Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У 2003 ГОДЗЕ З ПАЛІТЫЧНАЙ МАПЫ ЭЎРОПЫ КАНЧАТКОВА ЗЬНІКНЕ КРАІНА ЮГАСЛАВІЯ


Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

Пасьля падпісаньня дакумэнту Гаўер Саляна сказаў: “Для ўсяго Эўразьвязу і для мяне ў прыватнасьці сёньня вельмі важны дзень. Гэта дзень, калі мы разам зрабілі істотны крок наперад дзеля стабільнасьці ў рэгіёне і стабільнасьці ў Эўропе”.

Дакумэнт пра новае дзяржаўнае ўтварэньне, якое мусіць паслабіць імкненьне Чарнагорыі да незалежнасьці, прадугледжвае, што кожная краіна праз тры гады мае права на рэфэрэндум пра свой наступны лёс. Гаворыць прэзыдэнт Чарнагорыі Міла Джуканавіч:

(Джуканавіч: ) “Гэтае пагадненьне ніяк не пагражае праву кожнай краіны і кожнай нацыі, у тым ліку Сэрбіі й Чарнагорыі, празь нейкі час перагледзець сваю пазыцыю і запытацца ў сваіх грамадзянаў пра будучыню дзяржавы”.

Пагадненьне пра краіну Сэрбія і Чарнагорыя базуецца на свабодным перамяшчэньні людзей, тавараў, паслугаў і фінансаў між дзьвюма рэспублікамі. У той самы час рынкавыя і мытныя справы будуць весьціся асобна. Паралельна будзе існаваць і агульны рынак, але без сумеснай валюты. Таксама будуць створаныя агульныя ўстановы: аднапалатны парлямэнт, урад, суд, а таксама агульны прэзыдэнт. Супольнае войска будзе створанае паводле асобнага пагадненьня.

Прэзыдэнт Сэрбіі Ваіслаў Каштуніца ахарактарызаваў падпісаны дакумэнт як палітычнае пагадненьне, якое падае структуру будучых дачыненьняў паміж дзьвюма рэспублікамі й вызначае агульныя прынцыпы і форму будучыні ў сьвятле новых адносінаў паміж Сэрбіяй і Чарнагорыяй. Пры гэтым Каштуніца дадаў:

(Каштуніца: ) “Мы гаворым пра палітычнае пагадненьне, якое будзе пасланае на разгляд у парлямэнты Сэрбіі, Чарнагорыі і Югаслаўскае Фэдэрацыі, якія выкажуць адносна яго свае меркаваньні. Пасьля дакумэнт станецца юрыдычным законным Канстутыцыйным актам, які будзе называцца Канстытуцыйны статут”.

Парлямэнты маюць да канца чэрвеня ратыфікаваць Канстытуцыйны статут і да канца сьнежня зрабіць адпаведныя зьмены ў сваіх канстытуцыях.

Увосень будуць праведзеныя выбары новага аб’яднанага парлямэнту, які прызначыць прэзыдэнта і раду міністраў. Мандаты могуць чаргавацца паміж прадстаўнікамі абедзьвюх рэспублік на палове тэрміну выкананьня сваіх службовых абавязкаў. Гэткае самае чаргаваньне мандатаў будзе адбывацца і ў дыпляматычных місіях у Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў, Арганізацыі Бясьпекі і Супрацоўніцтва ў Эўропе, Эўрапэйскім Зьвязе і Радзе Эўропы. Але Сэрбія і Чарнагорыя будуць мець у міжнародных арганізацыях супольнае прадстаўніцтва – гэта значыць адзін голас.
XS
SM
MD
LG