Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АБСЭ ЗЬБІРАЕЦЦА ПРЫЗНАЧЫЦЬ АДМЫСЛОВАГА ПАСЛАНЬНІКА Ў СПРАВАХ БЕЛАРУСІ


Юры Сьвірко, Менск

Ужо тры месяцы, як тэрыторыю Беларусі пакінуў папярэдні кіраўнік Кансультацыйна-назіральнае групы АБСЭ ў Менску Ганс-Георг Вік. Ягонага пераемніка на гэтай пасадзе дагэтуль няма, але АБСЭ рыхтуе на 21 сакавіка сюрпрыз для беларускае ўлады.

У чацьвер у Вене адбудзецца чарговае паседжаньне Сталае рады АБСЭ, і прадстаўнік інфармацыйнае службы АБСЭ Кіс Джынкс заявіў сёньня:

(Джынкс: ) “Сталая рада ў чацьвер, мажліва, стане тым месцам, дзе будзе агучанае паведамленьне пра Беларусь”.

Спадар Джынкс дадаў, што да чацьвярга сутнасьць гэтага паведамленьня ніхто раскрываць ня будзе.

Аднак у сацыялістычнай партыі Партугаліі, да якой належыць пакуль яшчэ дзейны старшыня АБСЭ Жаймэ Гама, які неўзабаве пакіне пасаду партугальскага міністра замежных справаў, мне распавялі, што ўжо ўхваленае рашэньне стварыць пасаду адмысловага пасланьніка АБСЭ ў справах Беларусі. Хто зойме гэтую пасаду — пакуль невядома. Але сам факт яе стварэньня будзе сьведчыць пра тое, што АБСЭ разглядае Беларусь як вельмі праблемную краіну, бо звычайна адмысловыя пасланьнікі едуць на вайну ці ў рэгіён зь міжнацыянальным канфліктам.

Прадстаўнік дзейнага старшыні АБСЭ Луіш Кабаса таксама не падае падрабязнасьцяў гэтага рашэньня, але ўскосна пацьвярджае яго:

(Кабаса: ) “Мы знаходзімся на стадыі тэхнічнай працы, але, калі шчыра, гэта мусіць быць абнародаванае Венай”.

Паводле ягоных словаў, дзейны старшыня АБСЭ ведае пра нядаўнюю кіеўскую заяву беларускага міністра замежных справаў Міхаіла Хвастова наконт таго, што трэба спачатку зьмяніць мандат групы АБСЭ ў Менску, а потым прызначаць ейнага кіраўніка.

Мажліва, гэтая заява сталася для эўрапейцаў апошняй кропляй у трохмесячных перамовах вакол прызначэньня новага кіраўніка КНГ АБСЭ.
XS
SM
MD
LG