Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ЭЎРАБАНК ПАПЯРЭДЖВАЕ: НЕ МЯНЯЙЦЕ ДАЛЯРЫ НА ЭЎРА Ў ВАЛЮТЧЫКАЎ!


Алена Панкратава, Прага

Пачынаючы ад 2002 году, ў 12 эўрапейскіх краінах будзе дзейнічаць адзіная эўрапейская валюта –эўра. Увядзеньне ў зварот гэтае новай валюты выклікала шмат пытаньняў, сярод жыхароў як Заходняй, так і Цэнтральнай дый Усходняй Эўропы.

Трэба сказаць, што агульная эўрапейская валюта афіцыйна існуе ў Эўропе, пачынаючы з 1-га студзеня 1999, але для банкіраў і біржавых брокераў. Паралельна на бірках розных тавараў у крамах сталі зьяўляцца цэны ў “эўра”. Зразумела, ня ўсе жыхары Эўропы ў захапленьні ад будучай валюты. Асабліва немцы.

Згодна апытаньням, каля 60 адсоткаў насельніцтва краіны скептычна ставяцца да грошай, якія заменяць маркі. Большасьць зь іх перажылі дзьве грашовыя рэформы. Многія з тых, хто меў нейкія назапашваньні, у выніку згубіў іх. Але, нават нягледзячы на перажытыя рэформы, немцы з гонарам ставяцца да сваёй валюты, якая на працягу апошніх 50 –ці год была асновай нямецкага дабрабыту. І вось цяпер дойчмарка павінна зьнікнуць.

Паколькі нямецкая марка на працягу доўгага часу была ня толькі асноваю нямецкага дабрабыту, але і сыбалем нямецкай эканамічнай стабільнасьці за мяжой, многія жыхары іншых эўрапейскіх краінаў, а таксама Турэччыны ў выніку высокай айчыннай інфляцыі пачалі ўкладаць менавіта ў нямецкую валюту.

Паводле дадзеных Бундэсбанку, які выконвае функцыі Цэнтральнага банку ФРГ, прыблізна трэцяя частка ўсіх нямецкіх купюраў “круціцца” не ў Нямеччыне. Такім чынам, за межамі краіны прыйдзецца абмяняць ажно 80 мільярдаў нямецкіх марак.

Многія з тых, хто назапасіў менавіта дойчмаркі (тыя ж жыхары Косава ці Чарнагорыі, дзе нямецкая валюта”хадзіла” паралельна з нацыянальнай) у паніцы пачалі мяняць нямецкую валюту на даляры. У роспачы і жыхары Расеі, Украіны, Беларусі, у мінулым гэтак званыя “усходнія рабочыя”, якія зараз атрымліваць грашовую кампэнсацыю ад ФРГ.

Большасьць зь іх захоўвае грошы ў гэтак званых панчохах. Абменьваць дойчмаркі на даляры зараз ня выгадна дый не заўсёды магчыма.

У гэтым зьвязку Эўрабанк раіць усім пачакаць рабіць падобныя абменныя апэрацыі: найлепш, пачынаючы з 1-га студзеня пераводзіць нямецкую валюту ці валюты іншых 12 краінаў ЭЗ ў “эўра”. Гэта магчыма будзе зрабіць ў любым цэнтральным банку неэўразьвязаўскай краіны, у тым ліку і Беларусі.

Тым часам, экспэрты папярэджваюць грамадзянаў не рызыкаваць з абменам раней 1-га студзеня 2002. Вельмі небясьпечна карыстацца паслугамі вулічных “валютчыкаў”, у тым ліку і пасьля 1-га студзеня.

Нямецкі Бундэсбанк ужо распачаў інфармацыйную кампанію па “эўра”. Жыхарам усходнеэўрапейскіх краінаў, якія маюць дойчмаркі, але не давяраюць сваім нацыянальным банкам, раяць адкрываць рахункі ў Нямеччыне і класьці на іх сваю наяўнасьць. Гэта найбольш надзейны і прыбытковы спосаб абмену. Паводле кіраўніцтва Бундэсбанку, абмен можна зрабіць ў неабмежаванай колькасьці і на працягу неабмежаванага часу.

Вывад: - Гаварыла АП. Паводле эўрапейскіх банкіраў і палітыкаў, ўвядзненне агульнай валюты “эўра” будзе дэманстраваць ролю эўрапейцаў у сьвеце. Лічыцца, што для гэтага ўжо цяпер ёсьць падставы: сусветныя цэны на нафту фармуюцца зараз ня толькі на аснове даляру, але і “эўра”. Арабскія нафтавыя кампаніі пайшлі на гэта, жадаючы пазбавіцца залежнасьці ад амерыканскай валюты.
XS
SM
MD
LG