Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

РАСЕЯ АДКІДАЕ АМЭРЫКАНСКІЯ ПЛЯНЫ ЗАХАВАЦЬ ЯДЗЕРНЫЯ БОЕГАЛОЎКІ


Кастусь Бандарук, Прага

Паводле прадстаўніка Міністэрства замежных справаў Расеі Аляксандра Якавенкі, “мы трымаемся таго, што расейска-амэрыканскія пагадненьні ў галіне далейшага скарачэньня ядзерных арсэналаў мусяць, па-першае, прывесьці да зьмяншэньня колькасьці боегаловак да 1500-2200, па-другое, павінны паддавацца праверцы, і па-трэцяе, павінны быць незваротныя гэткім чынам, каб рэдукцыя стратэгічных узбраеньняў не засталася толькі на паперы”. Заява расейскага МЗС была рэакцыяй на агучаныя Пэнтагонам пляны Белага Дому. Цягам бліжэйшых дзесяці гадоў, адміністрацыя Буша мае намер зьменшыць ядзерныя арсэналы да 1700-2200 боегаловак. Аднак Расею хвалюе іншае. Памочнік міністра бароны ЗША Краўч паведаміў, што Злучаныя Штаты хочуць захаваць значную колькасьць боегаловак “на ўсялякі выпадак”. “Частка ўзбраеньня будзе заставацца ў боегатоўнасьці, частка будзе прызначаная для зьнішчэньня, а яшчэ адна частка будзе знаходзіцца на складах,” – сказаў Краўч. Ён не ўдакладніў, колькі дакладна баегаловак будзе выведзена з ужытку і захаваных у якасьці запасных, а колькі боегаловак будуць заставацца актыўнымі. Пастанова ў гэтай справе мае быць прынятая пазьней.

Экспэрты лічаць, што зараз Злучаныя Штаты маюць больш за 6 тысячаў боегаловак, гатовых да неадкладнага скарыстаньня. Расея мае іх менш, і мяркуецца, што Масква будзе далей скарачаць свае ядзерныя арсэналы разам зь пераходам на абноўленыя віды звычайнага ўзбраеньня. Цягам дзесяцігодзьдзяў, у перамовах аб разбраеньні дамінавала пытаньне сродкаў дастаўкі, а пытаньне колькасьці самых боегаловак было другарадным. Аднак пасьля заканчэньня халоднай вайны націск пачаў ставіцца на кожную адзінку ядзернай зброі.

Паводле газэты New York Times, у тоне заявы расейскага МЗС праглядаецца страх, што ў далейшай пэрспэктыве ўсьлед за небывалым дагэтуль ў гісторыі двухбаковых дамоўленасьцяў выхадам з дагавору 1972-га году аб супрацьбалістычных ракетах, ЗША імкнуцца да перавагі над Расеяй ў галіне ядзерных узбраеньняў. “ Пра якое скарачэньне можа йсьці гаворка, калі ЗША ў лічаныя гадзіны могуць вярнуцца да ўзроўню з часу пачатку перамоваў аб разбраеньні?” – задаў пытаньне дырэктар іністытуту разбраеньня Расейскай Акадэміі Навукаў Аляксей Пікаеў. Хаця прэзыдэнты Буш і Пуцін выказаліся за аднолькавае скарачэньне арсэналаў прыблізна да 2-х тысячаў адзінак, аднак Расея выказвае занепакоенасьць тым, ці Вашынгтон выканае свае абяцаньні. Аб ўзаемадаверы гаварыў у часе візыту ў Фінляндыю ў верасьні мінулага году і прэзыдэнт Пуцін. Ён гатовы быў зьменшыць колькасьць боегаловак нават да паўтары тысячы, але не такім чынам, каб толькі зьняць боегалоўкі з ракетаў, а потым іх ізноў усталяваць.

У наступным тыдні ў Вашынгтоне пытаньне разбраеньня абмяркуюць: міністар замежных справаў Расеі Іваноў і дзяржсакратар ЗША Паўэл. Яны кажуць, што атрымалі паўнамоцтвы “кадыфікаваць” (замацаваць) значнае скарачэньне арсэналаў, каб ў часе маскоўскага саміту ўлетку, Буш і Пуцін маглі канчаткова падпісаць адпаведны дакумэнт. Аднак, паводле Паўэла, зараз адміністрацыя Буша ня хоча, каб гэтага дамова мела форму чарговага, афіцыйнага дагавору.

Паводле New York Times, выглядае, што прэзыдэнт Буш і ягоная адміністрацыя сапраўды разумеюць патрэбу рэзкага скарачэньня ядзернага арсэналу, аднак пакуль ня будзе вядома, колькі боегаловак Вашынгтон хоча трымаць у запасе, немагчыма і акрэсьліць, ці Буш сапраўды імкнецца зьмяніць існуючы статус кво.


XS
SM
MD
LG