Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ШВАЙЦАРСКАЯ ГАЗЭТА “NEUE ZUERCHER ZEITUNG” ПАВЕДАМЛЯЕ ПРА ЗВАРОТ РАДЫ ЭЎРОПЫ ДА БЕЛАРУСКІХ УЛАДАЎ


Алена Панкратава, Прага

Спачатку мне хацелася б спыніцца на тым, што “Neue Zuercher Zeitung” – не адзіная газэта, якая піша ў гэтыя дні пра сьмяротнае пакараньне. Сярод 43 сябраў Рады Эўропы ёсьць краіны – Расея, Арменія, Турцыя, дзе само сьмяротнае пакараньне не адмененае, а проста адтэрмінаванае на нейкі пэрыяд – іншымі словамі, дзейнічае мараторый на яго.

Гэтымі днямі аўстрыйская “Standard” напісала пра сьмяротнікаў у Турцыі, а журналісты нямецкіх выданьняў крыху раней распавялі пра падобных вязьняў у Расеі й Арменіі. Галоўны лейтматыў артыкулаў: шлях гэтых краінаў, а тым больш Беларусі ў падобным напрамку – як на ўзроўні кіраўніцтва, так і на ўзроўні масавай сьвядомасьці – можа быць надзвычай складаным.

Рэч у тым, што некалькі пакаленьняў былых савецкіх грамадзянаў ведаюць, што адмена сьмяротнага пакараньня, якая ўводзілася саветамі ў досыць цяжкія часы (у 1917-м, а потым у 1947-м годзе) нічога пазытыўнага не прынесла. Злачынцы жорстка забівалі нявінных, аднак адэкватнага пакараньня не панесьлі.

Другі момант, на які зьвяртаюць увагу заходнія журналісты наступны: сёньня нават некаторыя прадстаўнікі тых жа расейскіх і беларускіх дэмакратычных колаў ня згодныя з тым, што патрабаваньне адмены сьмяротнага пакараньня з боку эўраструктураў павінна быць першым і галоўным патрабаваньнем. Напрыклад, больш важна зьвярнуць увагу на палітычных зьняволеных…

Калі я закранула гэты момант у размове з галоўным дарадцам Рады Эўропы па справах Беларусі, эўрадэпутам Вольфгангам Бэрэндтам, ён адказаў наступным чынам: “На гэты момант усе 43 краіны-сяброўкі Ражы Эўропы прынялі адмену сьмяротнага пакараньня, зразумеўшы, што гэта галоўнае з парушэньняў правоў чалавека. За гэтым рашэньнем – вялікая заканадаўчая і маральная праца ў гэтых грамадзтвах”.

Як вядома, Вольфганг Бэрэндт у сьнежні наведаў Беларусь, пабываў у турмах, дзе адбываюць пакараньне палітычныя зьняволеныя, а таксама будучыя сьмяротнікі. Спадар Бэрэндт правёў шмат перамоваў зь беларускімі ўладамі адносна зьмягчэньня іхных пакараньняў.

Некалькі месяцаў таму нямецкі дэпутат нават напісаў ліст да Лукашэнкі з патрабаваньнем перагледзець справу Бандажэўскага, аднак адказу так і не атрымаў. Адказу на які зварот, на ягоную думку, трэба чакаць з боку беларускіх уладаў найперш? Ці трэба ўвогуле гэтага чакаць? Спадар Бэрэндт адказаў на гэтае пытаньне пасьля доўгай паўзы:

(Бэрэндт: ) “Я думаю, што Менск хутчэй абвесьціць пра мараторый на сьмяротнае пакраньне. Беларускія ўлады далі зразумець, што хочуць аднавіць свой гасьцявы статус ў Радзе Эўропы. Нягледзячы на тое, што падзеі апошняга часу ў Беларусі не выклікаюць вялікага аптымізму, я таксама спадзяюся, што могуць быць вызваленыя, хоць і ня ўсе, аднак некаторыя палітзьняволенныя. Напрыклад, Клімаў. У яго ёсьць добрыя шанцы на вызваленьне”.

Спадар Бэрэндт дадаў таксама, што для Беларусі, калі яна хоча стаць раўнапраўнай дзяржавай у эўрапейскай сям’і, важна ведаць, што мараторый на сьмяротнае пакраньне – гэта першы, аднак вельмі важны крок. За гэтым крокам павінен быць наступны: адмена сьмяротнага пакараньня; далей павінен быць спынены перасьлед апазыцыі; далей мусіць пачаць дзейнічаць лібэральны Закон аб друку. Гэта той мінімум, яога чакае Эўропа ад Беларусі.
XS
SM
MD
LG