Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЭР Н’Ю-ЁРКУ, РУДОЛЬФ ДЖУЛІАНІ СТАЎ ЧАЛАВЕКАМ ГОДА ПАВОДЛЕ ТIME


Юры Дракахруст, Прага

Калі 11 верасьня сымбалі Амэрыкі – вежы-блізняты Ўсясьветнага гандлёвага цэнтру – былі ахутаныя дымам і агнём, мэр Н’ю-Ёрку Рудольф Джуліані, паводле ягоных словаў, прыгадваў фразу Ўінстана Чэрчыля, сказанаю напачатку другой Усясьветнай вайны: “Я не абяцаю вам нічога, апрача крыві, працы, поту й сьлёзаў”.

Тime прыгадвае надзвычайную, звышчалавечую энэргію кіраўніка Н’ю-Ёрку ў тыя жахлівыя гадзіны і дні. Менавіта ягоная рашучасьць, ягоная мужнасьць – адмысловы штаб мэра знаходзіўся літаральна побач з месцам катастрофы – у значнай ступені ўратавалі сытуацыю, дазволілі пазьбегнуць панікі. Аднак часопіс адзначае і больш глыбокую ролю, што адыграў для Амэрыкі мэр Н’ю-Ёрку.

Як такой панікі не было ані ў Амэрыцы, ані нават у Н’ю-Ёрку – быў
шок, была пэўная разгубленасьць перад пачварным выклікам. Людзі чакалі слова. “У гэты дзень Джуліані стаў голасам Амэрыкі,” – піша Тime. Звычайна жорсткі, не надта эмацыйны, у гэтыя дні мэр Н’ю-Ёрку знайшоў словы смутку і мужнасьці, якія дапамаглі Амэрыцы перажыць гэты боль, надалі волю і ўпэўненасьць.

Тime прыгадвае, што менавіта ў дзень амэрыканскай трагэдыі ў Н’ю-Ёрку прайшоў першы раўнд выбараў новага кіраўніка гораду, якія падвялі вынік двум тэрмінам праўленьня Джуліані. Паводле часопісу, калі б не 11 верасьня, у народнай памяці ён застаўся б добрым мэрам, але складаным чалавекам. Скарачэньне злачыннасьці на дзьве траціны, шырокамаштабнае будаўніцтва, паляпшэньне дабрабыту больш чым паўмільёна жыхароў гораду – такія вынікі праўленьня Джуліані. Але н’ю-ёркцы памяталі і няспынныя скандалы мэра з палітычнымі апанэнтамі, з мэдыямі, нарэшце, з уласнай жонкаю, якія выплюхваліся на экраны тэлебачаньня.

10 верасьня здавалася, што з гэткімі спрэчнымі ацэнкамі ён увойдзе ў амэрыканскую гісторыю. Але прыйшоў дзень 11 верасьня, і падалося, што быццам усё жыцьцё Рудольф Джуліані рыхтаваўся да гэтага дню. Дарэчы, нават лібэральныя амэрыканскія выданьні, не заўважаныя ў сымпатыях да мэра, іншымі словамі напісалі тое ж самае: нават хібы ягонага характару сталіся дарэчнымі ў гэты дзень.

Time адзначае, што цяпер Рудольф Джуліані, Руды, як называюць яго, застанецца ў гісторыі места, як найвялікшы мэр, больш славуты нават, чым Фярэлла Ля Гардыя, які кіраваў горадам у часе Вялікай дэпрэсіі. А біёграф Джуліані Рой Джэнкінс рэзюмаваў ролю мэра гэткімі словамі: “Джуліані здолеў зрабіць тое, што зрабіў Чэрчыль жахлівым летам 1940 году: ён здолеў стварыць ілюзыю, што мы абавязаныя перамагчы”.
XS
SM
MD
LG