Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦІ БУДУЦЬ РАЗГОРНУТЫЯ АМЭРЫКАНСКІЯ ВАЕННЫЯ СІЛЫ Ў ГРУЗІІ


Вячаслаў Ракіцкі, Прага

(Ракіцкі: ) “Паведамляецца, што навучальная місія, якая блізкая да таго, што будзе ўхваленая аб’еднаным кіраўніцтвам штабоў, мае на мэце падрыхтаваць грузінскія падразьдзяленьні да барацьбы з замежнымі баевікамі, якія дзейнічалі ў горным рэгіёне Грузіі і маглі мець сувязі з “Аль-Кайдай”, тэрарыстычнай сеткай Усамы бін Лядэна. Паводле Пэнтагону, знаходжаньне ў Грузіі амэрыканскага спэцыяльнага атраду адчыніла б новы фронт вайны ЗША супраць тэрарыстаў адначасна зь цяперашнімі апэрацыямі ў Афганістане і на Філіпінах, дзе больш за 600 амэрыканскіх вайскоўцаў кансультуюць філіпінскія спэцатрады. Грузія плянуе прыняць ад 100 да 200 вайскоўцаў спэцыяльных сілаў, але колькасьць іх можа павялічвацца ў залежнасьці ад таго, як апэрацыя будзе разгортвацца”.

(Вядучы:) “Мяркуючы па аналягічнай місіі на Філіпінах, амэрыканскія сілы ня будуць браць непасрэднага ўдзелу ў апэрацыях…”

(Ракіцкі: ) “Так. Але, паводле афіцыйных асобаў Пэнтагону, ім будзе дазволена абараняцца ў выпадку нейкага нападу”.

(Вядучы:) “Калі адбудзецца дыслякацыя амэрыканскіх вайскоўцаў у Грузію і ці агаворваюцца тэрміны іх знаходжаньня ў гэтай краіне?”

(Ракіцкі:) “Пакуль што працягласьць знаходжаньня місіі не агавораная, пра гэта будзе паведамлена пазьней. Што тычыцца даты разгортваньня амэрыканскіх сілаў у Грузіі, то яна стане вядомая пасьля высноваў прадстаўнікоў эўрапейскага ваеннага камандаваньня, якія наведалі Грузію каля месяца таму з мэтай вывучэньня патэнцыялу такой сумеснай місіі”.

(Вядучы: ) “Паведамленьне пра пасылку амэрыканскіх вайскоўцаў у Грузію некалькі нечаканае. Ці сапраўды разьмяшчэньне амэрыканскіх вайскоўцаў там аргумэнтаванае?”

(Ракіцкі:) “Мінулым тыднем прадстаўнік Дзярждэпартамэнту ЗША Рычард Баўчэр сказаў, што Грузія пацьвердзіла знаходжаньне на яе тэрыторыі замежных баевікоў, і што ЗША абмеркавалі праблему з прэзыдэнтам Грузіі Эдуардам Шэварднадзэ. Учора прадстаўнік Пэнтагону Браян Вітман запэўніў, што ЗША ўсур’ёз дасьледавалі магчымую ролю спэцвайскоўцаў у Грузіі. Ён сказаў, што Пэнтагону зразумела, што тут можа быць і навучаньне, і выкарыстаньне інфармацыі. Месца, дзе верагодна дзейнічаюць баевікі – гэта Панкіская цясьніна на паўночным усходзе ад сталіцы Грузіі Тбілісі, уздоўж мяжы з Расеяй. Паводле Баўчэра, у паведамленьні Дзярждэпартамэнту ЗША пра ўзоры глябальнага тэрарызму адзначана, што замежныя баевікі выкарыстоўваюць Грузію як мост у Чачэнію. З нагоды выказанай афіцыйнымі асобамі Расеі занепакоенасьці адносна дзеяньняў баявікоў Баўчэр сказаў, што сытуацыя можа палепшыцца, дзякуючы супрацоўніцтву ЗША і Грузіі, што Грузія будзе мець лепшы кантроль і над рэгіёнам, і над межамі”.

(Вядучы: ) “А якія паведамленьні паступаюць з гэтай нагоды з Грузіі?”

(Ракіцкі: ) “Сёньня выступілі з заявамі прадстаўнікі грузінскага прэзыдэнта Эдуарда Шэварднадззэ – Каха Імнадзэ і прадстаўніца Міністэрства абароны Мірыям Кікнадзэ. Яны пацьвердзілі супрацоўніцтва Грузіі са Злучанымі Штатамі, што ў краіне прысутнічаюць амэрыканскія ваенныя экспэрты, але гэта не азначае амэрыканскай ваеннай прысутнасьці ў Грузіі альбо таго, што ў Грузіі ладзяцца нейкія сумесныя апэрацыі.

(Кікнадзэ: ) “Усё, што адбываецца цяпер у Грузіі, дык гэта толькі тое, што ў нас знаходзіцца дэлегацыя зь пяці чалавек, адна зь іх жанчына. Яны – экспэрты, але не вайсковыя. Яны аналізуюць нашыя двухбаковыя і міжнародныя пагадненьні ў ваеннай галіне”.

(Ракіцкі: ) “Такім чынам, Тбілісі не пацьвярджае і не абвяргае інфармацыі пра магчымае разьмяшчэньне амэрыканскіх спэцсілаў у Грузіі”.
XS
SM
MD
LG