Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“WASHINGTON POST”: ЗША ДАПАМАГАЕ ВЫДАВАЦЬ ПАДАЗРАВАНЫХ У ТЭРАРЫЗЬМЕ Ў КРАІНЫ, ДЗЕ ПАДЧАС ДОПЫТАЎ КАТУЮЦЬ


Алена Панкратава, Прага

Нядаўняя публікацыя ў газэце “Washington Post” адносна таго, што ЗША дапамагае выдаваць падазраваных у тэрарызьме ў тыя краіны, дзе ў часе допытаў выкарыстоўваюцца катаваньні, выклікала вялікі рэзананс сярод амэрыканскіх аналітыкаў і праваабарончых арганізацыяў. Факты з публікацыі, сталі прадметам расьсьледаваньня юрыстаў Human Rights Watch.

Аднак спачатку – пра зьмест публікацыі. У 1984 годзе ЗША падпісалі пагадненьне ААН, якое забараняе ўсялякія катаваньні. Аднак, як вынікае з артыкулу, пасьля трагічных падзеяў 11 верасьня назіраюцца выпадкі, калі Штаты супрацоўнічаюць з тымі краінамі, дзе выкарыстоўваюцца падобныя катаваньні. Да экстрадыцыяў падазраваных маюць дачыненьне і супрацоўнікі ЦРУ.

Адзін з самых яскравых прыкладаў тычыцца Магамада Садама Ікбала, які ў лістападзе прыехаў з Пакістану ў Інданэзію. Паводле “Washington Post”, Ікбал меў два пашпарты – пакістанскі й эгіпэцкі. Праз два месяцы ў Джакарту прыбыў прадстаўнік ЦРУ і пачаў дамагацца, каб інданэзійскія ўлады арыштавалі Ікбала. Сярод аргумэнтаў – Ікбал добра знаёмы з Рычардам Рэйдам, грамадзянінам Вялікабрытаніі, які быў затрыманы ў сьнежні ў часе спробы зьнішчыць амэрыканскі пасажырскі самалёт з дапамогай схаванай у абутку выбухоўкі.

Як піша “Washington Post”, менавіта ў той жа час Каір зьвярнуўся да Джакарты, каб тая выдала Ікбала. У выніку Ікбала даставілі ў Эгіпэт на маленькім рэактыўным самалёце, зарэгістраваным ЗША. “Washington Post” спасылаецца на справаздачу Дзярждэпартамэнту ЗША па правах чалавека, падаючы інфармацыю пра тое, што эгіпэцкія сілы бясьпекі часта катуюць падчасе допытаў асобаў, якіх падазраюць у тэрарызьме.

Карэспандэнт Свабоды вырашыў высьветліць, што ў зьвязку з гэтае публікацыяй думаюць амэрыканскія экспэрты. Джэймс Філіпс з Вашынгтонскага незалежнага цэнтру Heritage Foundation заявіў, што дзеяньні ў адносінах да Ікбала, які падазраецца ў тэрарызьме і расшукваецца Эгіптам (саюзьнікам ЗША), правамоцныя, калі яны не парушаюць ні эгіпэцкіх, ні інданэзійскіх законаў.

Філіпс перакананы, што практыка ЗША ў дапамозе выдачы падазраваных іншым краінам ухвальная і прымальная, бо ідзе вайна супраць тэрарызму. Адносна магчымага катаваньня Ікбала, пра якое піша “Washington Post”, Джэймс Філіпс выказаўся наступным чынам:

(Філіпс: ) “Я ня думаю, што можна казаць, што яго будуць катаваць. Калі ён кажа праўду, дык да яго нават не дакрануцца. Акрамя таго, хто ведае, можа ад ягонай інфармацыі залежыць шмат жыцьцяў. Ва ўсякім разе, гэта рашэньне эгіпцянаў”.

Іншыя аналітыкі зь Нью-Ёрскага цэнтру палітыкі, сярод якіх Артур Хэлтан, ня згодныя з падобнымі выказваньнямі. Артур Хэлтан ня ўпэўнены, што падобныя выпадкі, пра якія паведламляе “Washington Post”, могуць быць легітымнымі й правамоцнымі.

Джэймс Рос, юрыст арганізацыі Human Rights Watch, сьцьвярджае, што амэрыканскія агенты дзейнічаюць незаконна. Канвэнцыя ААН забараняе выдачу ў краіны, дзе практыкуюцца катаваньні.
XS
SM
MD
LG