Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ЗША СКАРАЧАЮЦЬ ДАПАМОГУ ЗАМЕЖНЫМ КРАІНАМ


Вячаслаў Ракіцкі, Прага

Павелічэньне выдаткаў на абарону і бясьпеку краіны мае на мэце папярэдзіць паўтор падзеяў 11 верасьня, калі адбыліся напады на Нью-Ёрк, Вашынгтон і Пэнсыльванію, і забясьпечыць пасьпяховае вядзеньне вайны супраць міжнароднага тэрарызму.

Прапануецца значна зьменшыць выдаткі на шэраг унутраных амэрыканскіх праграмаў, якія прэзыдэнт лічыць малаэфэктыўнымі. Дапамога замежным краінам мае быць таксама зьменшаная.

Паводле праекту бюджэту, істотна зьменшыцца дапамога ўсходнеэўрапейскім і балтыйскім краінам, крыху менш -- краінам Садружнасьці Незалежных Дзяржаваў.

Як разьмяркуюцца грошы паміж краінамі, будзе вядома толькі пасьля канчатковага сфармаваньня бюджэту Белым домам і Кангрэсам. Прыкладам, сёлета Ўкраіна атрымлівае 154 мільёны даляраў, а Армэнія і Грузія –па 90 мільёнаў кожная.

І хоць пакуль што ня вызначана, колькі налета атрымае Расея, у Бушавым праекце буджэту зазначана, што Расея не атрымае 60 адсоткаў магчымай дапамогі пакуль ня спыніць тэхнічную дапамогу Іранскай праграме ядзернай энэргетыкі і распрацоўцы балістычных ракетаў. Дапамогу Расея атрымае толькі тады, калі забясьпечыць цывільным ахвярам вайны ў Чачэніі поўны доступ да міжнародных гуманітарных праграмаў.

Канчатковы разгляд бюджэту Кангрэсам мае адбыцца ўвосень. Мяркуецца, што кангрэсмэны ня будуць пярэчыць заклікам Буша да павелічэньня выдаткаў на ўзброеныя сілы і ўнутраную бясьпеку. Але адносна іншых артыкулаў чакаецца, што асобныя заканадаўцы кінуць выклік прэзыдэнту.

Летась Буш, сябра Рэспубліканскай партыі, пераконваў Кангрэс зьменшыць падатковыя даходы да аднаго і трыццаці пяці сотых трыльёну даляраў цягам дзесяцігодзьдзя. Цяпер прэзыдэнт прапануе такія падатковыя зьніжэньні, што зьменшылі б паступленьні ў бюджэт яшчэ на пяцьсот дзевяноста адзін мільён за той самы пэрыяд.

Аднак, існуючыя падатковыя зьніжкі плюс зьмяншэньне іншых даходаў з прычыны бягучага эканамічнага спаду прывялі да дэфіцыту ў фэдэральным бюджэце пасьля чатырох гадоў яго пасьлядоўнага росту.
Апанэнты Буша ў Кангрэсе, сябры Дэмакратычнай партыі, цьвердзяць, што Буш робіць дрэнную паслугу амэрыканскай эканоміцы, прапануючы скарачэньне падаткаў тады, калі патрабуецца павелічэньне выдаткаў на абарону і бясьпеку.

Асобныя дэмакраты ў Кангрэсе выказваюць занепакоенасьць, што дэфіцыт будзе пакрыты коштам цяперашніх лішкаў у фондзе сацыяльнага забесьпячэньня.
XS
SM
MD
LG