Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦІ ПАДОЎЖАЦЬ СЛУЖБОВУЮ ВІЗУ ВЫКАНАЎЦУ АБАВЯЗКАЎ КІРАЎНІКА КНГ АБСЭ Ў БЕЛАРУСІ?


Уладзімер Глод, Менск

Сёньня супрацоўнікі Кансультацыйна-назіральнай групы пачалі падрыхтоўку неабходных дакумэнтаў для падаўжэньня тэрміну службовай візы спадару Рывалье. Пасьля адпаведную ноту накіруюць у Міністэрства замежных справаў Беларусі. Пасада, якую з 31 сьнежня мінулага году займае Мішэль Рывалье, прадугледжвае менавіта такі парадак працэдуры падаўжэньня візы — праз дыпляматычную ноту.

Між тым у палітычных кулюарах выказваецца думка, што беларускія ўлады могуць скарыстаць гэты момант і адмовіць у просьбе спадара Рывалье, каб гэткім чынам пакінуць групу без кіраўніка. Як можа павесьці сябе міжнародная супольнасьць і перадусім АБСЭ, калі беларускія ўлады сапраўды пачнуць прытрымлівацца ўзгаданай тактыкі? На гэтае пытаньне адказвае сябра сталай дэлегацыі Вярхоўнага Савету Беларусі ў Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ Ўладзімер Нісьцюк:

(Нісьцюк: ) "Я думаю, калі беларускае кіраўніцтва пойдзе такім шляхам, дык у міжнародных арганізацыях, у тым ліку і АБСЭ, існуе шмат мэханізмаў, як адэкватна адказаць на гэтыя крокі. Мне думаецца, што ў тых умовах, у якіх знаходзіцца Беларусь зараз, і асабліва ў эканамічных умовах, Беларусь не павінна ісьці на такі крок.

Гэта вельмі небясьпечна, таму што адразу адродзіцца пытаньне, якое ставілася ў Кангрэсе Злучаных Штатаў Амэрыкі наконт санкцыяў адносна Беларусі. Злучаныя Штаты і шэраг дэмакратычных краінаў Эўропы паставяць такі блёк беларускай эканоміцы, які не кампэнсуецца ніякімі намаганьнямі Расеі. Тым больш, што Расея зараз не гарыць вялікім жаданьнем (і мы бачым гэта) актыўна дапамагаць Беларусі. Таму рабіць такія крокі... Гэта будуць "Дразды-2". Ні больш, ні менш. І наступствы могуць горшыя, чым былі тады".
XS
SM
MD
LG