Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"ЭЎРАПЕЙСКІ АРСЭНАЛ ДЛЯ ТЭРАРЫЗМУ"


Юры Сьвірко, Менск

Краіна ў Эўропе, якая заслугоўвае найбольшай увагі празь ейную падтрымку тэрарыстычных групаў і дзяржаваў-махляроў, працягвае атрымліваць найменшую ўвагу. Гэта – беззаконная й недэмакратычная краіна Беларусь, якой кіруе Аляксандар Лукашэнка, – піша газэта.

Без сумневу, ніякі іншы лідэр у сьвеце ня выйграў ад верасьнёўскіх тэрарыстычнык атакаў больш за Лукашэнку, апошняга дыктатара ў Эўропе, чыё галоўнае жаданьне – узьяднаць Савецкі Саюз, – піша The Washington Post. – Як толькі пачало нарастаць ўсясьветнае вывучэньне й асуджэньне ягоных сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 9 верасьня, трагічныя падзеі праз два дні адцягнулі позірк Вашынгтону ад гэтай малавядомай і скіраванай назад краіны.

Вашынгтону трэба прачнуцца ад таго, што адбываецца на мяжы з НАТО: Беларусь ціха дзейнічае як вядучы пастаўшчык сьмяротнага вайсковага абсталяваньня ісьлямскім радыкалам, і сярод атрымальнікаў часта – тэрарысты й арганізацыі баевікоў на Блізкім Усходзе, Балканах і ў Цэнтарльнай Азіі.

У 1994-м – першым годзе прэзыдэнцтва Лукашэнкі – Беларусь прадала кулямёты й бронемашыны ў Таджыкістан. Гэтае абсталяваньне хутка трапіла ў рукі ваяўнічых груповак у суседнім Афганістане, а таксама байцоў за свабоду ісьляму, мэтай якіх было зрынуць урад у самім Таджыкістане – як ня дзіўна, але ў той самай краіне, дзе вялікі брат Беларусі Расея трымае тысячы жаўнераў, разьмешчаных дзеля абароны Цэнтральнае Азіі й Расеі ад ісьлямскай дэстабілізацыі, – піша The Washington Post.

Шмат якія Лукашэнкавы зьдзелкі са зброяй адбываюцца паводле падобнага ўзору: зброя, дасланая зь Беларусі, пераадрасоўваецца замест вызначанай краіны прызначэньня якой-небудзь ісьлямскай экстрэмісцкай групоўцы ці краіне пад ААНаўскім эмбарга на пастаўку зброі, а тым часам чыноўнікі беларускага ўраду заплюшчваюць вочы на гэтыя зьдзелкі.

Хаця й сумна, што беларуская зброя адказная за працяглыя грамадзянскія войны й унутраную барацьбу ў такіх краінах, як Таджыкістан, Ангола й Альжыр, аднак асабліва непакоіць тое, што Судан – краіна, дзе жыў Усама бін Лядэн і якая вядомая як прыстанішча для тэрарыстаў, – атрымаў ад Беларусі такія выпрабаваныя й магутныя сыстэмы зброі, як танкі Т-55 і вайсковыя гелікоптэры Мі-24. Зброя, дасланая зь Беларусі ў Судан, альбо трапляе ў рукі тэрарыстаў, альбо выкарыстоўваецца ў грамадзянскай вайне, якая ўжо забіла больш як 2 мільёны чалавек, – піша The Washington Post.

Лукашэнкавы намаганьні прадаваць зброю, каб забясьпечыць вельмі патрэбны даход для ягонай заняпалай эканомікі, як падаецца, ня маюць межаў. Для краіны з насельніцтвам 10 мільёнаў чалавек ня ёсьць нармальным тое, што Беларусь з году ў год займае месца ў дзясятцы краінаў з найбольшым экспартам зброі, – піша газэта. – Каб зразумець, наколькі шмат вайсковага абсталяваньня са спадчыны Савецкага Саюзу Лукашэнка мае ў сваім распараджэньні, улічыце наступны факт: беларуская армія мае 1700 баявых танкаў Т-72. Польша, новы сябра НАТО з найбольш магутнай арміяй у Цэнтральнай Эўропе й насельніцтвам у 4 разы большым за Беларусь, мае толькі 900 танкаў Т-72.

Няглядзечы на моцныя абвяржэньні з боку Лукашэнкі, Беларусь ёсьць ключавым партнэрам Садама Гусэйна ў ягоным намаганьні рэканструяваць і мадэрнізаваць магчымасьці паветранае абароны Іраку. Беларусь парушыла міжнароднае права, сакрэтна паставіўшы Багдаду кампанэнты супрацьсамалётнае ракеты SA-3, а таксама тэхнікаў. Улічваючы тое, што Ірак спрабуе й спрабуе зьбіць амэрыканскія й брытанскія самалёты, што патралююць беспалётную зону ААН, – і такіх спробаў толькі сёлета было 420 – прыхаванае беларуска-ірацкае вайсковае супрацоўніцтва непакоіць і мусіць уключыць трывожныя званкі ў заходніх сталіцах, – піша The Washington Post.

Былы міністар абароны Беларусі Павал Казлоўскі, які відавочна мае зьвесткі зь першых рук пра прыхаваныя менскія зьдзелкі са зброяй, нядаўна падсумаваў супрацоўніцтва Беларусі зь Іракам ды іншымі дзяржавамі-махлярамі, заявіўшы: "Я ведаю, што беларускія ўлады ня маюць маральных прынцыпаў і можа прадаваць зброю гэтым краінам (кшталту Іраку), дзе існуююць эмбарга. Гэта крымінальная палітыка беларускага кіраўніцтва".

Гандлярысты й аўтарытарны Лукашэнка ў шмат чым адчувае, што мае вольныя рукі прадаваць зброю нацыям і групам, недружалюбным Захаду, таму што Эўрапейскі Зьвяз і Злучаныя Штаты ўсё адно не прызнаюць яго легітымным кіраўніком беларускае дзяржавы, – піша The Washington Post. – Пагрозы эканмічных санкцыяў на чале са Злучанымі Штатамі ці іншыя дыпляматычныя "ўдары" супраць Беларусі нясуць малую вагу, бо краіна ўжо ізаляваная да той ступені, што можна параўнаць толькі з горсткай іншых краін.

Толькі дзякуючы субсідыям у выглядзе танных энэрганосьбітаў з Расеі беларуская эканоміка застаецца наплыву. Паколькі Расея зьяўляецца адзінай краінай, што мае неабходны эканамічны й палітычны ўплыў на Беларусь, ёсьць імпэратывам, што Вашынгтон мусіць выкарыстаць ягоныя новыя дачыненьні з Масквой і заахвоціць расейцаў аказаць ціск сваімі рычагамі на Беларусь, каб спыніць прыхаваны продаж зброі дзяржавам-махлярам і тэрарыстычным групам, – піша газэта.

Ва ўсясьветных намаганьнях Бушавай адміністрацыі змагацца з тэрарызмам яна ня мусіць праглядзець малавядомую краіну якраз на мяжы з НАТО, – такімі словамі заканчвае артыкул уплывовая The Washington Post.


XS
SM
MD
LG