Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ПОЛЬСКАГА МІНІСТРА ЗАМЕЖНЫХ СПРАВАЎ СКРЫТЫКАВАЛІ ЗА СУСТРЭЧУ З ХВАСТОВЫМ


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

Галоўным прыярытэтам для польскай зьнешняй палітыкі па-ранейшаму застаецца далучэньне да Эўразьвязу, а таксама ўзмацненьне свайго становішча ў НАТО. Менавіта гэтым праблемам была прысьвечаная сёньня значная частка больш чым гадзіннай прамовы міністра замежных справаў Польшчы Ўладзімера Цімашэвіча ў Сэйме.

Гаворачы пра адносіны з усходнімі суседзямі, Уладзімер Цімашэвіч шмат увагі надаў кантактам з Расеяй і ролі Польшчы як пасярэдніка паміж Масквой і НАТО. Паводле міністра замежных справаў, для Польшчы важным ёсьць таксама стратэгічнае партнэрства з Украінай.

Паводле Ўладзімера Цімашэвіча, Варшава будзе й надалей падтрымліваць празаходнюю арыентацыю Кіева, украінска-амэрыканскія кантакты, а таксама ажыцьцяўляць захады, каб НАТО больш актыўна прыцягвала Ўкраіну да вайсковага супрацоўніцтва.

Сярод усходніх суседзяў Польшчы, найменш увагі Ўладзімер Цімашэвіч у сваёй прамове надаў адносінам зь Беларусьсю. Гаворачы пра будучыню польска-беларускіх кантактаў, кіраўнік польскай дыпляматыі сказаў:

(Цімашэвіч: ) “На стасункі зь Беларусьсю ўплывае найперш унутраная сытуацыя ў гэтай краіне, наступствамі якой ёсьць міжнародная самаізаляцыя Беларусі. У часе актуалізацыі палітыкі Польскай Рэспублікі адносна Беларусі трэба будзе ацаніць прынцыпы й вынікі гэтай палітыкі, асабліва што тычыцца грамадзкага, культурнага, памежнага і гаспадарчага супрацоўніцтва. У гэтай справе мы будзем праводзіць больш шырокія кансультацыі з Эўразьвязам й іншымі заходнімі партнэрамі”.

Такім чынам, міністар пацьвердзіў свае ранейшыя заявы аб тым, што палітыка Польшчы адносна Беларусі ня зьменіцца. Найвялікшы заходні сусед Беларусі ў дачыненьнях зь Менскам будзе прыслухоўвацца да пазыцыі Эўразьвязу. А адзіныя сфэры міждзяржаўных адносінаў, пра зьмены у якіх можна гаварыць, гэта культурнае і эканамічнае супрацоўніцтва, асабліва ў памежных рэгіёнах.

Пра тое, што гаспадарчыя кантакты зь Беларусьсю могуць паспрыяць дэмакратызацыі гэтай краіны, у часе абмеркаваньня прамовы міністра, сказаў прадстаўнік вядучай парлямэнцкай партыі – Саюзу левых дэмакратаў, Ежы Яскерня:

(Яскерня: ) “У прамове была зьвернутая ўвага на складаныя, але важныя стасункі зь Беларусьсю. Натуральна, што шмат залежыць ад унутранай сытуацыі ў гэтай краіне. Аднак нельга дапусьціць, каб наш сусед аказаўся па-за полем інтарэсу польскай замежнай палітыкі, хаця б у сфэры справаў гаспадарчых, дзе двухбаковае супрацоўніцтва можа спрычыніцца да вырашэньня ў Беларусі праблемаў дэмакратыі й абароны правоў чалавека, на якія мы зьвяртаем шмат увагі”.

У часе дэбатаў віцэ-сьпікер Сэйму, адзін з кіраўнікоў найбольш моцнай апазыцыйнай партыі “Грамадзянская плятформа” Мацей Блажыньскі скрытыкаваў Уладзімера Цімашэвіча за апошнюю сустрэчу зь міністрам замежных справаў Беларусі Міхаілам Хвастовым.

(Блажыньскі: ) “Спадар міністар абмінуў у свай прамове факт сустрэчы зь міністрам замежных справаў Беларусі. Мы хочам ведаць, якія сэнс і мэта гэтага спатканьня. Афіцыйных кантактаў зь Беларусьсю не было шмат гадоў. Такім чынам, мы адыходзім ад міжнароднай палітыкі адносна Лукашэнкі – палітыкі, якую праводзяць амаль усе краіны. Мы хочам ведаць, ці адпавядае гэта нацыянальным інтарэсам Польшчы”.

Нагадаю, што сам міністар Уладзімер Цімашэвіч шматкроць заяўляў, што ягоная апошняя сустрэча зь Міхаілам Хвастовым у Беластоку не была ні афіцыйнай, ні працоўнай і вынікала толькі з правілаў гасьціннасьці.
XS
SM
MD
LG