Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

САЮЗЬНІКІ ЗМАГАЮЦЦА СУПРАЦЬ “АЛЬ-КАІДЫ”


Вячаслаў Ракіцкі, Прага

Паводле паведамленьня Пэнтагону, амэрыканскія і афганскія сілы наносяць удары ля Гардэзу, дзе разгортваюцца асноўныя падзеі. Француская авіяцыя кідае бомбы. Нарвэгія, Канада і Аўстралія разгарнулі атрады жаўнераў, якія спэцыялізуюцца ў вядзеньні бою ў зімовых умовах. Нямецкія, дацкія і яшчэ адной неназванай краіны сілы таксама ўдзельнічаюць у наземных апэрацыях.

Дыпляматы выказалі задавальненьне, што кіраўнік амэрыканскага камандаваньня Томі Фрэнкс уключыў у плян апэрацыі каля 200 жаўнераў з краінаў-партнэраў. Гэта прыкладна 10% ад агульнай колькасьці вайскоўцаў, якія бяруць удзел у бітве супраць баявікоў “Аль-Каіды” і талібаў. У кааліцыйным войску таксама болей за адну тысячу амэрыканскіх жаўнераў і блізка да гэтага іхных афганскіх саюзьнікаў.

Эўрапейскія дыпляматы заяўляюць, што з палітычнага і ваеннага гледзішча карысна рабіць такія дзеяньні разам. Меркаваньне, выказанае Вашынгтонам, што Амэрыка нагэтулькі моцная, што найлепш ёй ажыцьцяўляць пэўныя дзеяньні самастойна, чым у партнэрстве, эўрапейскія дыпляматы называюць мітам. На іхную думку, гэтая апэрацыя дала шанец адміністрацыі Буша паказаць саюзьнікам, што яны частка кааліцыі й было б прынамсі дзіўным ня выкарыстаць сілы саюзьнікаў, якія знаходзяцца там.

Дагэтуль амэрыканскія саюзьнікі пераважна займаліся падтрыманьнем міру ў Кабуле – каля 4900 чалавек з 18 краінаў патрулявалі вуліцы. У сераду дзьве супрацьпаветраныя ракеты ўзарваліся раней, як міратворцы змаглі іх дэмантажаваць. Загінулі два немцы і тры датчаніны.

Палявы камандзір апэрацыі, амэрыканскі генэрал-маёр Фрэнклін Хагенбэк патлумачыў, што вялікая шматнацыянальная апэрацыя плянавалася за тры тыдні да яе пачатку. Але ўрадам саюзьнікаў не былі даведзеныя дэталі апэрацыі. Міністар абароны ЗША Дональд Рамсфэльд патлумачыў гэта тым, што сілы кааліцыі былі “моцна занятыя”.

Тымчасам афіцыйныя асобы Аўстраліі паведамілі, што іх вайскоўцы мелі сутычку з баевікамі “Аль-Каіды” і талібамі. Паводле афіцыйных асобаў, войска Канады (ад 15 да 20 канадзкіх жаўнераў уключна зь дзьвюма групамі снайпэраў) бярэ ўдзел у апэрацыі. Нямецкія афіцыйныя асобы цьвердзяць, што жаўнеры Нямеччыны займаюцца транспартыроўкай параненых. Паводле францускага ўраду, француская авіяцыя бярэ ўдзел у выведных палётах і бамбаваньні Гардэзу. Самалёты ўздымаюцца ў паветра з авіяцыйнай базы ў Кыргызстане.

Францыя, Брытанія і Нямеччына маюць у рэгіёне падразьдзяленьні зь некалькіх тысяч чалавек кожная. Паводле Рамсфэльда, 17 тысяч неамэрыканскіх жаўнераў, маракоў, пілётаў і марскіх пехатынцаў разгорнутыя ў рэгіёне пад кіраўніцтвам Цэнтральнага амэрыканскага камандаваньня.
XS
SM
MD
LG