Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАЧАЛОСЯ ВЯШЧАНЬНЕ АФГАНСКАЙ СЛУЖБЫ РАДЫЁ СВАБОДА


Сяргей Абламейка, Прага

Перад тым, як перарэзаць чорна-чырвона-зялёную – у колерах нацыянальнага сьцягу – стужку перад уваходам у студыю, прэзыдэнт Радыё Свабодная Эўропа-Радыё Свабода Томас Дайн, зьвяртаючыся да дзясяткаў чэскіх і замежных журналістаў, сказаў:

(Дайн: ) “Мы паспрабуем забясьпечыць народ Афганістану дакладнай, збалянсаванай і аб’ектыўнай інфармацыяй. Спадзяемся, што нашы навіны і інфармацыя дапамогуць людзям у Афганістане ўдзельнічаць у адбудове іх уласнай краіны”.

Томас Дайн таксама выказаў надзею, што перадачы нашага радыё дапамогуць “пабудаваць мірны і дэмакратычны Афганістан”.

Вяшчаньне Афганскай службы Радыё Свабода будзе весьціся на кароткіх хвалях на дзьвюх афіцыйных мовах краіны – пушту і дары, гадзіну ўдзень і гадзіну ўвечары. Перадачы будуць падзеленыя на 30-хвілінныя блёкі – спачатку 30 хвілінаў на мове пушту, а пасьля столькі ж на мове дары. Зь цягам часу штодзённае вяшчаньне на Афганістан дасягне 12 гадзінаў штодня.

Былы кароль Афганістану Захір Шах павіншаваў радыё з пачаткам афганскіх перадачаў і назваў іх “добрым знакам” для яго краіны. Экс-кароль таксама выказаў упэўненасьць, што такія свабодныя незалежныя сродкі масавай інфармацыі, як Радыё Свабода, адыграюць рашаючую ролю для народу Афганістану і ўсяго рэгіёну.

Дырэктар вяшчаньня Радыё Свабодная Эўропа-Радыё Свабода Джэф Трымбл на прэсавай канфэрэнцыі паведаміў, што праскі штат афганскай службы будзе складацца з 15 чалавек, перадачы будуць таксама забясьпечваць 20 стрынгераў у Афганістане і суседніх краінах.
Адказваючы на пытаньне аднаго з журналістаў, чаму вяшчаньне на Афганістан будзе весьціся толькі на дзьвюх мовах, прэзыдэнт нашага Радыё Томас Дайн сказаў, што жыхары поўначы краіны атрымліваюць інфармацыю зь перадачаў Таджыцкай, Узбэцкай і Туркмэнскпай рэдакцыяў Радыё Свабода.
XS
SM
MD
LG