Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“АДЗІНЫ ВЫБАР ДЛЯ РАСЕІ – БЫЦЬ БЛІЖЭЙ ДА ЗАХАДУ”, – МЯРКУЕ ЗЬБІГНЕЎ БЖЭЗІНЬСКІ


Вячаслаў Ракіцкі, Прага

Заклапочанасьць Расеі сваім геапалітычным станам пасьля распаду СССР Бжэзіньскі назваў “зразумелай”, дадаўшы: “Калі б у Мэксыцы жыло паўтара мільярда кітайцаў, і эканоміка іх была б мацнейшай, і плюс яшчэ 300 мільёнаў мусульманаў у Канадзе, то мы таксама былі б заклапочаныя сваім геапалітычным станам”.

Паколькі ў Расеі шмат небясьпечных суседзяў з усходу і поўдня, то, на думку палітоляга, “адзіны выбар для Расеі – быць бліжэй да Захаду”. Для Амэрыкі, падкрэсьліў Бжэзіньскі, больш шчыльнае партнэрства з Расеяй азначае стабільнасьць у Эўропе і сьвеце, павелічэньне ўзаемнага даверу па абодва бакі Атлянтыкі.

Але ж у сваёй працы “Вялікая шахматная дошка” ў 1997 годзе Бжэзіньскі пісаў, што “для Амэрыкі Расея занадта слабая, каб быць яе партнэрам”… Гэтае ягонае выказваньне мае працяг: “…але, як і раней, занадта моцная, каб быць проста яе пацыентам”.

Выступаючы гэтым разам у Маскве, Бжэзіньскі даў зразумець, што калі Расея ня пойдзе на збліжэньне з Захадам, то яна можа стаць пацыентам кітайцаў ці мусульманаў. Менавіта так паставіўшы пытаньне, ЗША, паводле Бжэзіньскага, маглі б выканаць сваю галоўную задачу пасьля халоднай вайны: “не дапусьціць адраджэньня зноў эўразійскай імпэрыі, якая здольная перашкодзіць ажыцьцяўленьню амэрыканскай геастратэгічнай мэты фармаваньня больш моцнай эўраатлянтычнай сыстэмы, зь якой у будучыні Расея магла б быць трывала і надзейна зьвязаная”.

“Пасьля 11 верасьня Расея, ідучы на збліжэньне з Захадам, патрабуе ад яго пэўных саступак. Зьяўляюцца паведамленьні нават пра тое, што нібыта Расея далучаецца да мэханізму прыняцьця палітычных рашэньняў у НАТО”, – зьвярнуліся журналісты да Бжэзіньскага. Той адказаў, што гэтыя паведамленьні ёсьць “неахайнай журналісцкай падачай”, бо за імі стаіць дрэнная інфармаванасьць пра “дваццатку”, пра працэдуру прыняцьця ёю рашэньняў і, нарэшце, у чым сутнасьць прапановы НАТО расейскаму ўраду.

Бжэзіньскі ў сваіх выступах у Маскве даваў зразумець, што статусу, які б хоць у нейкай ступені нагадваў роўнасьць, у Расеі ў НАТО ня будзе. Бжэзіньскі адзначыў: “Да канца гэтага году НАТО будзе мець не 19 сябраў, а прынамсі 23, магчыма, 24, а, магчыма, і 26 сябраў. Тады формула супрацоўніцтва з Расеяй, натуральна, зьменіцца”.

“Вядома, што прыбыцьцё амэрыканскіх вайскоўцаў у Грузію выклікала даволі нэрвовую рэакцыю Масквы. Як расцэньвае Зьбігнеў Бжэзіньскі амэрыканскую вайсковую прысутнасьць у Грузіі і рэакцыю на гэта Расеі?” – спыталіся ў палітоляга.

Бжэзіньскі падкрэсьлівае, што “супрацоўніцтва ЗША з Грузіяй – гэта адказ на патэнцыйную нестабільнасьць у гэтай краіне і выяўленьне зацікаўленасьці ў стабільнасьці на ўсім Каўказе”. Паколькі “расейскі ўрад ужо даўно адзначаў, што мае месца тэрарыстычная актыўнасьць, якая зыходзіць, у прыватнасьці з Грузіі”, то, на думку амэрыканскага палітоляга, Расея павінна вітаць дзеяньні ЗША.

“Тым ня менш, у Маскве гучаць прапановы пра далучэньне Абхазіі й Паўдзённай Асэтыі да Расейскай Фэдэрацыі”, – менавіта такое пытаньне задала Зьбігневу Бжэзіньскаму расейская “Независимая газета”.

І вось ягоны адказ: “Ня думаю, што ў інтарэсах якой-небудзь краіны ў Эўразіі было б уздымаць пытаньні, што закранаюць тэрытарыяльную цэласнасьць дзяржаваў, Гэта можа стаць заразнай хваробай”. А на заўвагу карэспандэнта, што “гэта ня першы выпадак перакройкі межаў, скажам, калі паглядзець на Балканы ці іншыя раёны, дзе ЗША таксама бралі ўдзел у падобных сытуацыях”, Бжэзіньскі сказаў, што Злучаныя Штаты “не перакройвалі ніякіх межаў, а толькі рэагавалі на распад Югаславіі”.

Палітоляг падкрэсьліў, што “дэмантаж Савецкага Саюзу, па-сутнасьці, не прывёў да ўтварэньня новых межаў. А вось зьяўленьне новых лініяў падзелу ўнутры існай дзяржавы стварыла б неспрыяльны і небясьпечны прэцэдэнт”.
XS
SM
MD
LG