Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АТАКА АНТРАКСУ НА ЗЛУЧАНЫЯ ШТАТЫ ПРАЦЯГВАЕЦЦА


Радыё Свабода.

(Радкевіч: ) “Сяргей, якая на сёньняшні дзень статыстыка захворваньняў на сыбірскую язву?”

(Навумчык: ) “Алена, цяпер вось у выніку тэстаў пацьвердзілася захворваньне на сыбірскую язву, ці, як яе завуць у ЗША, антракс, паштальёнкі са штату Нью-Джэрзі. У яе найбольш цяжкая форма – лёгачная, якая звычайна мае лятальны вынік. Два супрацоўнікі пошты з Нью-Джэрзі маюць менш небясьпечную форму захворваньня. Нагадаю, што менавіта са штату Нью-Джэрзі, які мяжуе зь Нью-Ёркам, былі адасланыя канвэрты з антраксам у офіс сэнатара Дэшла і рэдакцыі некаторых сродкаў масавай інфармацыі.

У выніку сёньня ў ЗША на сыбірскую язву хварэюць трынаццаць чалавек. Шэсьць чалавек маюць лёгачную форму, сем – менш небясьпечную, скураную. Пяць чалавек знаходзяцца пад мэдычным кантролем – у іх ёсьць сымптомы хваробы, але ці гэта менавіта сыбірская язва – пакуль сказаць немагчыма”.

(Радкевіч: ) “Сяргей, цяпер інфармагенцыі паведамляюць пра новыя факты распаўсюджаньне спораў сыбірскай язвы ў Вашынгтоне, якая сытуацыя на цяперашні момант?”

(Навумчык: ) “Алена, споры сыбірскай язвы знойдзеныя ў офісе радыёстанцыі “Голас Амэрыкі”. Дэзынфікуецца будынак Вярхоўнага Суду ЗША – упершыню з 1930-х гадоў пасяджэньні Вярхоўнага Суда праводзяцца не ў ягоным стацыянарным будынку. Антракс пранікае менавіта праз пошту, і вось цяпер ён знойдзены ў паштовым аддзяленьні Лэндвэра, які абслугоўвае міністэрства юстыцыі. Пошта ў міністэрства не дастаўляецца ўжо некалькі дзён, таму што падозраньні ўзьніклі яшчэ равней (а паводле Канстытуцыі ЗША, міністар юстыцыі зьяўляецца Генэральным пракурорам)”.

(Радкевіч: ) “Сяргей, як камэнтуюць гэта прадстаўнікі ўладаў?”

(Навумчык: ) “Улады не выключаюць, што гэта – далёка не апошнія выпадкі. Кіраўнік апарату Белага Дому Эндру Кард выказаў меркаваньне, што могуць існаваць яшчэ некалькі пакетаў з антраксам, якія пошта яшчэ не пасьпела данесьці да адрасатаў. Аднак ён жа выказаў меркаваньне (відавочна, грунтуючыся на высновах аналітыкаў спэцслужбаў), што такіх пакетаў няшмат, і большасьці амэрыканцаў ня трэба турбавацца за сваё жыцьцё, калі яны атрымоўваюць пошту”.

(Радкевіч: ) “Выглядае, аднак, што калі для “сярэднестатыстычнага” амэрыканца пагроза антраксу сапраўды невялікая, дык для паштовых супрацоўнікаў існуе большая рызыка?”

(Навумчык: ) “Так, Алена, і выпадкі ў Нью-Джэрзі гэта пацьвярджаюць. Хаця, як высьвятляецца, супрацоўніца пошты Лора Джонс, пра сьмерьць якой спачатку паведамілі як пра сьмерць ад сыбірскай язвы – памерла ад гіпертаніі, і аналізы гэта пацьвердзілі. Але ёсьць вельмі актыўная рэакцыя прафсаюзу паштавікоў, які запатрабаваў зачыніць Морганаўскі цэнтар сартыроўкі пошты, што абслугоўвае Мангэтан і Бронкс. У дзевяціпавярховым будынку былі знойдзеныя споры антраксу, але адміністрацыя цэнтру заяўляе, што знойдзеныя яны былі толькі на трэцім паверсе, вынікі праверкі на астатніх паверхах нэгатыўныя, гэты паверх цяпер зачынены, а супрацоўнікам нічога не пагражае. І тым ня менш, сэнатар ад штату Нью-Ёрк Гілары Клінтан падтрымала паштовы прафсаюз, каб дамагчыся бясьпекі паштовых супрацоўнікаў”.

XS
SM
MD
LG