Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МІЖНАРОДНЫЯ ЭКСПЭРТЫ ЛІЧАЦЬ, ШТО БУШ І ПУЦІН ДАСЯГНУЛІ НЕГАЛОСНАЙ ДАМОВЫ НА САМІЦЕ


Мікола Іваноў, Прага

Галоўны канкрэтны вынік саміту, як падкрэсьлівае бальшыня міжнародных камэнтатараў, быў дасягнуты ўжо ў першы дзень перамоваў, калі Буш і Пуцін абвясьцілі пра пляны скарачэньня амаль у тры разы ядзерных арсэналаў абедзьвюх краінаў.

У камэнтарах усясьветнага друку адзначаецца і тое, што бадай што яшчэ ніколі сустрэчы паміж лідэрамі абедзьвюх краінаў не адбываліся ў такой цёплай і сяброўскай атмасфэры.

“Лідэр новага стылю, рэфарматар, чалавек, які любіць сваю краіну так моцна, як я люблю маю краіну,” – так ахарактарызаваў Пуціна Буш, выступаючы перад жыхарамі малога тэхаскага мястэчка Кроўфард, дзе знаходзіцца ягонае ранча.

Пуцін таксама высока ацаніў Буша. “Мне вельмі прыемна мець дачыненьне з прэзыдэнтам Бушам, – заявіў ён, – які зьяўляецца асобай, чалавекам, які выконвае тое, што абяцае”.

Прэзыдэнты ня здолелі, як вядома, знайсьці кампраміс у пытаньні скасаваньня дагавору аб супрацьракетнай абароне 1972 году, аднак, міжнародныя палітычныя камэнтатары адзначаюць, што цяперашнія адносіны паміж абедзьвюма краінамі, як і асабістыя адносіны паміж прэзыдэнтамі, нагэтулькі цёплыя і нават сардэчныя, што паразуменьне ў гэтай справе непазьбежнае.

Буш падсумаваў галоўныя вынікі саміту наступным чынам:

(Буш: ) “Мы абодва абяцаем скараціць колькасьць нашай ядзернай зброі, наступальнай зброі такім чынам, каб зрабіць сьвет больш бясьпечным. Мы гаворым пра спосабы супрацоўніцтва ў галіне барацьбы супраць тэрарызму і нераспаўсюджваньня зброі. Мы абмяркоўваем шляхі, каб нашы гаспадаркі маглі расьці разам. Мы размаўляем пра якасна новыя ўзаемаадносіны”.

Буш, зразумела, выступаў з пазыцыі больш моцнага партнэра, які ў рэшце рэшт можа сабе дазволіць выйсьці з дагавору 1972 году і ў аднабаковым парадку пачаць разгортваньне амэрыканскай нацыянальнай сыстэмы супрацьракетнай абароны.

Калесты Валандэр, дырэктар Расейскай і Эўраазіяцкай праграмы Вашынгтонскага цэнтру стратэгічных і міжнародных дасьледаваньняў, лічыць, што Пуцін не без падставаў выказаў на саміце аптымізм на тэму дасягненьня кампрамісу ў справе супрацьракетнай абароны.

(Валандэр: ) “Я думаю, што ў расейскім кіраўніцтве ёсьць мудрыя людзі, якія разумеюць, што калі ня будзе перагляду дагавору аб супрацьракетнай абароне, якое б дазволіла ЗША працягваць тэсты і выпрабаваньні новай сыстэмы цяпер, адміністрацыя Буша папросту можа адмовіцца ад дагавору і выйсьці зь яго”.

Тэд Карпэнтэр, экспэрт у міжнародных справах Навукова-дасьледчага Інстытуту Като ў Вашынгтоне лічыць, што Буш і Пуцін ужо дасягнулі адпаведны кампраміс у справе Дагавору аб супрацьракетнай абароне, але не агалосілі яго. Гэта дало Пуціну магчымасць, выступаючы з пазыцыі слабога, захаваць твар. У выніку, саміт закончыўся перамогай Пуціна, але такой, якую Буш мог яму дазволіць.

(Карпэнтэр: ) “Я думаю, што Пуцін вельмі па-мастацку разыграў сваю слабую ролю. Ён ведае, што ЗША зьбіраюцца працягваць выпрабаваньні сваёй супрацьракетнай сыстэмы, што б Расея не гаварыла на гэтую тэму. Аднак, прадстаўлючы сябе ў якасьці чалавека, гатовага да супрацоўніцтва, ён здолеў атрымаць ад ЗША выразную саступку ў галіне памераў стратэгічных арсэналаў, саступку, якая напэўна пойдзе на карысць Расеі і якую ён здолее прадставіць дома ў якасьці значнага дасягненьня расейскай дыпляматыі”.

Міжнародныя экспэрты лічаць, што Буш і Пуцін на працягу бліжэйшых месяцаў дапрацуюць дасягнуты кампаміс у галіне супрацьракетнай абароны і абвесьцяць пра вынікі іх працы падчас плянаванага візыту Буша ў Расею ў наступным годзе.

XS
SM
MD
LG