Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАКУЛЬ НЯЯСНА, ЦІ ПРАЦЯГНУЦЬ САЮЗЬНІКІ КАМПАНІЮ Ў АФГАНІСТАНЕ ПАДЧАС РАМАДАНУ


Радыё Свабода.

(Радкевіч: ) “Беламу Дому залежыць на падтрымцы з боку мусульманскіх краінаў. Не ўлічыць рэлігійныя пачуцьці мільярду мусульманаў, гэта вялікая рызыка для цэласнасьці антытэрарыстычнай кааліцыі. У сьвятле апошніх паведамленьняў, чаго можна спадзявацца ў гэтай справе?”

(Бандарук: ) “Напэўна Злучаныя Штаты спрабуюць даведацца, што думаюць на гэты конт галоўныя ісьлямскія краіны. Трэба адзначыць, што адзінства антытэрарыстычнай кааліцыі мае ў вайне з тэрарызмам ключавое значэньне. Сёньня брытанскі прэм’ер Тоні Блэйр спрабаваў заручыцца нават падтрымкай з боку Сырыі. Той Сырыі, якую раней Злучаныя Штаты далучылі да сьпісу краінаў, што падтрымліваюць тэрарызм. Пасьля сустрэчы ў Дамаску з прэзыдэнтам Сырыі Асадам абодва яны падкрэсьлілі, што нельга атаясамліваць ісьлям з тэрарызмам. Усё гэта сьведчыць пра тое, што зараз, Вашынгтон і Лёндан шукаюць саюзьнікаў ўсюды, дзе толькі могуць. Адсюль сур’ёзная дылема ўзьнікае і ў выпадку рэлігійных пачуцьцяў мусульманаў. Калі на час Рамадану прыпыніць ваенную апэрацыю, для талібаў гэта будзе перадышка і час для перагрупоўкі іхных сілаў. Не ўлічыць рэлігійныя пачуцьці мусульманаў, сьвяты для іх месяц Рамадан, гэтым можна выклікаць хвалю абурэньня ў ісьлямскіх краінах. Дарэчы ўчора пра гэта гаварылі ў часе сумеснай прэс-канфэрэнцыі ў Пэнтагоне міністры абароны ЗША і Велікай Брытаніі: Рамсфэльд і Гун.

(Рамсфэльда: ) “Мы адназначна зацікаўленыя ў поглядах, думках і пачуцьцях. Кожная краіна мае свае асаблівасьці і асяродзьдзе, у якім жыве. Мы паважаем ўсё гэта”.

Ягоны брытанскі калега Джэф Гун выказаў падобную думку. Аднак зь ягоных слоў не вынікала, што ў палове лістапада саюзьнікі напэўна прыпыняць ваенную апэрацыю ў Афганістане:

(Гун: ) “Мы павінны ўлічыць гэтыя пачуцьці і мы ўлічым іх, але гэта не азначае, што мы зьменім свае намеры цягам пэрыяду посту. Пакуль што наша пазыцыя такая”.

Тут хачу дадаць, што ў пытаньні Рамадану пазыцыя прынамсі некаторых ісьлямскіх краінаў даволі прыхільная. Савудаўская Арабія не выступае за прыпыненьне атакаў. Галоўная для ЗША краіна ў рэгіёне – Пакістан, наагул заявіла, што налёты павінны працягвацца. Учора прэзыдэнт Пакістану Мушараф паведаміў, што ён ня будзе ўздымаць гэтае пытаньне і ў часе заплянавай на лістапад сустрэчы з прэзыдэнтам ЗША. Дагэтуль Мушараф прасіў толькі ЗША, каб яны пазьбягалі ахвяраў сярод цывільнага насельніцтва. Гэта зразумелае патрабаваньне. Дарэчы, да таго самага заклікаў і камісар ААН ў справах уцекачоў Любэрс”.

(Радкевіч: ) “Відавочна, пытаньне афганскіх ўцекачоў надзвычай праблемнае для ЗША. Разам з працягам налётаў іхная колькасьць расьце, і ААН перасьцерагае перад гуманітарнай катастрофай…”

(Бандарук: ) “Ацэньваецца, што зь першай паловы верасьня 80 тысяч афганцаў ўцяклі ў суседні Пакістан. Варта памятаць, што ў Пакістане ўжо жывуць агулам 3 мільёны афганскіх уцекачоў. Пакістан не адмаўляецца прымаць іх і надалей, гатовы адкрыць новыя лягеры, але кажа, што ён ня ў стане ўтрымаць іх. Пакістан абураны на тое, што ў 79-92-м гадох Захад прыпыніў фінансавую дапамогу ўцекачом і пакінуў Ісьлямабад сам-на-сам з гэтай праблемай. Такім чынам, каб апярэдзіць ўздым крытыкі з боку правабарончых арганізацыяў, міжнародная супольнасьць (ці можа канкрэтна ААН) мусіць ўзяць на сябе цяжар утрыманьня афганскіх уцекачоў”.

(Радкевіч: ) “У Злучаных Штатах наагул чуваць крытычныя галасы адносна спосабу вядзеньня вайны з талібамі і тэрарыстамі. Многія ўсьведамляюць, што яна зацягваецца, што можа закончыцца нічым. Ці ў сьвятле апошніх паведамленьняў, гэтыя настроі могуць мець ўплыў на далейшае разьвіцьцё падзеяў?”

(Бандарук: ) “Напэўна, іх нельга ігнараваць. Агульнавядома, што ў амэрыканцаў існуе сындром Віетнаму, бясплённай, працяглай вайны. Вось, напрыклад, камэнтатар New York Times Эпл піша, што вайна ў Афганістане не йдзе гэтак, як ЗША спадзяваліся. Талібы ня маюць намеру здавацца, бін Лядэн ня злоўлены і слабая надзея, што яго калі небудзь зловяць. Паўночны Альянс ня можа ўзяць пад свой кантроль стратэгічны горад Мазар-і-Шарыф і не прасунуўся ў бок Кабулу. Чарльз Краўтгамэр з Washington Post лічыць, што “ваенная кампанія ў Афганістане вядзецца млява і нерашуча”. “Паўсродкі, – кажа ён, – былі добрыя ў Віетнаме, дзе можна было прайграць і пратрываць. Вайна з тэрарызмам – гэта вайна з прымусу, як ІІ ўсясьветная вайна. Яе нельга прайграць, бо гэта справа жыцьця і сьмерці”. Іншы публіцыст Washington Post Уільям Крыстал лічыць, што ЗША павінны неадкладна распачаць буйнамаштабную наземную апэрацыю. Тое самае заяўляе ўплывовы сэнатар Джон МэкКэйн, які служыў ў Віетнаме. Гэтыя галасы адлюстроўваюць настроі ў амэрыканскім грамадзтве ў цэлым. Хопіць сказаць, што ў параўнаньні з 8-м кастрычніка, калі пачалася вайна ў Афганістане, амаль на палову зьменшылася колькасьць тых, хто верыць ў посьпех гэтай кампаніі, у тое, што Ўсама бін Лядэн будзе злоўлены, і што захаваецца антытэрарыстычная кааліцыя. Таксама ўсё больш амэрыканцаў ня вераць ў тое, што краіна здольная прадухіліць наступныя тэракты. Такім чынам, Злучаным Штатам патрэбныя хуткія і бліскучыя посьпехі, якіх пакуль няма”.


XS
SM
MD
LG