканскі бок спрабуе троху сьцішыць раздражненьне палестынцаў. Сёньня раніцай адмысловы прадстаўнік прэзыдэнта ЗША Энтані Зіні незаплянавана сустрэўся зь лідэрам палестынскай аўтаноміі Ясірам Арафатам і выказаў аптымізм наконт пэрспэктываў дасягненьня міру.
XS
SM
MD
LG