Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ЯК ПАРЛЯМЭНЦКІЯ ВЫБАРЫ Ў ПАРТУГАЛІІ АДАБ'ЮЦЦА НА БЕЛАРУСКАЙ ЗАМЕЖНАЙ ПАЛІТЫЦЫ


Юры Сьвірко, Менск

Летась, калі ў АБСЭ старшынявала Румынія, ейны міністар замежных справаў Мірча Джэана так і не наведаў Беларусь, хаця тут адбываліся прэзыдэнцкія выбары. Ягоны пераемнік на пасадзе дзейнага старшыні АБСЭ — партугальскі міністар Жаймэ Гама — таксама не сьпяшаецца ў Менск, хаця пытаньне наконт кіраўніка групы АБСЭ ў Беларусі застаецца неразьвязаным.

Я патэлефанаваў у Лісабон Луішу Кабасу, прадстаўніку дзейнага старшыні АБСЭ ў справах Беларусі, ды спытаўся, ці плянуе шэф партугальскае дыпляматыі наведаць Менск.

(Кабаса: ) “Не ў блізкай будучыні. Вось што адбылося. Ён меў заплянаваную паездку ў гэты рэгіён — ня толькі ў Беларусь, але таксама ў Расею ды Ўкраіну. Аднак яна была адкладзеная.

Тым часам у нас у Партугаліі ў сакавіку пройдуць парлямэнцкія выбары, таму мы ня ведаем, ці застанецца спадар Гама дзейным старшынём АБСЭ пасьля сакавіка”.

У наступную нядзелю, 17 сакавіка, адбудуцца выбары ў Сход Рэспублікі — так называецца аднапалатны парлямэнт Партугаліі.

Адным з удзельнікаў выбарчае кампаніі ёсьць Жаймэ Гама. Супрацоўнік партугальскага МЗС Луіш Кабаса сказаў пра свайго міністра наступнае:

(Кабаса: ) "Ён балятуецца ў парлямэнт. Партыя, якая зьбярэ найбольш галасоў, будзе фармаваць новы ўрад. Мы ня ведаем, будзе гэта сацыялістычная партыя, да якой належыць міністар Гама, або апазыцыйная сацыял-дэмакратычная партыя. Такім чынам, можа атрымацца так, што Жаймэ Гама зноў стане міністрам замежных справаў і дзейным старшынём АБСЭ, альбо цяперашні апазыцыянэр будзе прызначаны новым міністрам і новым дзейным старшынём”.

А італійскі прэм'ер-міністар Сільвіа Бэрлюсконі ў сакавіцкім інтэрвію ўгорскаму тэлебачаньню сказаў, што партыя Жаймэ Гамы можа прайграць выбары. "Натуральна, я рады бачыць, што можна чакаць прасоўваньня правых у некалькіх важных краінах — напрыклад, у Партугаліі, дзе выбары будуць праведзеныя празь некалькі дзён", — зазначыў кіраўнік ураду Італіі.

Як кажуць нашыя крыніцы ў Лісабоне, афіцыйны Менск можа быць зацікаўлены ў перамозе цяперашняй партугальскай апазыцыі, бо тады зьменіцца дзейны старшыня АБСЭ й дыялёг зь ім прыйдзецца пачынаць наноў.

Аднак партугальскія дыпляматы мяркуюць, што пазыцыя дзейнага старшыні АБСЭ наўрад ці зьменіцца, нават калі ім стане іншая асоба. Таму афіцыйнаму Менску ня варта разьлічваць на разуменьне ягоных заяваў пра тое, што Кансультацыйна-назіральная група АБСЭ ў Менску зрабілася рупарам і лідэрам беларускае апазыцыі.

Гаворыць Луіш Кабаса:

(Кабаса: ) “Калі беларускі ўрад лічыць, што гэта так, тады найлепшым выйсьцем было б займець новага кіраўніка групы на месцы як мага хутчэй. Таму што гэты новы кіраўнік зможа абвергнуць гэтыя абвінавачаньні. Калі яны абвінавачваюць групу ў тым, што яна зрабіла тое, зрабіла сёе ды зьяўляецца перашкодай, калі яны кажуць, што амбасадар Вік ачольваў апазыцыю — яны змогуць дасягнуць сваёй мэты толькі тады, калі ў іх будзе прызначаны кіраўнік групы. Таму што тады яны змогуць з кімсьці размаўляць і наўпрост працаваць з кімьсці. А зараз яны нават ня маюць суразмоўцы, каму б яны маглі выказаць сваю заклапочанасьць”.
XS
SM
MD
LG