Лінкі ўнівэрсальнага доступу

4 ЧАЛАВЕКІ ЗАГІНУЛІ Й БОЛЬШ ЯК 60 БЫЛІ ПАРАНЕНЫЯ Ў ЧАСЕ АКЦЫЯЎ ПРАТЭСТУ Ў КІРГІСТАНЕ


Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

У нядзелю ў райцэнтры Аксуйскага раёну цэлы дзень ішлі мітынгі з патрабаваньнем вызваліць з-пад-варты дэпутата заканадаўчага сходу Кіргістану, старшыню парлямэнцкага камітэту ў судова-прававых пытаньнях Азімбэка Бэкназарава.

Акцыі пратэсту працягваліся ўначы зь нядзелі на панядзелак. У іх узялі ўдзел паўтары тысячы чалавек, якія закідалі камянямі будынак адміністрацыі Ак-Суйскага раёну, а потым паспрабавалі штурмаваць раённы аддзел унутраных справаў ды падпалілі тры адміністрацыйныя будынкі. Паведамляецца, што ўдзельнікі акцыі былі ўзброеныя стрэльбамі і бутэлькамі з запальнай вадкасьцю.

Азімбэк Бэкназараў быў арыштаваны на пачатку году сёлета, паводле афіцыйнага абвінавачаньня ў тым, што ў часе працы сьледчым пракуратуры ў 1995 годзе ён не завёў крымінальную справу на чалавека, які зьдзейсьніў забойства.

Пракамэнтаваць сытуацыю я папрасіў журналіста Нарынбэка Ідзінава:

(Ідзінаў: ) “Прычына ў тым, што летась ён моцна крытыкаваў урад і прэзыдэнта Аскара Акаева і нават заявіў, што можна пачынаць працэдуру імпічмэнту прэзыдэнта, паколькі той не інфармаваў парлямэнт пра падпісаньне дзьвюх дамоваў з Кітаем, паводле якіх 125 тысяч гектараў кіргіскіх тэрыторыяў пераходзіць да Кітаю”.

(Карэспандэнт: ) “Прэм’ер міністар Кіргістану Курманбэк Бакіеў сказаў, што акцыя пратэсту была сплянаваная апазыцыяй”.

(Ідзінаў: ) “Цяжка сказаць ці гэта было сплянавана, бо гэта далёкая правінцыя, дзе нават аўтобусы ходзяць кепска. А апазыцыя ня можа нічога арганізаваць у сталіцы, дзе ёсьць апазыцыйныя палітыкі й апазыцыйныя парлямэнтары. Цяжка паверыць, каб гэтыя людзі, седзячы ў Бішкеку, арганізавалі нешта ў правінцыі. Хутчэй за ўсё гэта стыхійныя дзеяньні мясцовага насельніцтва”.

(Карэспандэнт: ) “Міністар унутраных справаў Тэмірбэк Акматаліеў дапускае, што апазыцыя ізноў паспрабуе дэстабілізаваць сытуацыю. Гэткім чынам, мы можам разглядаць усё, што адбываецца як магчымасьць расправіцца з апазыцыяй?”

(Ідзінаў: ) “Вядома, яны будуць ужываць якую заўгодна магчымасьць расправы. Для іх цяпер стаўся галоўным лёзунг стабільнасьці й барацьбы з тэрарызмам, а ўсё, што робіць апазыцыя – гэта дэстабілізацыя”.

(Карэспандэнт: ) “Ці вялікая апазыцыя ў Кіргістане і наколькі яна моцная?”

(Ідзінаў: ) “Апазыцыя надзвычай слабая. У часе дзесяцігадовага кіраваньня Акаева двойчы былі парлямэнцкія выбары, і адзін раз ён разагнаў парлямэнт. У кожным новым парлямэнце колькасьць апазыцыі зьмяншалася, і сёньня са 105 дэпутатаў каля 15 апазыцыянэраў”.

(Карэспандэнт: ) “Што перадаюць вашыя карэспандэнты зь месца падзеяў?”

(Ідзінаў: ) “Апошнія паведамленьні пра тое, што Джалал-Абадзкая вобласьць ізаляваная. Туды немагчыма патэлефанаваць. Дарогі заблякаваныя, і мы з цяжкасьцю дастаем інфармацыю. Туды ўвялі войска. Усю ноч зь нядзелі на панядзелак з аэрапорту Манас у Джалал-Абад выляталі самалёты з амонаўцамі.

Як паведамляюць нашыя карэспандэнты, сёньня ў справе Бэкназарава павінны былі абвесьціць прысуд, але яго адклалі на нявызначаны час.

У лякарнях застаюцца параненыя ўдзельнікі пратэсту. Яны цьвердзяць, што сілавых акцыяў зь іхнага боку не было. Яны не былі ўзброеныя. Тым часам сёньня ў парлямэнце прадстаўнікі праваахоўчых органаў на пытаньне пра тое, чаму яны ўжывалі баявыя патроны, адказалі, што яны ня маюць сродкаў, каб набыць плястыкавыя альбо гумовыя кулі”.

Паводле новай інфармацыі, урад Кіргістану прыняў пастанову ня ўводзіць надзвычайнага становішча ў Джалал-Абадзкай вобласьці. На гэты час 500 удзельнікаў пратэсту заблякавалі аўтамагістраль Бішкек–Ош.
XS
SM
MD
LG