Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У АФГАНІСТАНЕ ДЭБАТУЕЦЦА СКЛАД НОВАГА ЎРАДУ


Віталь Цыганкоў, Прага

“Мэта такой сустрэчы ў тым, каб сабраць лідэраў, што прадстаўляюць розныя часткі Афганістану, розныя плямёны і паглядзець, ці магчыма зараз утварыць урад на месцы і потым ствараць больш шырокую ўрадавую кааліцыю,” – падкрэсьліў Колін Паўэл. Тым ня менш адмысловаму пасланьніку ААН у Афганістане Францэску Вендрэлу пакуль не ўдалося дасягнуць пагадненьня з кіраўнікамі Паўночнага альянсу пра час і месца правядзеньня такога форуму. Афганскія пуштуны, якія складаюць большасьць насельніцтва краіны, відавочна, не пагодзяцца з тым, каб кіраваньне Афганістанам перайшло цалкам у рукі прадстаўнікоў Паўчночнага альянсу, якія пераважна зьяўляюцца этнічнымі ўзбэкамі і таджыкамі. Юзэф Пуштун, прадстаўнік зкінутага талібамі губэрнатара правінцыі Кандагар, заявіў сёньня ў пакістанскім горадзе Квэце:

(Пуштун: ) “Усе ведаюць, што дасюль у Афганістане няма законнага ўраду, ці гэта ўрад талібаў альбо Паўночнага альянсу – ён ня быў абраны народам. І адзіны шлях, каб пазьбегнуць далейшага кровапраліцьця альбо змаганьня за ўладу – гэта стварыць урад, абраны і ўхвалены народам, і адзіная магчымасць, як мы гэта можам зрабіць, гэта праз Лоя Джыргу”.

Нагадаем, Лойя Джырга – гэта асамблея старэйшынаў Афганістану. Тым часам зьяўляюцца паведамленьні, што некаторыя камандзіры Талібану ў асаджаным паўночным горадзе Кундуз гатовыя здацца сілам Паўночнага альянсу. Адзін з камандзіраў Паўночнага альянсу, Махідула, заявіў, што Талібан прапанаваў капітуляцыю, калі альянс гарантуе, што талібскія байцы неафганскага паходжаньня ня будуць забітыя, і калі назіраць за капітуляцыяй будуць прадстаўнікі ААН. Тым часам ўцекачы, якія здолелі зьбегчы з абложанага Кундуза, сьцьвярджаюць, што разам з талібамі там знаходзяцца тысячы арабаў і пакістанцаў. Гэтыя замежныя наёмнікі нават не давяраюць афганскім байцам Талібану і абмяжоўваюць іхнюю магчымасьць перасоўвацца па горадзе, каб не дапусьціць дэзэртырства. Уцекачы з Кундузу распавядаюць, што іншаземныя баевікі талібаў грамяць крамы і рэстараны, і арыштоўваюць кожнага, хто падазраецца ў сувязях з Паўночным альянсам.


XS
SM
MD
LG