Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ВЯЛІКАЙ БРЫТАНІІ ЧАСТКОВА ПРЫПЫНЕНА ДЗЕЯНЬНЕ ЭЎРАПЕЙСКАЙ КАНВЭНЦЫІ АБ ПРАВАХ ЧАЛАВЕКА


Мікола Пачкаеў, Лёндан

Фактычна, сёньняшнім актам у Брытаніі афіцыйна абвяшчаюцца элемэнты надзвычайнага становішча. На гэтай падставе ўрад перапыняе дзеяньне ў краіне паасобных частак Эўрапейскай Канвэнцыі аб чалавечых правах. А менавіта, паводле гэтага закону, улады будуць мець права затрымоўваць на тэрмін да 6 месяцаў, без суда, асобаў падазраваных у сувязях з тэрарыстамі, напрыклад, адразу на памежным кантролі.

Каб паставіць новы закон у кантэкст сытуацыі, варта нагадаць, што яго абвяшчэньне практычна супала зь дзьвюма іншымі падзеямі. Па-першае, афіцыйна прызнана, што брытанскія наземныя сілы праводзяць спэцапэрацыі на тэрыторыі Афганістану. Па-другое, зьявіліся і першыя брытанскія ахвяры ў гэтай вайне: гэта – два маладыя мусульманіны з Эссэкса, якія былі завэрбаваныя ў Брытаніі адной радыкальнай мусульманскай групоўкай і паехамі змагацца на баку Талібану сярод, як мяркуецца, дзясяткаў іншых. Цяпер яны афіцыйна абвешчаныя зьніклымі бязь вестак, і праўдападобна загінулі. Сапраўды, нягледзячы на запэўненьні Тоні Блэйра, што вайна не накіравана супраць ісьляму, і заяву 5 брытанскіх парлямэнтароў-мусульманаў з падтрымкаю ўраду, некаторыя мусульмане ў краіне разглядаюць цяперашнюю кампанію сапраўды як накіраваную супраць іхнай рэлігіі. Падаецца, што ўрад уважае, што найбольшую небясьпеку ўяўляюць нават ня самі такія настроі, а тое, як іх можа скарыстаць міжнародная тэрарыстычная сетка – а таму менавіта на змаганьне з гэтай сеткай і скіраваныя цяперашнія надзвычайныя законы.

Гэтак, у сувязі з новым анты-тэрарыстычным актам, гаворка ідзе пра па-за судовае затрыманьне тых асобаў, якія – паводле заканадаўства ня могуць быць дэпартаваныя з Брытаніі адразу у краіну свайго паходжаньня, бо ў іх краінах існуюць асабліва брутальныя рэжымы – напрыклад Афганістан, а таксама ня могуць быць затрыманыя без судовага рашэньня – на падставе эўрапейскай канвэнцыі. Крытыкі ўраду раней казалі, што Брытанія зьяўлялася часам прытулкам для тых, хто хаваўся ад пакараньня за сваю тэрарыстычную дзейнасьць у іншых краінах. Цяпер жа, кіраўнік брытанскага міністэрства ўнутраных справаў David Blunkett кажа пра дзясяткі асобаў, да каго ўрад мяркуе ужыць новы закон.

XS
SM
MD
LG