Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ВЯЛІКАЯ БРЫТАНІЯ ПАЦЬВЕРДЗІЛА ЎДЗЕЛ СВАІХ ВАЙСКОЎЦАЎ У НАЗЕМНЫХ АПЭРАЦЫЯХ У АФГАНІСТАНЕ


Радыё Свабода.

(Ціхановіч: ) “Мы ўжо распавядалі гэтымі днямі нашым слухачом пра дэбаты, якія адбываюцца ў Брытаніі у сувязі з вайной ў Афганістане. Ці ёсьць новыя падрабязнасьці наконт брытанскай ролі ў апэрацыях міжнароднай антытэрарыстычнай кааліцыі?”

(Пачкаеў: ) “Сёньня галоўнай навіною брытанскія СІМ падаюць заявы, зробленыя раніцай у парлямэнце Адамам Інгрэмам, які займае пасаду міністра ўзброеных сілаў у брытанскім Міністэрстве абароны. Ён пацьвердзіў пляны ўдзелу брытанскіх сілаў ў наземных апэрацыях у Афганістане. Дадатковыя падрабязнасьці наконт кантынгенту наземных войскаў, прызначаных для такіх апэрацыяў, былі абвешчаныя апоўдні і брытанскім Міністэрствам абароны. Пазьней сёньня аналягічную заяву зробіць таксама прэм’ер Тоні Блэйр.
Зрэшты, цалкам нечаканымі гэтыя зьвесткі ня сталіся, бо меркавалася, што некаторыя з 23000 брытанскага войска ў Амане будуць пакліканы да баявых дзеяньняў.

Гэтак, паводле брытанскіх заяваў, 200 каралеўскіх марскіх пехатынцаў з 40-е брыгады камандас застануцца ў рэгіёне гатовымі для неадкладных заданьняў, а яшчэ 400 будуць у стане гатоўнасьці да апэрацыяў на базах у Брытаніі. Асновай апэрацыі станецца брытанская марская групоўка, якая нясе ўдарныя сілы авіяцыі і ўключае таксама субмарыны з крылатымі ракетамі і службы падтрымкі, а авіяносьбіт Illustrious плянуецца пераабсталяваць пад носьбіт ударных і транспартных верталётаў для дастаўкі і падтрымкі войскаў у месцах баявых дзеяньняў”.

(Ціхановіч: ) “А якіх мэтаў плянуецца дасягнуць сіламі такой ня надта шматлікай групоўкі?”

(Пачкаеў: ) “Вядома, ваенная групоўка, акрэсьленая сёньня, недастатковая для правядзеньня, напрыклад, буйнамаштабных наземных апэрацыяў у Афганістане. Але гэта ёсьць выразным сьведчаньнем таго, што ваеннае кіраўніцтва кааліцыі прыйшло, як падаецца, да высновы, што адным бамбаваньнем і апэрацыямі малых групаў, напрыклад спэцыяльных аддзелаў САС, Талібану не перамагчы. З аднаго боку, САС, як мяркуюць брытанскія СМІ, напэўна ўжо праводзяць свае тайныя выведкава-дывэрсійныя рэйды ў тылах Талібаў. Але Каралеўская марская інфантэрыя здольная да крыху іншага кшталту апэрацыяў: яна валодае, напрыклад, уласнай палявой артылерыяй, і ў стане ня толькі наносіць нечаканыя ўдары, але пры неабходнасьці займаць і абараняць пазыцыі, якія пазьней могуць быць скарыстаныя як базы іншымі войскамі”.

(Ціхановіч: ) “Размовы пра ўдзел брытанскіх наземных сілаў у апэрацыях у Афганістане ідуць ўжо даводі даўно: у чым значэньне менавіта сёньняшняй заявы брытанскага ўраду?”

(Пачкаеў: ) “Сёньняшнія заявы, як падаецца, маюць перадусім важнае палітычнае значэньне. Упершыню пададзеныя канкрэтныя дэталі наконт сілаў, прызначаных для баявых дзеяньняў. Такое практычнае пацьверджаньне гатовасьці перайсьці да далейшай фазы ваенных дзеяньняў – гэта з аднаго боку натуральнае разьвіцьцё ваеннай апэрацыі, а з другога – важная адзнака палітычнай рашучасьці давесьці вайну да перамогі. Гэта таксама вельмі своечасовы адказ на пэўную фрустрацыю некаторай часткі брытанскіх палітыкаў і публікі адносна той тактыкі, якой альянс прытрымоўваўся дагэтуль. Па-першае, многім падаецца, што бамбаваньне дэманструе малую эфэктыўнасьць супраць улады Талібану. Па-другое, напрыклад, сёньня ў парлямэнце брытанскія лібэральныя дэмакраты зноў крытыкавалі тактыку паветраных бамбардыровак за ахвяры, якія яна часам спрычыняе сярод цывільнага жыхарства, і патрабавалі забараніць, напрыклад, выкарыстаньне касэтных бомбаў. Тымчасам з камэнтароў брытанскіх палітыкаў і аглядальнікаў можна зрабіць выснову, што крыху парадаксальна, але ўдзел брытанскіх жаўнераў у наземных ваенных апэрацыях карыстаецца тут сёньня нашмат больш аднагалоснай падтрымкай, чым нават паветраныя ўдары”.

XS
SM
MD
LG