Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ТУРНЭ ПРЭЗЫДЭНТА ПАКІСТАНУ МУШАРАФА


Юры Сьвірко, Прага

Прэзыдэнт Пэрвэз Мушараф на шляху ў ЗША прыбыў сёньня ў сталіцу Ірану. Афіцыйнае агенцтва навінаў ІРНА паведаміла, што ў часе гэтага нечаканага кароткага візыту ў Тэгеран прэзыдэнт Мушараф меў перамовы зь першым віцэ-прэзыдэнтам Ірану Мухамадам Рэза Арэфам наконт двухбаковых стасункаў і асабліва крызысу ў суседнім Афганістане.

А ў ЗША Пэрвэз Мушараф будзе браць удзел у надзвычайнай сесіі Генэральнае асамблеі ААН у Нью-Ёрку, якая пачынаецца ў гэтыя выходныя. Акрамя ўдзелу ў сесіі Генасамблеі, прэзыдэнт Пакістану, як чакаецца, сустрэнецца з амэрыканскім прэзыдэнтам Джорджам Бушам.

Пасьля Тэгерану пакістанскі лідэр Пэрвэз Мушараф паляцеў у Стамбул. І адразу пасьля прыбыцьця пакістанскі прэзыдэнт заявіў, што спадзяецца на прыпыненьне бамбаваньня Афганістану ў часе Рамадану, які пачынаецца ў гэтым месяцы. Генэрал Мушараф адхіліў сьцьверджаньні, што экстрэмісты могуць зрынуць ягоны ўрад, бо той падтрымлівае антытэрарыстычную кампанію на чале са Злучанымі Штатамі.

Прэзыдэнт Мушараф заявіў, што Пакістан ёсьць вельмі памяркоўнай ісьлямскай краінай. На ягоную думку, тыя экстрэмісты, пра якіх пішуць газэты ды якіх паказвае тэлебачаньне, гэта вельмі нязначная меншасьць. Паводле генэрала Мушарафа, на апошніх выбарах кандыдаты, якіх падтрымлівалі рэлігійныя партыі, атрымалі менш за 2 адсоткі месцаў, таму ў Пакістане няма экстрэмізму.

Усё гэта Пэрвэз Мушараф заявіў у Стамбуле, а пазьней прэзыдэнт Пакістану будзе мець перамовы ў Парыжы са сваім французкім калегам Жакам Шыракам і ў Лёндане з брытанскім прэм’ер-міністрам Тоні Блэрам. Заходнія лідэры будуць абмяркоўваюць сытуацыю ў Афганістане ня толькі з пакістанскім лідэрам, але й з кіраўніцтвам іншых суседніх краінаў. Пакуль пакістанскі прэзыдэнт з прыпынкамі ляціць у ЗША, туды ж накіроўваецца прэм’ер-міністар суседняе Індыі Аталь Біхары Ваджпаі.

Учора індыйскі прэм’ер сустрэўся з расейскім прэзыдэнтам Уладзімерам Пуціным. Абодва лідэры падпісалі дэклярацыю пра барацьбу з міжнародным тэрарызмам. Пуцін выказаўся за тое, каб Індыя адыгрывала больш значную ролю ва ўсталяваньні пасьляталібскага ўраду ў Афганістане.

Як і прэзыдэнт Пакістану Мушараф, індыйскі прэм’ер Ваджпаі сустрэнецца ў Вашынгтоне з прэзыдэнтам ЗША Джорджам Бушам, а на зваротным шляху ў Лёндане – з кіраўніком брытанскага ўраду Тоні Блэрам.

Сёньня з Пакістану прыйшла яшчэ адна навіна. Афіцыйны Ісьлямабад папрасіў амбасадара талібаў у Пакістане спыніць крытыку іншых краінаў у часе прэсавых канфэрэнцыяў амбасадара з міжнароднай трансьляцыяй. Прэсавы сакратар пакістанскага міністэрства замежных справаў Азіз Ахмад Хан заявіў сёньня, што амбасадар талібаў Абдул Салям Заеф быў выкліканы ў МЗС, дзе яго папрасілі выконваць дыпляматычныя нормы. Прадстаўнік МЗС дадаў, што дыпляматычныя правілы забараняюць дзяржаве выкарыстоўваць сваю амбасаду супраць любой трэцяй краіны.

Талібскі амбасадар часта ладзіць прэсавыя канфрэнцыі ў Ісьлямабадзе, у часе якіх абвіначвае ЗША ў тэрарызме й генацыдзе ў Афганістане. Гэтыя брыфінгі прыцягваюць вялікую ўвагу міжнародных сродкаў масавае інфармацыі, бо амбасадар у Ісьлямабадзе ёсьць адзіным замежным пасланьнікам талібаў. Пакістан – гэта адзіная краіна, якая прызнае Талібан, але яна таксама падтрымлівае міжнародную антытэрарыстычную кааліцыю на чале са Злучанымі Штатамі.
XS
SM
MD
LG