Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

20 УГОДКІ ВАЕННАГА СТАНУ ЯРУЗЭЛЬСКАГА Ў ПОЛЬШЧЫ


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

Праз дваццаць гадоў па ўвядзеньні ваеннага стану, былыя кіраўнікі Польшчы працягваюць сьцьвярджаць, што гэта было найменшае зло, бо інакш краіну чакала бы інтэрвэнцыя савецкай арміі, а гэта значыць – паўстаньне і кроў. У падцьверджаньне, генэрал Войцэх Ярузэльскі цытуе Леаніда Брэжнева, які тады наўпрост казаў, што калі лёс сацыялістычнай Польшчы будзе пад пагрозай, то пад пагрозай апынецца таксама стабільнасьць ў Эўропе і ва ўсім сьвеце.

З другога боку, дзеячы апазыцыйнай “Салідарнасьці” упэўненыя, што ваенны стан быў ўведзены не дзеля таго, каб абараніць Польшчу перад інтэрвэнцыяй з боку СССР, а дзеля таго, каб разам з СССР зацягнуць агонію сацыялістычнага ладу.

На пачатку 80-х польская гаспадарка развальвалася, у крамах не было найасноўных тавараў, а улады польскіх местаў рыхтаваліся перавозіць людзей у вёскі, бо надзвычай халоднай зімой 1981-га існавала рэальная пагроза адключэньня ацяпленьня ў кватэрах.

Па ўвядзеньні ваеннага рэжыму эканамічны стан краіны амаль не выправіўся, затое пачаліся масавыя рэпрэсіі, некалькі дзясяткаў чалавек загінула, і праз доўгі час энэргія падзеленага народу, замест стваральнай працы, была скіраваная на барацьбу і супрацьстаяньне.

Разам з палякамі, удзел у тых падзеях бралі таксама й беларусы, якія жывуць у Польшчы. Журналіст Міхал Ахрыцюк з Гайнаўкі, які ў тый час настаўнічаў у невялікай вясковай школцы, узгадвае, што першай рэакцыяй вяскоўцаў на абвяшчэньне ваеннага стану быў страх. Ніякай дакладнай інфармацыі не было. Падавалася, што мясцовыя ўлады таксама ня ведалі, што рабіць.

(Ахрыцюк: ) “Зьявіліся першыя дзіўныя загады мясцовых уладаў. Нам даводзілася, напрыклад, вартаваць уначы школу. Гэта было трохі сьмешна, бо каму ж была патрэбная школка у далёкай вёсцы ля польска-беларускай мяжы?”

Да суполак “Салідарнасьці” далучаліся й беларусы ў тым ліку на вёсцы.
(Ахрыцюк: ) “Сярод беларусаў удзел у “Салідарнасьці” бралі галоўным чынам студэнты з Варшавы і Беластоку. Але былі і у вёсках. Прыкладам вялікая арганізацыя “Салідарнасьці” у вёсцы Дубічы-Царкоўныя Гайнаўскага павету была створаная беларусамі”.

Дзеля таго, каб беларусы не падтрымлівалі рух супраціву, афіцыйная прапаганда выдумляла розныя хітрыкі.

(Ахрыцюк: ) “Дзяржаўная прапаганда казала, што сябры “Салідарнасьці” ходзяць па вуліцах ды пазначаюць крыжыкамі хаты і кватэры, дзе жывуць беларусы, каб потым гэтых беларусаў, ня ведаю, хіба забіць, пазбыцца. Але ж гэта была толькі прапаганда”.

А вядомы польскі публіцыст і перакладчык беларускай літаратуры Чэслаў Сэнюк сустрэў ваенны стан у Варшаве. Вось як гэта было:

(Сэнюк: ) “Раніцай 13-га ў нядзелю выйшаў на вуліцу і раптам пабачыў, што яна мёртвая, толькі танкі стаяць і жаўнеры. Гэта быў першы знак ваеннага стану”.

(Карэспандэнт: ) “Скажыце, спадар Сэнюк, на вашую думку, ці было ўвядзеньне ваеннага стану гэтак званым “меншым злом”?”

(Сэнюк: ) “Я доўгі час спадзяваўся, что усё ж гэта было зроблена дзеля нацыі, дзеля захаваньня нашай дзяржаўнасьці. Мне, і ня толькі мне аднаму, хацелася верыць, што гэты генэрал у польскім мундзіры з польскім арлом, хоць і без кароны, думаў катэгорыямі нацыянальнымі. Цяпер я ведаю, што гэта ня так. Няма ніякіх сумненьняў, што тое, што сталася было зроблена супраць польскага народу і супраць польскай дзяржавы”.

(Карэспандэнт: ) “А ці можна параўнаць тое, што адбывалася ў тый час ў Польшчы з падзеямі ў цяперашняй Беларусі?”

(Сэнюк: ) “Мне здаецца, што на Беларусі цяпер больш агентаў вашага ўсходняга суседа, чымсьці нават у Польшчы часоў ваеннага стану”.

Спадар Сэнюк таксама дадаў, што рэчы кшталту пабудовы аўтамагістралі праз Курапаты ніколі не маглі быць магчымыя ў ягонай краіне нават у часе ваеннага стану, бо нават тагачасныя камуністычныя кіраўнікі Польшчы былі значна больш палякамі, чымсьці цяперашнія кіраўнікі Беларусі – беларусамі.

Варта адзначыць, што паводле апошніх сацыялагічных дасьледаваньняў праз два дзесяцігодзьдзі каля паловы палякаў дагэтуль лічаць, што увядзеньне ваеннага стану было слушным. Яшчэ надалей патрэбны час, каб грамадзтва змагло да канца асэнсаваць тыя падзеі, аднак адно ёсьць бясспрэчным фактам: лідар “Салідарнасьці” Лех Валэнса стаў першым прэзыдэнтам вольнай Польшчы ды атрымаў узнагароду Нобэля, а генэрал Ярузэльскі апынуўся на лаве падсудных за злачынствы, спраўленыя яшчэ за 10 гадоў да абвяшчэньня ваеннага стану.
XS
SM
MD
LG