Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“У АДНОСІНАХ ЗЬ БЕЛАРУСЬСЮ НІЧОГА НЕ ЗЬМЯНІЛАСЯ. СУСТРЭЧА МІНІСТРАЎ НЕ БЫЛА НАВАТ РАБОЧАЙ”


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

“Афіцыйная пазыцыя Польшчы, што да праблемаў, якія прысутнічаюць у палітычнай практыцы ў Беларусі, не зьмянілася. Мы са смуткам ставімся да такіх рэчаў як непавага да свабоды слова і, на жаль, неразуменьне Беларусьсю сутнасьці цяперашняй дэмакратыі й свабоды у Эўропе. Найбольш нас непакояць шматлікія выпадкі зьнікненьня апазыцыйных палітыкаў. Гэта справы, якія патрабуюць высьвятленьня і абцяжарваюць Беларусі стварэньне нармалёвых стасункау ня толькі з Польшчай”, – заявіў журналістам беластоцкага “Kuriera Porannego” міністар замежных справаў Польшчы Ўладзімер Цімашэвіч.

На пытаньне журналістаў газэты, чаму тады ён сустракаўся зь беларускім міністрам, Уладзімер Цімашэвіч сказаў: “Звычайная гасьціннасьць вымагае добра прыняць госьця і добра ставіцца да яго. У часе спатканьня мы не аб чым не дамаўляліся”.

“Kurier Poranny” зьвяртае ўвагу і на тое, што ў часе канцэрту міністры не займалі суседніх крэслаў – паміж імі сядзелі архіяпіскап беластоцка-гданьскі Якуб і жонка Ўладзімера Цімашэвіча Барбара.

Беластоцкае выданьне “Gazety Wyborczej” пад загалоўскам “Спатканьне без наступстваў” зьмяшчае кароткі артыкул аб нядзельнай сустрэчы міністраў. “Wyborcza” таксама цытуе Ўладзімера Цімашэвіча, які сказаў, што спатканьне зь беларускім міністрам замежных справаў не было ні афіцыйным, ані нават рабочым.

Ня больш увагі прысьвяціў гэтай падзеі і аўтарытэтны штодзёньнік “Rzeczpospolita”. У кароткім паведамленьні газэта адзнае, што польскі бок пакуль бачыць магчымасьць супрацоўніцтва зь Беларусьсю толькі ў культурнай і гаспадарчай сфэрах.

Усе згаданыя газэты цытуюць таксама словы беларускага міністра замежных справаў, які сказаў, што АБСЭ ня ведае, якую палітыку праводзіць у дачыненьні да Беларусі, а Рада Эўропы павінна размаўляць зь Менскам і надаваць Беларусі столькі ўвагі, як і іншым краінам былога СССР. Кіраўнік Польскага МЗС прызнаўся, што ў часе размовы гэтыя словы свайго беларускага калегі на адрас эўрапейскіх інстытуцыяў ніяк не камэнтаваў.

А масавы беластоцкі штодзёньнік “Gazeta Wspolczesna” ў вялікім матэрыяле “Беларускі гала-канцэрт”, прысьвечаным фэстывалю беларускай песьні, пра прысутнасьць на канцэрце палітыкаў увогуле ня згадвае.
XS
SM
MD
LG