Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НЕБЯСЬПЕКА АД ТАЛІБАНУ І АЛЬ КАЙДЫ ЎСЁ ЯШЧЭ РЭАЛЬНАЯ


Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

За тры месяцы да тэрарыстычных актаў 11 верасьня ААН дала змрочную ацэнку падзеяў у падкантрольным Талібану Афганістане.

Апісаньні тэрарыстычных лягераў, кантрабанды зброяй і гандлю гераінам пацьвярджалі, што матэрыяльная падтрымка Талібану і ягонага хаўрусьніка Аль-Кайды паступала ў краіну нягледзячы на санкцыі і папярэджаньні з боку Рады Бясьпекі.

Пасьля тэактаў 11 верасьня і ваеннай паразы талібаў у часе антытэрарыстычнай кампаніі, дзейнасьць ААНаўскай групы кантролю не спынілася.

Апрача групы Рады Бясьпекі ААН, была створаная група назіральнікаў пад кіраўніцтвам былога брытанскага афіцэра Майкла Чандлера, якая атрымала заданьне пашырыць сваю дзейнасьць па-за межамі Цэнтральнай Азіі. У выніку выявілася, што ў сьвеце прасочваецца рух сотняў групаў і асобаў так ці іначай зьвязаных з тэрарызмам. Гаворыць Майкл Чандлер:

(Чандлер: ) “Гэта вялікая праблема. Наш папярэдні мандат быў адносна выразным. Пераважна, мы мелі справу з краінамі, якія мяжуюць з Афганістанам і пазьней з адным-двума рэгіёнамі, якія сымпатызавалі Талібану. Цяпер мы мусім мець справу з Талібанам і Аль-Кайда, а таксама іхнымі прыхільнікамі ва ўсім сьвеце”.

Пры гэтым Чандлер адмовіўся назваць краіны, падазраваныя ў дапамозе Талібануі Аль-Кайда, але перад пачаткам ваеннай кампаніі ў Афганістане Злучаныя Штаты сказалі, што Талібан атрымліваў падтрымку ад Пакістану, Савудаўскай Арабіі і Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў – трох краінаў, якія прызнавалі талібаў законнымі кіраўнікамі Афганістану.

У групу Чандлера ўваходзяць экспэрты са Злучаных Штатаў, Францыі, Ярданіі і Нэпалу.

Група ад Рады Бясьпекі мусіць зьвяртаць асноўную ўвагу на недапушчаньне падтрымкі Аль-Кайды і Талібану з боку іхных прыхільнікаў. Сябры групы ў справе санкцыяў склалі сьпіс, які ўлучае больш як 200 асобаў – урадоўцаў талібаў і сяброў Аль-Кайды, падазроных у сувязі з тэрарыстамі, якія правялі тэракт 11 верасьня. Паводле сьпісу, трэба спыніць таксама падтрымку каля 70 арганізацыяў якія знаходзяцца ў Емене, на Блізкім Усходзе і ў Афрыцы. Паводле Чандлера, агульная падтрымка Талібану і Аль-Кайды дасягнула сотняў мільёнаў даляраў штогод. Лёгкадаступнае пастачаньне зброі ў Афганістан таксама ставіць праблемы.

(Чандлер: ) “Асноўныя прыярытэты нашай дзейнасьці – фінансаваньне і эканамічная дапамога, а таксама забарона перамяшчэньняў, што закранае ня так шмат людзей, і вядома, эмбарга на ўзбраеньні – тое, чаму мусіць быць нададзеная асаблівая ўвага. Як мы зьбіраемся ўпэўніцца, што краіны здольныя спыніць пастачаньне зброі могуць вярнуцца назад?”

Ранейшая праца Чандлера з ААН напрыканцы 90-х гадоў у Босьніі-Герцагавіне тычылася праблемаў наркотыкаў і арганізаванай злачыннасьці, якія распаўсюджная і ў Афганістане. На падставах гэтага досьведу Чандлер кажа, што гэта адпавяла дзейнасьці Талібану і Аль-Кайды, якія рэгулярна ўжывалі злачынныя сеткі для атрыманьня патрэбных рэсурсаў.

(Чандлер: ) “Людзі, уцягнутыя ў наркабізнэс вельмі часта ўжываюць тую самую інфраструктуру, каб перавозіць нелегальных эмігрантаў, пастачаць зброю і займацца кантрабандай якіх заўгодна іншых каштоўнасьцяў. Напрыклад, вы маеце добрага кіроўцу грузавіка і ня хочаце рабіць пустых рэйсаў. Вы маеце наркотыкі, якія вывозяцца адным шляхам, прадаюцца, на атрыманыя грошы купляецца зброя і той самы грузавік вязе яе назад”.

Сілы Злучаных Штатаў затрымалі амаль 500 сяброў Аль-Кайды і Талібану ў Афганістане, але мяркуецца, што іхныя лідары ўсё яшчэ могуць плянаваць і кіраваць тэрарыстычнымі актамі. Пра гэта сьведчаць знойдзеныя ў Афганістане тысячы дакумэнтаў, інструкцыяў і розных тэхнічных сродкаў (улучна з кампутарамі). Атрыманая інфармацыя дапаможа запабегчы новых тэрактаў і прасачыць дзейнасьць некаторых групаў.

Чандлер адмовіўся абмяркоўваць супрацоўніцтва сваёй групы з сіламі Злучаных Штатаў, але адзначыў, што бальшыня краінаў-удзельнікаў дзеляцца з групай наяўнай у іх інфармацыяй.

Інфармацыя ад групы Чандлера сьведчыць, што Талібан атрымлівае падтрымку ў шматлікіх месцах. Напрыклад пуштуны, якія складаюць 40% насельніцтва Афганістану і маюць сувязі з пуштунамі Пакістану могуць у разе патрэбы вярнуцца да падтрымкі талібану. Чандлер сказаў, што афганскія пуштуны могуць адмовіцца падтрымліваць часовы ўрад у Кабуле, калі адчуюць, што яны ня будуць мець свайго кавалку пірага ў будучыні краіны.

(Чандлер: ) “Нават цяпер, пасьля напісанай увосень справаздачы, зьявілася шмат паведамленьняў, якія сьведчаць, што часовы афганскі ўрад яшчэ ня здольны праводзіць, уплываць і кантроляваць міжфракцыйныя сутычкі ў краіне”.

Маніторынгавая група Чандлера мае падаць Радзе Бясьпекі сваю першую справаздачу 31 сакавіка.
XS
SM
MD
LG