Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АФІЦЫЙНЫЯ АСОБЫ ЗША І ВЯЛІКАЙ БРЫТАНІІ НЕ АДКІДАЮЦЬ МАГЧЫМАСЬЦІ ПРАЦЯГУ АПЭРЫЦЫІ Ў МЕСЯЦ РАМАДАН


Віталь Тарас, Прага

Выступаючы перад заканадаўчым сходам Уэльса, Тоні Блэйр, у прыватнасьці, сказаў:

“Рэжым талібаў у Афганістане абараняе Аль-Каіду і дапамагае ёй. Гэта факт. Больш за тое, згодна з апошнімі доказамі, якія мы маем, яны сёньня фактычна зьліліся ў адну арганізацыю. Рэжым талібаў жорсткі, дыктатарскі і рэпрэсіўны – што спрычынілася да зьяўленьня чатырох з паловай мільёны ўцекачоў яшчэ да 11 верасьня. Гэта таксама факт. І Ўсама бін Лядэн і Аль-Каіда заявілі, што яны абмяркоўваюць пляны новых тэрарыстычных атак. Мы вылучылі Талібану патрабаваньне выдаць іх. Яны адмовіліся”.

Тоні Блэйр падкрэсьліў далей, што Талібан і Аль-Каіда патрабуюць усё новых ахвяраў – улучна да зьнішчэньня дзяржавы Ізраіль і зьнішчэньня ўсіх гэбраяў.

(Блэр: ) “Мы маем групу людзей ў Афганістане, якія ёсьць заклятымі ворагамі ўсяго, на чым стаіць цывілізаваны сьвет, якія аднойчы зьдзейсьнілі забойствы ў шырокім маштабе і якія будуць забіваць ізноў, калі іх не спыніць. Зь імі ня можна весьці перамовы. Яны адмаўляюцца прызнаваць юстыцыю. І яны спадзяюцца толькі на адно: што мы як-небудзь саступім. Што мы страцім маральны дух альбо мужнасьць. Што мы здольныя пачаць, але ня хочам скончыць. Што мы спатыкнемся на старце. Што калі пачнуцца першыя перашкоды, мы пачнем нэрвавацца. Але яны памыляюцца. Бо мы ня будзем спатыкыцца. Мы ня спынімся датуль, пакуль нашая місія ня будзе выкананая”.

Паводле Блэйра, вайна ў Афганістане ня ёсьць спробай яго заваяваць, гэта вайна за права афганцаў самім вырашаць лёс сваёй краіны.

Прэм’ер-міністар Вялікай Брытаніі яшчэ раз падкрэсльіў у сваёй прамове:

“Мы не ваюем зь ісьлямам. Гэта Талібан і Аль-Каіда ваююць з усімі, хто, паводле іх перакананьня, не прымае іх маніакальна-фанатычны погляд на сьвет”.

Сёньня ж амэрыканскі генэрал Томі Фрэнкс, які камандуе вайсковай апэрацыяй у Афганістане, правёў перамовы ў Ташкенце з кіраўніцтвам Узбэкістану адносна сумесных дзеяньняў падчас апэрацыі “Нязломная свабода”. Ён правёў перамовы з прэзыдэнтам Узбэкістану Ісьлямам Карымавым, а таксама зь міністрам абароны і міністрам замежных справаў гэтай краіны. На прэсавай канфэрэнцыі генэрал Франкс сказаў аносна магчымага часу заканчэньня антытэрарыстычнай апэрацыі:

“Зразумела, я не лічу, што апэрацыя зайшла ў тупік. Я думаю, што прэзыдэнт Буш некалькі разоў і міністар абароны некалькі разоў запэўнівалі, што гэта будзе працягвацца так доўга, як трэба. І з майго гледзішча гэта ня ёсьць адсутнасьць выніку. Я лічу, што мы ўсталявалі час на гэтую апэрацыю і, па-сутнасьці, гэтым часам мы самі распараджаемся”.

Генэрал Фрэнкс паведаміў некаторыя дэталі праграмы свайго візыту ў Ташкент. Ён, у прыватнасьці, правёў перамовы зь лідэрамі розных апазыцыйных групаў як з паўднёвай часткі Афганістану, гэтак і з поўначы. Генэрал падкрэсьліў, што дапамога афганскай апазыцыі з боку ЗША павінна адпавядаць узаемным інтарэсам.

Адказваючы на пытаньне адносна мірных ахвяраў падчас цяперашняй антытэрарыстычнай апэрацыі ў Афганістане, камандуючы Томі Фрэнкс зазначыў:

“Іншы раз на вайне гінуць цывільныя асобы. Гэта сумна, але гэта таксама ёсьць вайна”.

У панядзелак генэрал Фрэнкс правёў перамовы з прэзыдэнтам Пакістану Пэрвэзам Мушарафам адносна ролі Пакістану ў антытэрарыстычнай апэрацыі. Пры гэтым Томі Фрэнкс, паводле ягоных словаў, не даваў ніякіх гарантыяў адносна таго – будуць альбо ня будуць Злучаныя Штаты Амэрыкі працягваць вайсковую акцыю падчас сьвятога для мусульманаў месяца Рамадан, які пачнецца ў сярэдзіне лістападу.

XS
SM
MD
LG