Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКІЯ ЎЛАДЫ ВЫВУЧАЮЦЬ СПРАВАЗДАЧУ ДЗЯРЖДЭПАРТАМЭНТУ ЗША


Валеры Каліноўскі, Менск

У Міністэрстве замежных справаў Беларусі ды іншых афіцыйных установах пачалі знаёмства з тэкстам справаздачы Дзярждэпартамэнту ЗША аб выкананьні правоў чалавека ў Беларусі ў 2001 годзе.

Інфармацыйная служба амбасады ЗША ў Менску пачала распаўсюджваньне тэксту справаздачы Дзярждэпартамэнту аб выкананьні правоў чалавека ў Беларусі у 2001 годзе. Тэкст накіраваны ў тым ліку і ўва ўладныя беларускія струтуры, пакуль толькі на ангельскай мове.

Як паведаміў прадстаўнік амбасады ЗША ў Беларусі Аляксей Саламаха, цяпер тут рыхтуецца афіцыйны пераклад гэтага дакумэнту з ангельскай мовы. Ён будзе завершаны да пачатку наступнага тыдня. Акрамя таго, чакаецца, што пасьля заканчэньня перакладу справаздачы адбудзецца яе прэзэнтацыя ў амбасадзе ЗША, на якую запрашаюцца і прадстаўнікі ўладаў.

Прэсавы сакратар МЗС Беларусі Павал Латушка пацьвердзіў Радыё Свабода, што справаздачу Дзярждэпартамэнту ЗША тут атрымалі ад амбасады Беларусі ў Вашынгтоне:

(Латушка: ) “На дадзены момант мы вывучаем згаданы тэкст. І пасьля яго вывучэньня будзе прадстаўленая афіцыйная пазыцыя МЗС”.

Паводле словаў Паўла Латушкі, на гэта спатрэбіцца каля месяца.

Ва ўладных калідорах часьцей за ўсё гэтая справаздача ўспрымаецца з раздражненьнем. Гаворыць дэпутат так званай палаты прадстаўнікоў Сяргей Касьцян:

(Касьцян: ) “Павінен сказаць, што я адназначна ацэньваю ўсе гэтыя выпады супраць Беларусі ўраду ЗША, у тым ліку і Дзярждэпартамэнту, як ідэалёгію фашызму, якую яны хочуць навязаць Беларусі і ўсяму сьвету. У Беларусі нічога не забаронена, нікога ня судзяць, усе апазыцыйныя газэты працуюць, усе каналы, якія толькі ёсьць, ідуць у Беларусі па тэлебачаньні і па радыё, ніхто іх ня глушыць і ніхто не перашкаджае. І ў чым жа ў нас тады пагоршыліся правы чалавека?”

Сяргей Касьцян, такім чынам, ня лічыць патрэбным нават пазнаёміцца са зьместам справаздачы Дзярждэпартамэнту аб правах чалавека ў Беларусі. Аднак ня ўсе ягоныя калегі такой жа думкі. Гаворыць дэпутат Палаты прадстаўнікоў Іван Пашкевіч:

(Пашкевіч: ) “Штогод Дзярждэпартамэнт ЗША прымае такую справаздачу. Па-рознаму палітыкі ставяцца да гэтага дакумэнту: хтосьці чытае ўважліва, хтосьці адразу робіць заяву, што гэта ўсё прадузята. Але тое, што гэты дакумэнт чытаецца і ў парлямэнце, і ў прэзыдэнцкай адміністрацыі, і ўва ўрадзе — абавязкова”.

Ацэньваючы выснову Дзярждэпартамэнту аб тым, што сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі летась пагоршылася ў шэрагу галінаў, Іван Пашкевіч падкрэсьліў, што памылкі з боку ўлады тут сапраўды былі:

(Пашкевіч: ) “Калі я чытаю, чую і атрымліваю звароты грамадзян Беларусі, што ідзе перасьлед тых людзей, якія ўдзельнічалі ў выбарах не на баку сёньняшняга кіраўніка дзяржавы, дык я ня ведаю, як тады, якую адзнаку даваць вось такім паводзінам дзяржаўных асобаў. Нават на гэты момант ідуць суды і абвінавачваючы бок робіць заяву, што затрымалі тую ці іншую групу, асабліва маладых людзей, толькі таму, што яны агітавалі супраць таго ці іншага кандыдата ў прэзыдэнты”.

Іван Пашкевіч пагаджаецца таксама з тымі палажэньнямі справаздачы Дзярждэпартамэнту, што крытыкуюць парушэньні ў Беларусі свабоды сумленьня і роўнасьці канфэсіяў, а таксама свабоды друку і СМІ. У цэлым ён лічыць, што гэтая крытыка ўрэшце будзе мець пэўны плён, калі ўлада ня будзе прымаць яе адразу ў штыхі, але паспрабуе вывучыць палажэньні справаздачы.


XS
SM
MD
LG