Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УКРАІНСКІЯ ЖУРНАЛІСТЫ ЦЯПЕР МОГУЦЬ НАСІЦЬ ЗБРОЮ


Вячаслаў Ракіцкі, Прага

Кажуць, што пяро можа быць вастрэйшым за меч, але ўкраінскія журналісты ды ўрадоўцы лічаць, што пісталет ёсьць мацнейшым аргумэнтам. У краіне, дзе ўсё яшчэ ідзе змаганьне за ўсталяваньне свабоды прэсы, журналісты былі мішэньню палітычна і эканамічна матываванага ўціску. Цяпер шэраг іх зьбіраецца набыць зброю, што сталася магчымым, дзякуючы адмысловай інструкцыі ўраду, якая дазваляе журналістам мець зброю для мэтаў самаабароны.

Згодна з афіцыйнымі дадзенымі прынамсі сем журналістаў былі забітыя з таго часу, калі Ўкраіна атрымала незалежнасьць 10 гадоў таму. Самі журналісты цьвердзяць, што гэтая лічба значна большая, што сотні рэпартэраў былі забітыя ці зьбітыя ў зьвязе зь іхнай працай.

Летась адбыліся масавыя дэманстрацыі супраць прэзыдэнта Леаніда Кучмы, якога абвінавацілі ў далучанасьці да забойства ў верасьні 2000 году журналіста Георгія Гангадзэ – вядомага сваімі артыкуламі пра карупцыю ва ўрадзе і арганізаваную злачыннасьць.

Летась у ліпені быў зьбіты да сьмерці бэйсбольнымі бітамі тэлежурналіст Ігар Аляксандраў у горадзе Славянску, што на ўсходзе краіны.

Гэта і падштурхнула Міністэрства ўнутраных справаў Украіны даць дазвол журналістам мець пры сабе пісталет. Зброя, якую рэкамэндуе журналістам міністэрства, – варыянт савецкага 9-мм пісталета Макарава. Новы пісталет страляе гумовымі кулямі, якія могуць адпугнуць нападніка, але не забіць на сьмерць. Паводле новай інструкцыі, можна выкарыстоўваць і зброю, якая выпушчае сьлезацечны газ. Адзін з тых, хто зьбіраецца скарыстацца з новых правілаў – кіеўскі радыёжурналіст, які назваўся проста Андрэем. Ён сказаў карэспандэнту Радыё Свабода, што шмат каму зь ягоных калегаў пагражалі і шмат каго зьбівалі. І што адзін ягоны сябра ўвогуле зьнік некалькі гадоў таму і ніхто яго больш ня бачыў.

Андрэй кажа, што наўрад ці пісталет дапаможа яму супраць асобы ці групы людзей, якія сапраўды вырашаць яго забіваць. Але прынамсі ён будзе адчуваць, што мае нейкі шанец. Злачынныя групоўкі маюць у сваім арсэнале не гумовыя кулі, а самыя сучасныя аўтаматы і нават гранатамёты. Трэба тэрмінова ўсіх украінцаў узброіць, - кажа Андрэй.

Іншыя журналісты, прыкладам, тэлерэпартэр Паўло Крыштапян зь Іванафранкоўску, скэптычна выказваюцца што да новых правілаў.

Крыштапян сказаў, што многія ўкраінскія журналісты ня змогуць скарыстацца з дазволу, бо ня маюць тых прыкладна 100 даляраў, якія трэба заплаціць за пісталет. Гэта іхны месячны заробак. А ў дадатак журналісты павінны выбіраць даведкі, што ў іх няма разумовых адхіленьняў і што яны не залежныя ад наркотыкаў. Згодна зь інструкцыяй, яшчэ трэба прыкласьці аргумэнтацыю, чаму журналіст мае асаблівую рызыку падвергнуцца нападу. Міністэрства ўнутраных справаў пакуль не паведамляе, колькі журналістаў зьвярнулася па дазвол.

Амэрыканская журналістка і адвакат Мэры Мыцё, якая ачольвае праграму юрыдычнай абароны і адукацыі фінансуемай ЗША групы IREX ProMedia і назірае за падвышэньнем прафэсіных стандартаў у украінскай журналістыцы, сумняецца ў сапраўдных матывах ураду. На ейную думку, тым самым афіцыйныя асобы, якія павінны сачыць за законнасьцю, паказваюць, што яны не жадаюць ці няздольныя абараніць журналістаў пры выкананьні іхных прафэсійных абавязкаў. Апрача таго, яна лічыць, што непадрыхтаваныя да ўжываньня зброі журналісты могуць хутчэй параніць мірных жыхароў, чым узброеныя злачынцы. Зрэшты, пры зброі журналісты яшчэ болей будуць падвяргацца рызыцы. Пра гэта засьведчыў і Афганістан, дзе 8 журналістаў былі забітыя.
XS
SM
MD
LG