Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НЯМЕЦКАГА ЖУРНАЛІСТА СПРАБУЮЦЬ ЗАСУДЗІЦЬ ЗА “КІМ ІР ПУЦІНА…”


Алена Панкратава, Прага

Нямецкія, швайцарскія і аўстрыйскія аналітыкі бачаць у гэтым працэсе пачатак канца свабоды слова ў Расеі. Паколькі бэрлінская “ТАZ” неаднаразова зьмяшчала крытычныя матэрыялы на адрас беларускага лідэра, мы вырашылі спыніцца на гэтай гісторыі больш падрабязна.

Летась у травені бэрлінская “ТАZ” зьмясьціла матэрыял Клаўса-Хельге Доната “Кім Ір Пуцін дазваляе сябе шанаваць”. У ім журналіст прывёў шматлікія прыклады культу асобы расейскага лідэра: ад адмысловых турысцкіх сьцежкаў да школьных падручнікаў, працытаваў і некаторыя хвалебныя оды. Адна зь іх належыць чалябінцу Міхаілу Анішчанку – студэнту-юрысту, паэту і кампазытару, бо ён паклаў свае радкі на музыку і зрабіў аркестровы запіс за ўласны кошт. Цытую на мове арыгіналу: “Ты скажы мне, Россия, ты ответь на вопрос, почему президенту ты веришь? И смотря на него ты не чувствуешь слёз, и душой за него ты болеешь».

Зьяўленьне артыкулу «ТАЦ» у расейскамоўным перакладзе ў інтэрнэце выклікала рашучы пратэст з боку Анішчанкі. Паводле ягоных словаў іронія аўтара артыкулу – абразьлівая. Анішчанка патрабуе ад Доната кампэнсацыі ў памеры 10 тысячаў даляраў ЗША, а таксама пазбаўленьня журналіста акрэдытацыі.

Маскоўскі карэспандэнт «ТАЦ» Клаўс-Хельге Донат зараз на сувязі з Прагай, і маё пытаньне – наколькі сур'ёзнай падаецца яму ўся гэтая гісторыя.

(Донат: ) « Я гэта, шчыра кажучы, спачатку ня вельмі сур'ёзна успрыняў, паколькі мне падалося, што гэты студэнт як будучы юрыст, а тым больш як паэт робіць сабе рэпутацыю, ён вырашыў судзіцца з замежным журналістам толькі таму, што гэта крута... Аднак, калі пасьля першагу пазову я атрымаў другі, калі пазыцыя судзьдзяў стала больш акрэсьленай, я зразумеў, што за хлопцам з глубінкі стаіць як мінімум цэлы штаб. Мой першы адвакат – жанчына, якая вучылася пры Сталіне, пасьля атрыманьня мной чарговага пазову са складанай палітычнай фармулёўкай страшэнна спалохалася і вырашыла адыйсьці ад справы. Тады я зьвярнуўся да Генры Рэзьніка, ён прачытаў справу і адразу сказаў мне так: справа пахне...»

(Карэспандэнтка: ) «Вашае ўчорашняе паседжаньне перанесьлі на іншы час, пакуль з Бэрліну не прыедзе прадстаўнік вашай рэдакцыі. Наколькі мне вядома, вам і вашым калегам гэты момант падаецца дзіўным...»

(Донат: ) «Справа ў тым, што паводле расейскага заканадаўства і нямецкага заканадаўства, а таксама паводле ўсіх існуючых эўрапейскіх стандартаў, ты можаш судзіцца з газэтай толькі там, дзе яна зарэгістраваная. Аднак судзьдзя настойвае на прыезьдзе бэрлінскага кіраўніцтва. Далей, студэнт у часе ўчорашняга працэсу спачатку быў гатовы адмовіцца ад другога адказчыку ў асобе кіраўніцтва газэты. Яму было дастаткова толькі мяне. Аднак на маіх вачах паэта прымусілі настойваць на пазове да газэты. Судзьдзя двойчы ўзгадала яму:
«Ці разумееце вы, якія для вас ў гэтым выпадку могуць быць наступствы, што гэта можа значыць?»

(Карэспандэнтка: ) «Здавалася б вашае выданьне ў асьвятленьні расейскіх падзеяў ня больш крытычнае за іншыя нямецкія ці тым больш амэрыканскія... Чаму ж у Маскве ўзяліся менавіта за «ТАZ?»

(Донат: ) «Паколькі нашая газэта, хоць і вядомая, аднак не такая ўплывовая як «Washington Post» ці «New York Times» у Маскве, відаць, зрабілі разьлік на тое, што за намі няма такой сілы, як за гэтымі газэтамі. Хтосьці хоча паспрабаваць, наколькі далёка можна пайсьці ў пытаньні аказаньня ціску на замежнага карэспандэнта. На мой погляд, у пытаньні свабоды расейскіх СМІ пачынаецца зваротны працэс. Шкада. Вельмі шкада»

(Карэспандэнтка: ) «Вам, зразумела, вядомая сытуацыя са свабодай слова ў Беларусі?.. У Беларусі, дарэчы, напісана нямала одаў пра ўласнага прэзыдэнта...»

(Донат: ) «Ну, калі ў Расеі такое магло адбыцца, то ясна, што магло б адбыцца ў Беларусі! Усё ж, у Расеі можна выказаць тое, што думаеш. І ў Расеі на журналіста будуць рабіць ціск толькі пасьля публікацыі, а не адразу, як у Менску. Далей... Наўрад ці ў Беларусі можна ў такім выпадку знайсьці адпаведнага адваката і разьлічваць на посьпех у судзе. Тут мы пакуль верым у посьпех. Нас няма ў чым абвінаваціць. Гэты пазоў пабудаваны на хлусьні”.


XS
SM
MD
LG