Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ПРАЙШЛО ПАЎГОДА З 11 ВЕРАСЬНЯ – ДНЯ АМЭРЫКАНСКАЙ ТРАГЕДЫІ


Юры Дракахруст, Прага

Джо Коры, фінансавы кансультант з Ўол Стрыт, 11 верасьня на свае вочы бачыў, як першы самалёт-забойца ўрэзаўся ў паўночную вежу гандлёвага цэнтру. Там загінулі тры ягоныя сябры.

(Коры: ) “Я сапраўды бачыў, як першы самалёт урэзаўся ў будынак. Я прыгадваю гэта кожны раз, калі бываю тут. І кожны раз, калі я чую самалёт, я гляджу ў неба. І на людзей я цяпер гляджу крыху інакш. Ня тое, што з большаю прадузятасьцю, але я больш зьвяртаю ўвагі на тое, як яны апранутыя і на якіх мовах гавораць”.

Сёньня, праз шэсьць месяцаў пасьля тэрарыстычнай атакі ў Нью-Ёрку, адбываюцца жалобныя ўрачыстасьці, у парку паблізу ад месца трагедыі адкрываецца мэмарыял “Сфэра”. Гэты манумэнт з 1971 году стаяў на пляцы Ўсясьветнага гандлёвага цэнтру і цудам амаль не пацярпеў 11 верасьня. Часовы мэмарыял, які адчыняецца сёньня, уяўляе сабою два промні сьвятла, накіраваныя ў неба, яны будуць нагадваць у начным Мангэтэне дзьве зьнішчаныя вежы.

Пакуль толькі пачынаецца абмеркаваньне таго, якім мусіць быць сталы помнік. Некаторыя сем’і загінулых 11 верасьня прапануюць пабудаваць мэмарыял на месцы, дзе стаялі вежы. Іншыя мяркуюць, што найлепшай памяцьцю ахвярам стала б аднаўленьне будынкаў.

Ізноў гаворыць Джо Коры:

(Коры: ) “Я мяркую, што вежы мусяць быць адноўленыя. І гэта і будзе помнікам. Я страціў тут трох добрых сяброў, але я мяркую, што мы лепш запомнім іх, калі іх імёны будуць выбітыя на адноўленых вежах. Можа, яны ня мусяць быць такімі высокімі, як раней, але яны мусяць быць адбудаваныя на тым жа месцы ці побач”.

Джо Коры, нью-ёрскі бізнэсовец, гаворыць, што пасьля 11 верасьня захоўваецца адчуваньне небясьпекі новых тэрактаў.

(Коры: ) “У гэтым раёне прынятыя адмысловыя меры бясьпекі. Калі я іду на працу, мне трэба паказваць пасьведчаньне. Правяраюць некалькі разоў. Тут вельмі шмат паліцыі. Многія разумеюць, што ня выключаная новая атака”.

Дэрыл Джонсан працуе ў транспартнай службе Нью-Ёрку. Ён гаворыць, што 11 верасьня прымусіла яго пераасэнсаваць сваё жыцьцё.

(Джонсан: ) “Я стаў бліжэй да сваёй сям’і, чым раней. Я навучыўся цаніць кожны пражыты дзень. Я ня веру ў тое, што бясьпека зараз істотна падвысілася, асабліва што тычыцца бясьпекі з паветра. Я не веру запэўніваньням улады”.

Наведнікі Мангэтэну, канадцы браты Том і Эдвард Бар выказваюць розныя меркаваньні. Том лічыць, што жыцьцё вяртаецца ў нармальную каляіну.

(Том Бар: ) “Гэты дзень сапраўды зьмяніў жыцьцё ва ўсім сьвеце. Аднак мне падаецца, што зараз, праз паўгода, сьвет вяртаецца на той шлях, якім ішоў раней. І мне не падаецца, што зьмены былі такія ўжо значныя”.

Ягоны брат Эдвард мяркуе, што замежнікі проста ня могуць цалкам адчуць, што перажылі амэрыканцы 11 верасьня.

(Эдвард Бар: ) “Мы ня можам гэта адчуць, як амэрыканцы. Гэта шнар і на канадзкай душы, але на душы Амэрыкі ён значна глыбейшы. Гэта іншае. Хаця мы й блізкія суседзі, мы ня можам гэта адчуць гэтак жа, як амэрыканцы”.

Марыя Альмэйда, эмігрантка з Бразыліі, якая жыве ў Нью-Ёрку ўжо 20 гадоў, мяркуе, што пасьля 11 верасьня людзі ў Нью-Ёрку сталі больш спагадлівымі адзін да аднаго і да замежнікаў.

(Альмэйда: ) “Яны моцна зьмяніліся. Я адчуваю, якія сымпатычныя людзі тут жывуць, як прыхільны яны ставяцца да людзей, што прыяжджаюць сюды з усяго сьвету. Раней так не было. Я адчуваю іхны боль, адчуваю іх стаўленьне да мяне. Мы адчуваем, што ўсё будзе добра”.

Дасьледаваньні псыхолягаў паказалі, што нью-ёркцы пасьля трагэдыі сапраўды сталі больш прыязна ставіцца адзін да аднаго. Дробныя будзённыя праблемы адышлі на другі плян. Тым ня меньш адмыслоўцы фіксуюць і другую хвалю дэпрэсіі, якая распаўсюджваецца сярод насельніцтва Нью-Ёрку. Дадатковыя меры бясьпекі й папярэджаньні пра магчымыя пагрозы толькі ўзмацняюць гэтае адчуваньне трывогі.
XS
SM
MD
LG