Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛУКАШЭНКУ НЕ ЗАПРАСІЛІ НА ВАРШАЎСКІ ФОРУМ


Уладзімер Глод, Менск

Cустрэча ў Варшаве афіцыйна названая "Форумам кіраўнікоў дзяржаваў і высокіх прадстаўнікоў краінаў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы". Мяркуецца, што ў ёй будуць удзельнічаць прадстаўнікі 15 краінаў гэтага рэгіёну. І ня толькі гэтага. Напрыклад, на форум назіральнікамі запрошаныя дэлегацыі Злучаных Штатаў Амэрыкі, Турэччыны ды Расеі, якія ў арганізацыю краінаў Цэнтральна-Эўрапэйскай ініцыятывы не ўваходзяць.

Паводле інфармацыі з дыпляматычных колаў, Беларусь таксама запрошаная ў Варшаву менавіта ў статусе назіральніка, хоць і ўваходзіць у Цэнтральна-Эўрапэйскую ініцыятыву. Чаму? Некаторыя лічаць, што Лукашэнку гэткім чынам даюць зразумець, што ён там не пажаданая асоба.

Але, з другога боку, Беларусь як эўрапейскую краіну не пакідаюць па-за межамі сустрэчы. І тут статус назіральніка якраз вельмі дарэчны — менавіта ён у дыпляматычнай практыцы дазваляе кіраўніку дзяржавы даслаць замест сябе на форум кагосьці іншага. У прыватнасьці, Урала Латыпава. Невыпадкова ў адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі асабліва падкрэсьліваюць, што сп. Латыпаву даручыў паехаць у Польшчу Аляксандар Лукашэнка. Сытуацыю камэнтуе Анатоль Лябедзька:

(Лябедзька: ) "Я думаю, што гэта добры прыклад пакрокавай стратэгіі адносна Беларусі. На сёньняшні дзень у бліжэйшай і сярэдняй пэрспэктыве міжнародная супольнасьць павінна ў стасунках зь Беларусьсю зыходзіць з формулы "мінус два". Гэта азначае, што патрэбна падтрымліваць кантакты, стасункі з усімі структурамі, за выключэньнем пэрсанальна Аляксандра Лукашэнкі і Нацыянальнага сходу як структуры.

Нам падаецца, што пакуль не пачаўся рэальны перамоўны працэс, і ня вырашаныя пытаньні, як і па якіх правілах у Беларусі будуць праходзіць наступныя кампаніі, і да таго часу, пакуль у нас не нармалізаваны палітычны клімат, гэтая схема павінна захоўвацца. Выбары, што адбыліся ў Беларусі, не даюць падставаў разглядаць Аляксандра Лукашэнку як легітымнага кіраўніка беларускай дзяржавы. Таксама як і вынікі выбараў у "палату прадстаўнікоў" не даюць мажлівасьці разглядаць "палату" як легітымны беларускі парлямэнт, які дзейнічае ў адпаведнасьці з прынцыпам падзелу ўладаў і прынцыпам парлямэнтарызму".

Беларускія ўлады прыкладалі вялікія намаганьні, каб Лукашэнка трапіў у Варшаву. І ня толькі па афіцыйных каналах. Некаторыя крыніцы паведамляюць пра тое, што гэтую тэму закранаў падчас свайго нядаўняга наведваньня Баўгарыі мітрапаліт Філарэт. Але Аляксандра Лукашэнку на форум так і не запрасілі.
XS
SM
MD
LG