Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЧЭСКІЯ ЎЛАДЫ АРЫШТАВАЛІ ЎЗБЭЦКАГА АПАЗЫЦЫЯНЭРА, ЯКІ ПРЫЕХАЎ У ПРАГУ НА ЗАПРАШЭНЬНЕ НАШАГА РАДЫЁ


Юры Дракахруст, Прага

Сёньня праскі суд прыняў рашэньне пакінуць Мухамада Саліха пад вартаю, пакуль урад Узбэкістану рыхтуе запыт аб ягонай выдачы.

Мухамад Саліх, кіраўнік партыі ЭРК (Свабода), на прэзыдэнцкіх выбарах у 1991 годзе быў канкурэнтам Ісьляма Карымава ў барацьбе за пасаду кіраўніка дзяржавы. Тады паводле афіцыйных дадзеных перамог Карымаў. З 1994 года Мухамад Саліх жыве ў эміграцыі, у 1999 годзе ён атрымаў палітычны прытулак у Нарвэгіі. Пра перадгісторыю і абставіны яго ўчорашняга арышту распавядае супрацоўніца Ўзбэцкай службы нашага Радыё Заміра Эйшанава.

(Эйшанава: ) “Узбэцкі ўрад яшчэ з 1992 году абвінавачвае Мухамада Саліха ў розных злачынствах. Самыя цяжкія абвінавачаньні былі прад’яўленыя пасьля тэрарыстычных актаў 16 лютага 1999 году. Адразу ж пасьля гэтых тэрактаў ўлады абвінавацілі сп-ра Саліха, што ён разам з Ісьлямскім Рухам Узбэкістану арганізавалі дзяржаўны пераварот і замах на жыцьцё прэзыдэнта Карымава. У лістападзе мінулага году Вярхоўны суд Узбэкістану прыгаварыў Мухамада Саліха да 15 з паловаю гадоў пазбаўленьня волі. У той жа час лідэры Ісьлямскага Руху Ўзбекістану Джуман Намангані і Тахір Юлдаш былі асуджаныя на сьмяротнае пакараньне. Ужо гэта сьведчыць пра тое, што няма сур’ёзных доказаў віны сп-ра Саліха, інакш яны і яго асудзілі б да сьмяротнага пакараньня. Пасьля гэтага Ташкент накіраваў запыт у Інтэрпол, каб аб’явіць Мухамада Саліха ў міжнародны вышук. Аднак Інтэрпол не прыняў гэты запыт. Але, як высьветлілася, узбэцкі Інтэрпол накіраваў запыт усім урадам. Міністэрства ўнутраных справаў Чэхіі прыняло гэты запыт і арыштавала сп-ра Саліха. Але падкрэсьліваю, Інтэрпол ня мае да гэтага дачыненьня”.

Гаварыла супрацоўніца ўзбэцкай службы нашага радыё Заміра Эйшанава.

Наколькі сур’ёзныя падставы маюць абвінавачаньні, вылучаныя Ташкентам супраць Мухамада Саліха? Вядома, што існуе Ісьлямскі Рух Узбэкістану, які сапраўды ўжывае гвалт і тэрор для дасягненьня сваіх палітычных мэтаў. Ізноў гаворыць Заміра Эйшанава.

(Эйшанава: ) “Мухамад Саліх – самы вядомы палітычны лідэр Узбэкістану, ён, магчыма, адзіны рэальны апанэнт Ісьляма Карымава. Яго пачалі перасьледваць адразу ж пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 1991 году. Тады, паводле неафіцыйных дадзеных, ён набраў больш галасоў, чым Карымаў. Пасьля выбараў улады ўзмацнілі ціск на сп-ра Саліха і кіраваную ім партыю “ЭРК” і ў 1994 годзе ён быў вымушаны пакінуць краіну. Ён сапраўды ў эміграцыі сустракаўся зь лідэрам Ісьлямскага Руху Ўзбэкістану Тахірам Юлдашам, сп-р Саліх гэта і сам прызнае. Аднак гэтыя сустрэчы – фактычна, адзінае, на чым узбэцкі ўрад грунтуе свае абвінавачаньні ў дачыненьні сп-ра Саліха да тэрарыстычных актаў. Але гэтага відавочна недастаткова. Мухамад Саліх казаў, што на гэтай жа падставе можна абвінаваціць і самога сп-ра Карымава, бо той таксама сустракаўся зь лідэрам Ісьлямскага Руху УЎбэкістану. Я хачу падкрэсьліць, што Мухамад Саліх атрымаў палітычны прытулак у Нарвэгіі ўжо пасьля тэрактаў 16 лютага 1999 году. І ужо тады Ташкент абвінавачваў яго ў дачыненьні да гэтых тэрактаў, і нарвэскія ўлады ўважліва правяралі гэтыя абвінавачаньні, але нарэшце адхілі іх. Мухамад Саліх ня мае дачыненьня да ісьлямскіх фундамэнталістаў, ён быў і застаецца галоўным лідэрам сьвецкай апазыцыі Ўзбэкістану”.

Гаварыла супрацоўніца Ўзбэцкай службы нашага Радыё Заміра Эйшанава.

Суд Прагі пакінуў лідэра ўзбэцкай апазыцыі пад вартаю, чакаючы з Ташкенту доказаў ягонай віны. Міжнародныя праваабарончыя арганізацыі Amnesty International і Human rights watch заклікалі неадкладна вызваліць сп-ра Саліха, яны лічаць абвінавачаньні на ягоны адрас палітычна матываванымі. Як стала вядома, Мухамад Саліх гатовы да дасьледаваньня сваёй справы – з чэскай вязніцы ён зьвярнуўся да ўладаў з просьбай прадаставіць яму палітычны прытулак у Чэхіі.

Аўтарытарныя рэжымы вельмі любяць абвінавачваць сваіх апанэнтаў у тэрарызме і забойствах. Некаторыя зь іх спрабуюць выкарыстаць цяперашнюю сытуацыю, калі міжнародная кааліцыя на чале ЗША вядзе змаганьне з сапраўднымі тэрарыстамі. Пры гэтым варта прыгадаць, што Ўзбэкістан адыгрывае важную ролю ў антытэрарыстычнай апэрацыі.

Справа Мухамада Саліха – своеасаблівая праверка, ці сталася для заходняй супольнасьці пасьля 11 верасьня праблема правоў чалавека другаснаю, падпарадкаванаю інтарэсам міжнароднай бясьпекі, ці яна па-ранейшаму застаецца самадастатковаю каштоўнасьцю.

XS
SM
MD
LG